Палітыка

Я.Берніковіч ахвяруе эфірны час свайму канкурэнту

03.09.2008 17:22

Кандыдат у дэпутаты, сябар партыі БНФ Яраслаў Берніковіч вырашыў адмовіцца ад тэле- і радыёвыступу, бо ня лічыць гэты агітацыйны сродак эфэктыўным.

На думку спадара Берніковіча, мала хто з выбарцаў ягонай Глыбоцкай выбарчай акругі № 22 глядзіць тэлеканал “Лад”, і малаверагодна, каб хто-небудзь зь мясцовых жыхароў адмыслова вырашыў паглядзець выступы кандыдатаў у дэпутаты. Тое самае, паводле апазыцыянэра, тычыцца і выступу на радыё: ён трансьлюецца ў вечаровы час, калі людзі, прыйшоўшы з працы, звычайна робяць нешта ў гародзе.

Значна больш эфэктыўным сродкам агітацыі Яраслаў Берніковіч лічыць непасрэдныя кантакты з выбарцамі. Да гэтае высновы яго падштурхнулі і меркаваньні землякоў: аказваецца, яны ніколі не сустракаліся са старшынём аблвыканкаму Уладзімерам Андрэйчанкам, які таксама балятуецца ў гэтай акрузе, і нават блізка не ўяўляюць, як ён выглядае.

Паводле апазыцыйнага кандыдата, гэта проста недарэчна, калі людзям прапануюць кандыдатуру амаль невядомага ў рэгіёне чалавека. Хаця, здавалася б, папулярнасьці старшыню аблвыканкаму мусілі дадаць тыя ж публікацыі ў дзяржаўных газэтах, якія распачалі “піяр” праўладнага кандыдата яшчэ задоўга да пачатку агітацыйнай кампаніі.

Узважыўшы ўсе гэтыя акалічнасьці, Яраслаў Берніковіч вырашыў ахвяраваць свой эфірны час галоўнаму канкурэнту, пра што й паведаміў “Свабодзе”:

“Падчас збору подпісаў людзі пыталіся, дзе можна было б убачыць Андрэйчанку. А то ведаць ведаюць, што ёсьць такі, а ніколі ня бачылі, хаця той ужо шмат год працуе старшынём аблвыканкаму. Публікацыі ў “Віцебскім рабочым”, “Народным слове” і “Весьніку Глыбоччыны” не дадалі яму пазнавальнасьці. Таму я вырашыў прэзэнтаваць свой эфірны час спадару губэрнатару. За той час, які я патраціў бы на паездку ў Віцебск, каб запісацца на радыё і тэлебачаньні, я лепш абыду 20—30 кватэр, бо непасрэдны кантакт з выбарцамі — гэта значна лепш за любы радыё- і тэлеэфір”.



 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb
ПАМЕР ШРЫФТУ