Грамадзтва

Экс-кандыдаты на прэзыдэнта пайшлі ў давераныя асобы

05.09.2008 07:15

Былыя кандыдаты на прэзыдэнта Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч прымуць удзел у выбарчай кампаніі ў якасьці давераных асобаў. Чым яны непасрэдна будуць займацца і зь якой мэтай усклалі на сябе гэтыя абавязкі?

Аляксандар Казулін пасьля выхаду на волю з калёніі папярэджваў, што будучыя парлямэнцкія выбары “могуць стаць гульнёй, неабходнай для наданьня легітымнасьці дзейнай ўладзе”. Пры гэтым палітык казаў: трэба ўдзельнічаць ў выбарах, каб максымальна скарыстаць агітацыйныя магчымасьці, але калі ўлада будзе падманваць людзей, варта на знак пратэсту спыніцца. 
 
Магчымасьць рэальна ўзяць удзел у выбарчай кампаніі ў спадара Казуліна зьявілася ўчора, калі яго зарэгістравалі ў якасьці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты ягонага былога адваката Ігара Рынкевіча. Палітык мяркуе: днямі зарэгіструюць і даверанай асобай ягонай дачкі Вольгі – яна таксама спрабуе абрацца ў Нацыянальны сход і ўжо атрымала рэгістрацыю. Што Казулін раіць сваім кандыдатам?
 
“Зразумела, працягваць барацьбу. Бо трэба зьбіраць доказы таго, што нам перашкаджаюць, не даюць праводзіць выбары належным чынам. А людзі стаміліся чуць абяцаньні, якія не выконваюцца. Па акрузе, дзе балятуецца Вольга, у нас ёсьць сьпісы абяцаньняў сёньняшніх дэпутатаў. Казалі шмат, а нічога не зрабілі”.
 
А якую ролю адвяла свайму бацьку ў барацьбе за дэпутацкі мандат Вольга Казуліна?
 
“Ягоную выбарчую праграму мы прыстасавалі для цяперашніх выбараў. Мяркую, тая праграма была моцная, і мая атрымалася таксама моцнай. Плюс у яго вялікі досьвед, я слухаю ўсе ягоныя парады. Мы разам пішам прамовы, яшчэ працуем над праграмай. Эфір у мяне будзе ў аўторак. Натуральна, бацька зьбіраецца хадзіць са мной на сустрэчы з выбарцамі, выступаць перад імі як мая давераная асоба. Для яго гэта таксама выдатная магчымасьць сустрэцца зь людзьмі”.
 
Былы адвакат Ігар Рынкевіч запрасіў у давераныя асобы і Аляксандра Казуліна, і Аляксандра Мілінкевіча. Нагадаю, на былых прэзыдэнцкіх выбарах яны фармальна былі супернікамі, хаця ніколі ў канфрантацыю не ўступалі. Свой выбар Ігар Рынкевіч тлумачыць тым, што ў яго з Казуліным агульная палітычная плятформа і болей за два гады барацьбы за вызваленьне палітыка зь няволі. А чаму запрасіў Аляксандра Мілінкевіча? Бо зямляк і таксама чалавек, блізкі паводле палітычных поглядаў.
 
Рынкевіч: “Спадзяюся, гэта толькі ўзмацніць маю падтрымку сярод выбарцаў Фрунзэнскага і Цэнтральнага раёнаў сталіцы. Кожны зь іх будзе на адной з сустрэч з выбарцамі, будзе агітаваць за мяне. Магчыма, пры нагодзе будуць кантакты зь дзяржаўнымі органамі і выбарчымі камісіямі. Закон дае ім права апэляваць у маіх інтарэсах да дзяржаўных структур”.
 
Карэспандэнт: “Не было праблемы атрымаць ад іх згоду быць даверанымі асобамі?”
 
Рынкевіч: “Не было. Аляксандар Казулін, дарэчы, ведаў, што Аляксандар Мілінкевіч таксама давераная асоба. Мілінкевіч быў яшчэ сябрам ініцыятыўнай групы па майму вылучэньню кандыдатам у дэпутаты. Таму гэта ўсё цалкам натуральна. Трэба лепш думаць пра нашых палітычных лідэраў”.
 
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb