Блогі

17 верасьня

17.09.2008 11:37
Ян Максімюк

Сярод розных відаў (не)справядлівасьці ў нашым жыцьці адным з найбольш цікавых ёсьць гэтак званая гістарычная (не)справядлівасьць. Я пішу „(не)справядлівасьць” наўмысна, бо наогул заўсёды аказваецца, што, як кажуць палякі, punkt widzenia zależy od punktu siedzenia. Тое, што адным бачыцца як гістарычная справядлівасьць, для іншых зьяўляецца акурат нечым супрацьлеглым — гістарычнай несправядлівасьцю.

Хрэстаматыйны прыклад такой гістарычнай дыхатаміі: узьяднаньне Заходняй Беларусі з Усходняй у 1939 годзе.

Наўрад ці знойдзецца нейкі беларускі гісторык, — ці то зь лягеру недабітых нацыяналістычных фундамэнталістаў, ці то зь нетраў афіцыйнай “панславісцкай” навукі (скажам, з Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту або Палескага ўнівэрсытэту) — які паставіў бы пад сумнеў гістарычную справядлівасьць узьяднаньня Беларусі пасьля ўваходу Чырвонай арміі ў Польшчу 17 верасьня 1939 г.

Гістарычная справядлівасьць — сьляпая сіла. Яна не глядзіць, так бы мовіць, якімі інструмэнтамі карыстаецца. Беларусь узьядналася дзякуючы сакрэтнаму дадатку да пакту Рыбэнтропа-Молатава, які ўвесь цывілізаваны сьвет асудзіў як дыпляматычнае злачынства ўжо ого колькі гадоў таму. У вытокаў сёньняшняй еднасьці беларусаў (прынамсі, геаграфічнай) стаяць Гітлер і Сталін, якіх дабрачынцамі Беларусі ніяк не назавеш (а тут якраз — выпадала б). Бо гэта ж яны перакрэсьлілі гістарычна несправядлівы Рыскі трактат 1921 г., дзе бальшавікі з палякамі разарвалі беларусаў напалам, не пытаючыся іхнага меркаваньня.

Ну а што на гэты конт думаюць польскія гісторыкі? Няцяжка здагадацца: 17 верасьня 1939 — гэта дата вераломнага нападу СССР на Польшчу; нож у сьпіну, убіты саветамі якраз тады, калі палякі адбіваліся ад гітлераўскай навалы. Якое ўжо тут аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці для беларусаў, калі Польшча, з прычыны гэтага аднаўленьня, зьнікла з мапы Эўропы на пяць гадоў, а потым яшчэ на 45 гадоў стала савецкім сатэлітам?

Але пра гэтую дыхатамію я ўжо амаль ня думаю. А вось у апошнія гады, калі спахаплюся, што сёньня якраз 17 верасьня, мне заўсёды згадваецца адна гісторыя, якую я пачуў недзе 18-19 гадоў таму, як толькі стаў працаваць журналістам у беластоцкай „Ніве”. Здаецца, мне расказаў яе настаўнік зь вёскі Коматаўцы ў Гарадоцкай гміне на Беласточчыне.

У 1944 годзе, калі саветы пагналі немцаў назад і вярнуліся на Беласточчыну, агульнапалітычная сытуацыя не была ясная. Наш беларускі люд доўгі час ня быў упэўнены, дзе ён зноў апынуўся — у Савецкім Саюзе? у Польшчы? Але спакваля пачало праясьняцца, калі савецкія салдаты пачалі ставіць памежныя слупы.

Малым Азяранам (беларускай праваслаўнай вёсцы на мяжы Крынкаўскай і Гарадоцкай гмінаў) пачаткова не пашанцавала. Саветы пачалі ставіць свае слупы на захад ад вёскі. Што зробіш, сьляпая гістарычная (не)справядлівасьць.

Але потым нешта камусьці адмянілася, і слупы пачалі ставіць з усходняга боку Малых Азяранаў. Дзядзькі і цёткі ў вёсцы ледзь не пашалелі ад радасьці. Застаюцца ў Польшчы! Уздумалі былі зрабіць талакоўскае выпіваньне і ўсё такое, але аднаго дня з найбліжэйшага савецкага калгасу прыехаў „прэдсядацель” і заявіў, што, маўляў, заўтра прыедуць грузавікі, каб забраць увесь дабытак і хатні скарб азяранцаў ды іх саміх і перавезьці ўсё ў СССР. Яны ж свае, так ці не? Навошта ім заставацца ў „не сваёй” Польшчы?

Далёка за поўнач уся вёска вечавала і мазгавала, што рабіць. Урэшце пастанавілі: усе мужчыны на дасьвецьці ўцякуць у заходні бок і схаваюцца ў лесе, а ўсе жанчыны і дзеці покатам лягуць на дарогу з усходняга боку і перакрыюць рух калгасным грузавікам. Разьлік быў такі: на якія зьверствы саветы ні былі б здольныя ад прыроды, дык, можа, пасаромеюцца чавіць грузавікамі жанчын і дзяцей удзень, і то пасьля вайны.

Як пастанавілі, так і зрабілі. І ўдалося. Вёска Малыя Азяраны і па сёньняшні дзень стаіць на нашым, беластоцкім баку, і ў ёй жывуць азяранцы. Кожны можа пераканацца ў гэтым сам, набраўшы ў Google Maps “Ozierany Małe Poland”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-9 (з 9)
Імя:: Святлана Горад:: Клецк
17.09.2008 13:16

У нашым горадзе ёсць вулица "17верасня", але мала хто з людзей сяродняга узросту, а тым больш з моладзи, ведаюць, што гэта за дата


Імя:: Alies'
17.09.2008 19:43

Z 400,000 belarusaw, jakih Savety padaravali Pol'shchy zaraz zastalosia 10,000 chalavek, jakija pishucca belarusami. Takoe salodkae zhyccio belarusam u Pol'shchy, shto usie shavali svae pahodzhannie i z kacapaw u paliaki perapisalisia.


Імя:: Ян Максімюк
17.09.2008 20:27

Саветы не падаравалі Польшчы НІЯКІХ беларусаў, акрамя некалькіх дзясяткаў дзеячоў былой КПЗБ. Польшча сама, пры дапамозе гэтых дзеячоў, стварыла сабе беларусаў пасьля 1944 г., ствараючы беларускамоўнае школьніцтва на Беласточчыне, а потым культурніцкую дзейнасьць пад шыльдай Беларускага грамадзка-культурнага таварыства. Стварыла на матэрыяле, які мог стаць чым заўгодна -- палякамі, беларусамі, украінцамі, расейцамі -- у залежнасьці ад пажаданьня палітычнага рэжыму і дзяржаўных межаў, бо быў гэта матэрыял мужыцкі, які наогул нацыянальнасьці не стварае, а арэ поле і марыць, каб перанесьціся ў горад і забыць пра сваю мужыцкую долю. Гэта першы факт.

А другі факт такі, што беларусамі ў 2002 годзе ў Польшчы запісаліся звыш 48 000 чалавек. Гэта і ёсьць унёсак Польшчы ў стварэньне беларускага народу, а не ў яго разбурэньне. Вашы 400 000 (чаму не мільён?) -- гэта лухта, як кажуць палякі, wyssana z palca.


Імя:: Харэўскі Горад:: Менск
18.09.2008 09:36

Любое нацыянальнае сьвята -- чыясьці трагэдыя. А вось тое, што траціна сёньняшняе Беларусі, у каталіцкіх рэгіёнах ад Мёраў да Камянца, была самай што ні на ёсьць Польшчаю, то факт. І Літва бы ніколі не здабыла бы Вільню. Што бы там засталося ад беларускасьці дасёньня -- невядома. Але, каб ня тое ўзьяднаньне, то наогул гістарычная пэрспектыва беларусаў была бы пад пытаньнем...


Імя:: Уладзімер Русаковіч Горад:: Менск
19.09.2008 17:33

Ян Максімюк "Вашы 400 000 (чаму не мільён?) -- гэта лухта, як кажуць палякі"
Выходзіць, польскі перапіс, "як кажуць палякі", "лухта".
Мо, тады, як скажуць, прыкладам, кашубы, і палякаў у Польшчы ня больш за кашубаў? І палякі - "матэрыял мужыцкі" для кашубаў (раю паглядзець інтэрв'ю "кашубскага" прэм'ера Дональда Туска на РТР), праўда, "у залежнасьці ад пажаданьня палітычнага рэжыму і дзяржаўных межаў" (=ад Соса Джугашвілі)?
Спадар Максімюк, не вярзіце, калі ласка, лухты, бо ператвараецеся на вачох з "матэрыялу" ў зброю дыктатуры.
Усё ж радыё Свабода - пакуль не Савецкая Белоруссія, а Вы - ня Павал Якубовіч.
Наогул жа радуйцеся, што Беларусь падаравала Вам 400 тысячаў палякаў.
Ці мо й іх няма?


Імя:: Уладзімер Русаковіч Горад:: Менск
19.09.2008 17:53

У дадатак прашу зьвярнуць увагу на водгук на гэты артыкул на "Нашае Зямлі" (унізе старонкі http://www.nashaziamlia.org/2008/09/17/1544/).


Імя:: Ян Максімюк
19.09.2008 18:28

Я, на жаль, ня бачу ня толькі лягічнай сувязі Вашага допісу з маім артыкулам і камэнтарам, але і элемэнтарнай лёгікі ўнутры Вашага допісу, спадар Русакевіч. А таму і не ў змозе адказаць вам на пытаньні, якія вы нібыта ставіце.

Скажу толькі дзеля яснасьці для іншых пра перапіс 2002 году і колькасьць беларусаў у Польшчы. 400 000 беларусаў, якія Беларусь — паводле Alies'— нібыта падаравала Польшчы, гэта лухта, высмактаная з пальца (wyssana z palca, як кажуць палякі). Ніхто ніколі іх не лічыў пасьля 1944 году ажно да 2002, а таму тут можна гаварыць усё што заўгодна, можна казаць і пра мільён, і будзе гэта ня меншая, ні большая лухта, чым 400 000.

Адно, што мы можам сьцьвярджаць напэўна — гэта лік 48 737 людзей (46 000 на Беласточчыне), якія ў перапісе 2002 году падалі беларускую нацыянальнасьць. І гэта для мяне станоўчы вынік — якраз столькі людзей перайшло з „праваслаўнай” нацыянальнай сьвядомасьці ў беларускую пад уплывам беларускамоўных школаў, „Нівы” і БГКТ — інстытутаў, якія польскія камуністы стварылі для патэнцыйных польскіх беларусаў бязь іх жаданьня і ініцыятывы. А маглі б і не стварыць — і сёньня Беласточчына была б амаль дашчэнту польская. Таму я і кажу, што палякі (польская камуністычная ўлада, у якой была жменька былых КПЗБ-оўцаў) прычыніліся якраз да стварэньня беларускага народу на Беласточчыне, а не да яго разбурэньня. У 1944 годзе праваслаўная Беласточчына ўяўляла сабой амаль цалкавіта мужыцкі народ на перад-нацыянальнай стадыі (ніхто ня ведаў ні беларускай гісторыі, ні граматы, ніхто не адчуваў ні каліва сувязі з той Беларусьсю, якая на той час была — БССР; наадварот, усе, хто толькі мог, дзякаваў Богу, што застаўся ў Польшчы, а не пайшоў у савецкі прыгон).

P.S.:

1) Дарэчы, кашубамі ў Польшчы ў 2002 годзе запісаліся 5 000 чалавек. А палякамі — 37 мільёнаў.
2) Водгук на http://www.nashaziamlia.org/2008/09/17/1544/ на мой артыкул яшчэ больш абсурдны, чым Ваш тут.


Імя:: Уладзімер Русаковіч Горад:: Менск
19.09.2008 19:24

Ян Максімюк "Ніхто ніколі іх не лічыў пасьля 1944 году ажно да 2002"
У гэтых, як вы кажаце, "ніхто", якія "ніколі" не падлічвалі беларусаў у Польшчы, ёсьць дакладныя імёны ды назвы.
Прашу зьвярнуць увагу на артыкул Вікіпэдыі "Беларусы ў Польшчы" (http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Беларусы ў Польшчы).
Тамсама Вы знойдзеце абвяржэньні шматлікім Вашым памылкам (ці ня дай Божа, выдумкам), а менавіта:
1) "беларускамоўных школаў, „Нівы” і БГКТ — інстытутаў, якія польскія камуністы стварылі для патэнцыйных польскіх беларусаў бязь іх жаданьня і ініцыятывы";
2) "ніхто ня ведаў ні беларускай гісторыі, ні граматы".
Гэтым байкам можна даць веры толькі забыўшыся на абраньне беларускіх дзеячоў пасламі ў польскі сойм, на беларускія школы, зачыненыя сапраўды "бязь іх жаданьня і ініцыятывы" яшчэ далёка да 17 верасьня ды Картускі астрог.


Імя:: Fima Горад:: Hajnowka
25.09.2008 21:58

Jan Maksimiuk znaje sprawy pra jakija haworyc.Jaszcze dahetul starejszyja ludzi na bielastocczynie, kali ich spytac pra nacjanalnasc, adkazwajuc: my prawaslaunyja. Tak my, muzycki narod, razumieli swaju tojesnasc. I bolszasc stalab prawaslaunymi palakami, kab nia szkoly, "Niwa", BHKT. Ludzi uspryniali hetyja "instytuty" jak swaje- czakali na "Niwu", pasylali u hetuju hazietu mnoha pismau, arhanizawalis falklornyja hurtki, paczalas litaraturnaja bielaruskaja tworczasc...A heta nia mala, kali z koznaha boku cisnie polskasc: szkoly, radio, narodnyja polskija swiaty, ustanowy,usio u krainie. Prauda, bylo heta "za kamuny", ale bylo,moza napierakor kamunie... I astawila swoj sled u myslach i paczucciach. Na peuna usiaho taho za mala, kab usie bielarusy zrazumieli "skond nasz rod"(Konopnicka)i " nie dali pogrzesc (pachawac) mowy".
I ciazka maloj hrupie zachawac mowu ,abyczaj,usio szto zwiazana z nacjanalnasciu inszaj czym bolszasc u dziarzawie. Chiba szto wuczycca ad jaurejau, litoucau, czechau...
Ja pierszy raz zahladaju na staronku Swabody, ale nie aposzni.

Камэнтары 1-9 (з 9)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb