Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як склаліся лёсы высокіх адстаўнікоў?


Былы старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка пасьля адстаўкі пачаў кар’еру амбасадара, а вось былы міністар транспарту Аляксандар Лукашоў скончыў жыцьцё самагубствам...


Віктар Шэйман
Адна з папулярных тэмаў беларускага інтэрнэту ў апошні час — лёс Віктара Шэймана, былога кіраўніка Рады бясьпекі і паплечніка Аляксандра Лукашэнкі яшчэ з пачатку 1990-х гадоў, калі абодва былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Нагадаю, Віктар Шэйман значыцца ў сьпісе неўязных у ЗША і краіны Эўразьвязу з-за магчымай датычнасьці да палітычных зьнікненьняў.

Пасьля нядаўняй адстаўкі Віктар Шэйман застаўся толькі кіраўніком беларуска-вэнэсуэльскай камісіі ў справе супрацоўніцтва. Паводле журналіста Сяргея Сацука, у гэтай якасьці ён на мінулым тыдні нібыта зноў езьдзіў у Вэнэсуэлу.

Зацікавіцца вандроўкамі Віктара Шэймана журналіста прымусілі чуткі, паводле якіх былы чыноўнік нібыта скончыў жыцьцё самагубствам. Сяргей Сацук кажа, што ўскосна гэтую навіну пацьвердзілі адразу некалькі крыніц ва ўладзе, але потым знайшоўся чалавек, які сказаў, што днямі вітаўся зь Віктарам Шэйманам за руку. І ўсё ж да канца Сяргей Сацук не паверыў і гэтай інфармацыі:

“Маленькія сумненьні дагэтуль прысутнічаюць. Бо раней усе ягоныя паездкі ў Вэнэсуэлу анансаваліся, а зараз нібыта паехаў, але нідзе не паведамлялася. Не выключаю, што сапраўды выпрацоўваўся такі варыянт ягонага зьнішчэньня і правяралася рэакцыя грамадзтва на гэта. Ці магчыма ад яго па-ціхаму пазбавіцца? Можа, хто вырашыў праверыць”.

Журналіст Сяргей Сацук нагадвае пра апошнія значныя чысткі ў сілавых структурах: зьмяніліся ўсе намесьнікі дзяржсакратара Рады бясьпекі, памяняліся намесьнікі кіраўніка КДБ, шмат кадравых зьменаў наверсе ў МУС і ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў. Паводле Сяргея Сацука, у адстаўку адправілі людзей, якія былі зьвязаныя зь Віктарам Шэйманам, і гэта доказ таго, што ў барацьбе групоўкі Віктара Шэймана з групоўкай сына Лукашэнкі Віктара перамагла маладосьць.

З КДБ -- у амбасадары і на чыгунку

Сьцяпан Сухарэнка
Былы начальнік КДБ Сьцяпан Сухарэнка, які падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў праславіўся заявамі пра “дохлых пацукоў”, паехаў амбасадарам у Армэнію. Між тым у Беларусі вакол ягонага імя жарсьці не сьціхаюць. Зьявіліся зьвесткі, паводле якіх у Берасьці нібыта арыштаваны сваяк Сухарэнкі, начальнік мытнага пункту “Казловічы” Віталь Дудзік. Генэральная пракуратура гэтыя зьвесткі не пацьвярджае, але і не абвяргае.

Шмат хто з былых адстаўнікоў зьехаў у Маскву. Прыкладам, транспартнай управай у кампаніі "Газпром" кіруе былы начальнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько, які Вярхоўным судом Беларусі быў асуджаны паводле некалькіх артыкулаў крымінальнага кодэксу, але ў турму так і не патрапіў. Паводле непацьверджаных зьвестак, у "Газпроме" спрабавала ўладкавацца і Галіна Жураўкова. Былая кіраўніца справамі прэзыдэнта таксама была асуджаная да зьняволеньня, але Аляксандар Лукашэнка яе памілаваў. Ці ўдалося спадарыні Жураўковай уладкавацца ў Маскве, невядома.

А вось былому старшыні КДБ Леаніду Ерыну дапамагла ў працаўладкаваньні першая прафэсія чыгуначніка — цяпер спадар Ерын працуе дарадцам у начальніка расейскай чыгункі.

Ня так пасьпяхова склаліся лёсы адстаўнікоў, якія засталіся ў Менску. Сышоў зь вялікай палітыкі былы кіраўнік адміністрацыі Леанід Сініцын. Былы кіраўнік спраў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў спрабаваў заняцца бізнэсам у Маскве, але вярнуўся і нібыта чакае новага прызначэньня. Апошні адстаўнік з пасады кіраўніка адміністрацыі Генадзь Нявыглас наведвае футбольныя спаборніцтвы — ён застаўся кіраўніком адпаведнай фэдэрацыі, але іншай пасады пакуль не атрымаў.

Аляксандар Фядута
Як ставіцца Аляксандар Лукашэнка да былых паплечнікаў, адпраўленых у адстаўку? Пра гэта я спытаўся ў Аляксандра Фядуты, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў кіраваў управай інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта. Ці падтрымлівае ён іх далей, ці помсьціць за нешта, ці забывае? Паводле Аляксандра Фядуты, помсты ён не адчуваў. А вось прэзыдэнцкае асяродзьдзе, якое застаецца, ставіцца да адстаўніка без сантымэнтаў:

“Нібыта яны заразныя, нібыта ў іх чума ці халера нейкая. Ведаю, прыкладам, што адзін з былых кіраўнікоў управы адміністрацыі прэзыдэнта працуе начным ахоўнікам. Вартаўніком, зразумела, а не асабістым ахоўнікам. Ёсьць тыя, якія, калі бачаць мяне, то палохаюцца і перабягаюць на іншы бок. Але ёсьць і трагічныя лёсы. Былы міністар транспарту Аляксандар Лукашоў пасьля адстаўкі не знайшоў працы і скончыў жыцьцё самагубствам. Гэта самае жахлівае, што можа быць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG