Грамадзтва

Усеагульная дыспансэрызацыя: колькасьць шкодзіць якасьці

28.08.2008 22:40

Cёлета ў Беларусі праводзіцца добраахвотная і бясплатная дыспансэрызацыя насельніцтва.

Пастановай Міністэрства аховы здароўя вызначаны дакладны пералік мэдычных дасьледаваньняў, якія неабходна прайсьці ў пэўным ўзросьце, каб не прапусьціць пачатак хваробы. Міністар аховы здароўя Васіль Жарко паведаміў, што 54% дарослага насельніцтва прайшло ў першым паўгодзі дыспансэрызацыю.
 
Сэнс дыспансэрызацыі ў тым, што цяпер адказнасьць грамадзяніна за сваё здароўе перакладаецца на самога грамадзяніна. Раней можна было абвінаваціць лекара, што не заўважыў пачатак паталёгіі. А цяпер чалавек павінен падпісаць дамову на дыспансэрнае абслугоўваньне з паліклінікай, альбо адмову ад абсьледаваньняў. І тады давядзецца сачыць за сваім здароўем самастойна.
 
Начальнік Упраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Ігар Броўка тлумачыць:
 
«Прымусіць чалавека, калі ён ня жадае, мы ня можам. Мы даем такую магчымасьць людзям – прайсьці мэдычны агляд. Мэта – даведацца пра рэальную сытуацыю па краіне».
 
Падчас сёлетняй дыспансэрызацыі выяўлена 1,7 мільёны захворваньняў. На што больш за ўсё хварэюць беларусы? Начальнік Упраўленьня Міністэрства аховы здароўя Ігар Броўка кажа: 
 
«Нейкай спэцыфікі, адметных асаблівасьцяў у параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі ў беларусаў няма. Гэта і сардэчна-сасудзістыя захворваньні, як і агульная тэндэнцыя, цэрэбраваскулярныя – у залежнасьці ад узросту, ад полу».
 
У паліклініках і шпіталях – вельмі істотны недахоп лекараў, таму на працуючых нагрузка і так амаль ўдвая большая, чым па норме.
 
Ігар Броўка:  «Па гораду Менску, да прыкладу, больш за 2 тысячы лекараў не хапае. Робім пэўныя захады па пашырэньні фуккцыяў мэдычных сёстраў, зараз ужо зацьверджана новая пасада – памочнік доктара з мэдычных сёстраў альбо фэльдшараў».
 
Дадатковых сродкаў зь бюджэту на дыспансэрызацыю не прадугледжана,
штат ў паліклініках не пашырылі. Зразумела, на кожнага пацыента лекар будзе мець яшчэ менш часу на кожнага. Нэўроляг з Магілёву Васіль Аўраменка выказаў такое меркаваньне наконт дыспансэрызацыі:
 
«Я думаю, што вялікага сэнсу няма. Але гэта дадатковы вялікі цяжар на лекараў, якія вядуць прыём, якія займаюцца іншымі справамі, якіх і так вышэй плешкі. Тым больш, калі лекараў не хапае. Такі «вал» зьніжае якасьць работы, у тым ліку і гэтай дыспансэрызацыі, колькасьць, якая пашкаджае якасьці. Я лічу, што гэта дадатковая нагрузка, якая карысьці вялікай не дадае да працэсу дыягнастычнага і лячэбнага». 
 
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb