Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы больш сьціпла праводзім выбарчую кампанію"


Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у інтэрвію Свабодзе сярод іншага камэнтуе тэму байкоту выбараў.

"Ініцыятыўныя групы маглі рабіць пікеты, чаго не дапускалася раней"
Соўсь: "Калі параўноўваць усе выбарчыя кампаніі, дзе вы працавалі, якія зьмены зрабіў Цэнтарвыбаркам сёлета?"
Лазавік: "Цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць у больш лібэральных абставінах, больш мягкага ўжываньня Выбарчага заканадаўства ў дачыненьні да ўсіх суб'ектаў выбарчага працэсу. Асабліва лібэралізм гэты праявіўся ў выяўленьні асобных парушэньняў у хадзе фармаваньня і рэгістрацыі ініцыятыўных груп пры вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты. Цэнтральная выбарчая камісія арыентавала нізавыя структуры, акруговыя выбарчыя камісіі на тое, каб жорсткія санкцыі не выкарыстоўваліся, але абмяжоўваліся мерамі папераджальнага характару.
Я думаю, што гэта асноўнае, што характарызуе цяперашнюю выбарчую кампанію.
На адрас адміністрацый, якія, бывала, у часе выбарчых кампаній жорстка рэглямэнтавалі агітацыйную кампанію, таксама быў зварот Цэнтральнай камісіі з просьбай больш лібэральна падыходзіць да дзейнасьці ініцыятыўных груп, кандыдатаў у дэпутаты, давераных асоб. У прыватнасьці, для збору подпісаў без рэгістрацыі ў адміністрацыі, без дазволу адміністрацыі чальцы ініцыятыўнай групы маглі рабіць пікеты, чаго не дапускалася раней, што раней узгаднялася з адміністрацыяй.
Больш свабодна распаўсюджвалася друкаваная прадукцыя. Нават факты датэрміновай агітацыі, якая была арганізаваная шэрагам палітычных партый, была выпушчаная спэцыяльная агітацыйная прадукцыя, - яшчэ да рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, - нават гэты факт, па-сутнасьці, мы пакінулі без рэакцыі.
Адбіралі ня лепшых, а каго можна паставіць у строй
Соўсь: "А факт, што 0.07% прадстаўнікоў апазыцыі ўвайшлі ў склад выбарчых камісій. Як Вы лічыце, гэта можа быць падставай для непрызнаньня выбараў міжнароднай супольнасьцю?"
Лазавік: "Гэта ня можа нават быць падствай для сур'ёзнай крытыкі. Па вельмі простай прычыне: калі мы палічым, колькі на сёньняшні дзень у нас чальцоў палітычных партый, усіх разам, іх удзельная вага ў выбарчых камісіях, то ўдзельная вага іх у камісіях большая, чым у грамадзтве. Больш за тое, заяўкі сяброў апазыцыйных партый на ўключэньне ў склад камісій, былі выкананыя недзе на 50-70 працэнтаў. І прапановаў масавых такіх не было. А калі сярод прапанаваных кандыдатураў былі грамадзяне, якія жывуць у Польшчы, у ЗША, грамадзяне, якія маюць судзімасьць за выраб фальшаваных грошай, ну, прабачце, відаць, варта сказаць, што й якасьць прапанаваных кандыдатаў у склад камісій, было ня самым лепшым.
Складаецца ўражаньне, што адбіралі ня лепшых, а толькі тых, каго, можна сказаць, магчыма паставіць у строй. Гэта, відаць, не зусім правільны падыход з боку некаторых палітычных партый.
Соўсь: "А ці можна ў Беларусі зрабіць празрыстыя скрыні на ўсіх выбарчых участках? Ня толькі ў Слоніме..."
Лазавік: "Ды калі ласка... Няхай робяць. Я яшчэ раз паўтараю тое, што неаднаразова паўтараў - празрыстасьць выбарчых скрыняў гэта ня ёсьць празрыстасьць выбараў... Гэта прафанацыя празрыстасьці выбараў, калі да гэтага зводзіць. Празрыстасьць скрыні... Скрыня зьяўляецца ўсяго толькі скрыняй для бюлетэняў. А нас цікавіць сам працэс. Ніякай забароны на выраб скрыняў няма. І хто жадае і мае сродкі, можа вырабляць празрыстыя скрыні і выкарыстоўваць іх пры галасаваньні..."
Соўсь: "Вось у другой прамежкавай справаздачы місіі АБСЭ гаварылася Соўсь: "У другой прамежкавай справаздачы місіі АБСЭ гаварылася, што Цэнтарвыбаркам дагэтуль не адказаў, ці будуць яны мець паўнавартасны доступ да падліку галасоў. Як на такі закід Вы б маглі адказаць?"
Лазавік: "Мы на гэтае пытаньне адказалі і ўжо не аднойчы. Усе назіральнікі будуць мець магчымасьць назіраць за падлікам галасоў. Больш дадаць тут няма чаго".
Першапачатковыя мэты ў іх былі ня ўдзельнічаць у выбарах
Соўсь: "Многія прадстаўнікі апазыцыі тут здымаюцца з выбарчай кампаніі. Ну як Вы лічыце - байкот, які будзе, - ён можа нейкім чынам паўплываць на хаду кампаніі?"
Лазавік: "Гэта не байкот. Гэта проста сыход у бок тых палітыкаў, якія ці лічаць немэтазгодным удзел у кампаніі, вось, напрыклад, я пачытаў - спадарыня Севярынец заявіла, што яна свае функцыі ўжо выканала, яна мела магчымасьць выказаць сваю пазыцыю і далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі ўжо для яе немэтазгодны.
Іншыя, магчыма, бачаць, што разьлічваць на выйгрыш у кампаніі няма сэнсу, таму яны і зьняліся. Ну а тое, што ўмовы для тых, хто здымаўся з выбараў, былі створаныя нармальныя: у мяне ў гэтым няма сумненьня. І, хутчэй за ўсё, палітыкі, якія ад пачатку, яшчэ да рэгістрацыі заяўлялі, што на гэтыя выбары ісьці ня варта, яны будуць недэмакратычнымі, у іхных плянах было байкатаваць выбары, - тым ня менш паводле нейкіх прычын яны заявілі пра ўдзел, зарэгістраваліся, а толькі пасьля вырашылі ня ўдзельнічаць у якасьці кандыдатаў на выбарах. Але гэта, як гаворыцца, іх справа. Першапачатковыя мэты ў іх былі - ня ўдзельнічаць у выбарах, а менавіта прадэманстраваць свой удзел, а пасьля зьняцца. Гэта іх асабістыя пляны.
Я думаю, у цэлым для выбарчай кампаніі тут вялікай страты ня будзе".
Соўсь: "Вось у Беларусі ня так бачныя ня так бачныя працэсы агітацыі, выбарчыя ўлёткі, плякаты. Ня так шмат сустрэчаў з кандыдатамі. З чым Вы гэта зьвязваеце?"
Лазавік: "Я скажу, што ў нас у Беларусі традыцыйна ідуць спакойныя выбарчыя кампаніі, цяперашняя выбарчая кампанія можа быць ідзе нават больш актыўна, чым папярэднія, я такой высновы не раблю. Калі, канечне, параўноваўць з тымі "майданамі", якія ва Ўкраіне праходзяць у часе выбараў, альбо з тымі вялізарнымі шоў, што ў ЗША, то, відаць, мы больш сьціпла праводзім выбарчую кампанію.
Але ж галоўнае, не зь сьцягамі пахадзіць. А давесьці сваю плятформу да свайго выбарца. Менавіта такую мэту павінен ставіць кандыдат у дэпутаты. І калі ён працуе ў сваёй выбарчай акрузе, сустракаецца зь людзьмі, натуральна, мэта агітацыйнай кампаніі будзе дасягнутая".
Соўсь: "І зноў жа паводле прамежкавай справаздачы АБСЭ – гаворыцца, што выбарчая кампанія адбываецца ў атмасфэры моцнага кантролю ўлады, таксама гаворыцца, што ў выбарцаў ёсьць магчымасьць двойчы прагаласаваць. І вось ці магу я прагаласаваць вось адсюль з Прагі, а потым у Менску, калі прыеду?"
Лазавік: "Я скажу Вам так: гэта выснова чыста тэарытычнага характару. Мы пра гэта сказалі прадстаўнікам АБСЭ. Мы, напрыклад, ня ведаем такіх фактаў, каб грамадзянін мог двойчы прагаласаваць, бо асноўным дакумэнтам, па якім галасуе грамадзянін, зьяўляецца не пашпарт, не студэнцкі білет, не пэнсійнае пасьведчаньне, а сьпіс грамадзян, якія маюць права браць удзел у выбарах на канкрэтным участку. Сьпіс складаецца менавіта на аснове зьвестак, што грамадзянін пражывае на тэрыторыі ўчастку, што ён грамадзянін Рэспублікі Беларусь, і нейкія меркаваньні, што ён можа яшчэ ў нейкім месцы прагаласаваць, гэта чыста тэарэтычныя дапушчэньні".
Соўсь: "І апошняе пытаньне – як Вы лічыце, міжнародная супольнасьць прызнае выбары?"
Лазавік: "Мы робім усё неабходнае, усё магчымае, каб выбары ў Рэспубліцы Беларусь адпавядалі і міжнародным стандартам, і праходзілі ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. А ацэнка - гэта ўжо ня нашая функцыя. Функцыя тых, хто назірае за выбарамі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG