Грамадзтва

Сьвята гораду – “марафон марафэту”

03.09.2008 08:22

У Наваполацку актыўна рыхтуюцца да 50-гадовага юбілею гораду. Падрыхтоўка да сьвяткаваньня выклікае ў горадзе супярэчлівае стаўленьне. З аднаго боку, горад удасканальваюць эстэтычна. Зь іншага боку, вялізныя сродкі, укладзеныя ў сьвята, шмат хто ацэньвае як “баль пад час чумы”.

Першым зь мерапрыемстваў падрыхтоўкі да сьвята гораду стала перабудова плошчы перад гарвыканкамам Наваполацку. Старое пакрыцьцё плошчы перад будынкам узарвалі і паклалі новую чырвоную плітку. На думку аднаго з актывістаў свабоднага прафсаюзу Наваполацку Ўладзімера Русіна, выглядае гэта як абсталяваньне працоўнага месца ўладаў. А тым часам, у горада ёсьць значна больш актуальныя праблемы:
 
“Я размаўляў нядаўна з супрацоўнікам “Паліміра”, які жыве ў самым аддаленым мікрараёне гораду. Туды ходзіць толькі аўтобус, які ідзе на Полацак. Аўтобус значна даражэйшы за гарадзкі транспарт. Штодня ён возіць дзяцей у школу і садок, дабіраецца да працы. Сям’я – з 5 чалавек. Адпаведна, праязныя на месяц каштуюць 150 тысяч. І каб удасканаліць сыстэму транспарту для гэтага раёну, улады ня робяць нічога”...
 
Уладзімер Русін называе падрыхтоўку мясцовых уладаў да сьвята гораду “марафонам марафэту”. Тым часам у гарвыканкаме лічаць гэткую скрупулёзную падрыхтоўку цалкам мэтазгоднай. Плянуецца нават калектыўны сьпеў дзяржаўнага гімна Беларусі, распавялі мне ў гарвыканкаме Наваполацку:
 
“Гэта будзе на плошчы пасьля ўрачыстага праходу калёнаў працоўных калектываў гораду. Наагул, як заўсёды – як жа без рэпэтыцыяў? Але гімн мы не рэпэтуем. Рэпэтуем само шэсьце. А гімн яны развучваюць. Мы раздалі словы, яны вучаць, усё як паложана”.
 
Днямі сьвята гораду, прысьвечанае 50-годзьдзю, адбылося і ў Салігорску. Падрыхтоўка была таксама вельмі сур’ёзнай. Настолькі сур’ёзнай, што многія госьці адчулі сябе прыніжанымі, распавядае жыхарка гораду, кандыдатка ў дэпутаты парлямэнту Ларыса Насановіч:
 
“Надта пампезна – гэта па-першае. А, па-другое, уразіла ахова. Людзей правяралі гэтак, што назваць гэта можна было толькі вобшукам. Усё абшуквалі: сумкі, кішэні, вопратку... Настолькі, што людзі сталага веку потым казалі, што гэта выглядала цалкам як абраза і пагарда. Так што падрыхтоўка была ўжо надта напружанай, а сьвята як сьвята і не адчулі”...
 
У Полацку таксама працуюць над пільнай аховай органаў правапарадку. У плянах захадаў перасьцярогі – цьвярозасьць гасьцей сьвята, трайное ачапленьне месца сьвяткаваньня, праверка на мэталашукальніках. А пасьля – фэйерверк ды дыскатэка.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
03.09.2008 14:15

30 год з сваiх 40 я пражыу у Наваполацку. Аб сьвяте горада ведаю добра. Мой бацька быу адным з самых першых, хто пасьля сканчэньня ВНУ у 1958 годзе прыехау на бераг Дзiвiны разам з маей мацi (яму дарэчы на гэты юбiлей далi ажно 50000 рублеу. Ен шуткуе, калi Наваполацку будзе 100 год, то атрымае 100000 рублеу. Вось такая падзяка). А што да "марафету" то у маiм двары, дзе да сеньня жывуць бацькi (Юбiлейная.1) апошнi раз асфальт клалi як патрэбна за савецкiм часам. Я быу у Наваполацку 17 жнiуня, сьвяткавалi "залаты" юбiлей маiх бацькоу, асфальтавае пакрыцьце было старое. Вось весь "марафет". А плошчу тую гаражане ужо пачалi называць - "Чырвоная плошча".

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb