Палітыка

Новая сытуацыя ў Беларусі

21.08.2008 10:18

Беларусь выканала адну з умоваў ЭЗ і ЗША – вызваліла ўсіх палітвязьняў. У Менск прыбыў памочнік Дзяржсакратара ЗША Дэйвід Мэркель. Расея настойвае на падтрымцы яе дзеяньняў у Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. ТЭМА ДНЯ.

ЭЗ вітае вызваленьне С.Парсюкевіча і А.Кіма

Вызваленьне ўсіх палітвязьняў камісар па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр назвала “знакам, які абнадзейвае”.




Дэвід Мэркель сустрэнецца зь лідэрамі апазыцыі


22 жніўня ў Дэвіда Мэркеля заплянаваная сустрэча са старшынём Партыі БНФ Лявонам Баршчэўскім, кіраўнікамі Партыі камуністаў Беларускай — Сяргеем Калякіным і АГП — Анатолем Лябедзькам, а таксама з былымі кандыдатамі на прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам і Аляксандрам Казуліным, паведаміў А.Лябедзька.

Прадстаўнік Дзярждэпу ЗША ляціць у Менск

“Вызваленьне гэтых грамадзянаў разам зь іншым дае нам надзею на будучыя пазытыўныя крокі, прапановы рэальных магчымасьцяў істотнага паляпшэньня ў стасунках паміж ЗША і Беларусьсю”, - гаворыцца ў заяве прэсавага сакратара Дзяржэпартамэнту ЗША Робэрта Вуда.


20 жніўня з-за кратаў на волю выйшлі апошнія палітвязьні - Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім. Краіны ЭЗ і ЗША віталі іх вызваленьне.

Прадстаўнікі апазыцыі кажуць, што лібэралізацыя ўмоўная і што гэта робіцца дзеля таго, каб выгандляваць у Расеі танныя энэрганосьбіты. Яны таксама зьвяртаюць увагу на тое, што ўлады выканалі толькі адно з патрабаваньняў ЭЗ і ЗША.

21 лістапада 2006 году камісар Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр абвясьціла дакумэнт, які выкладае тыя перавагі, якія ЭЗ мог бы даць Беларусі, калі б краіна стана на шлях дэмакратызацыі і павагі правоў чалавека і вяршэнства закону. Дакумэнт заснаваны на прапановах Рады ЭЗ, Эўрапейскай Камісіі, а таксама амбасадараў краін ЭЗ у Беларусі і зьяўляецца новай стратэгіяй, якая ўтрымлівае асноўныя напрамкі супрацоўніцтва Эўразьвязу і Беларусі.

Што прапануе Эўразьвяз Беларусі паводле Новай стратэгіі?

1. спрасьціць візавы рэжым паміж краінамі ЭЗ і Беларусьсю;
2. пашырыць памежнае супрацоўніцтва, якое спрыяе большаму ўзаемадзеяньню ў эканамічным разьвіцьці, ахове навакольнага асяродзьдзя;
3. павялічыць фінансавую дапамогу;
4. аказаць дапамогу ў правядзеньні рэформаў;
5. палепшыць сыстэму аховы здароўя і адукацыі;
6. дапамагчы рэфармаваць прававую і судовую сыстэмы з мэтай забесьпячэньня роўных правоў для ўсіх;
7. палепшыць стан навакольнага асяродзьдзя: якасьць вады, перапрацоўку выкідаў,
8. падтрымаць праграмы ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Каб такое супрацоўніцтва ў межах палітыкі добрасуседзтва пачалося, улады Беларусі павінны выканаць шэраг патрабаваньняў:

1. паважаць права народу Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам - іх права чуць усе меркаваньні і бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазыцыйных кандыдатаў і груп падтрымкі праводзіць кампаніі без уціску, судовага перасьледу або турэмнага зьняволеньня; незалежнае назіраньне за выбарамі, у тым ліку з боку беларускіх няўрадавых арганізацыяў; права волевыяўленьня і права на справядлівы падлік галасоў;

2. паважаць права народу Беларусі на незалежную інфармацыю, і выказвацца вольна, напрыклад, дазваляючы журналістам працаваць без прыгнёту або судовага перасьледу, не зачыняючы газэт і не перашкаджаючы іх распаўсюджваньню;

3. паважаць правы недзяржаўных арганізацый, як жыцьцёва важнай часткі здаровай дэмакратыі - больш не ускладняць іх легальнае існаваньне, не прыгнятаючы і не перасьледваючы сябраў грамадзкіх арганізацый, і дазваляючы ім атрымоўваць міжнародную дапамогу;

4. вызваліць усіх палітычных зьняволеных - сябраў палітычных апазыцыйных партый, сябраў НДА і простых грамадзян, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і мітынгаў;

5. належным чынам і незалежна расьсьледаваць або перагледзець выпадкі са зьнікненьнем людзей;

6. забясьпечыць права беларусаў на незалежную і непрадузятую судовую сыстэм - з судзьдзямі, незалежнымі ад палітычнага ціску, без самаўпраўнасьці і галаслоўнага крымінальнага судовага перасьледваньня або палітычна-матываванага судовага прысуду, як зьняволеньне ў турму грамадзян, якія мірна выказваюць свой пункт погляду;

7. спыніць адвольныя арышты і затрыманьні, дрэннае абыходжаньне з людзьмі;

8. паважаць правы і свабоды тых беларускіх грамадзян, якія адносяцца да нацыянальных меншасьцяў;

9. паважаць правы беларусаў як працаўнікоў - іх права ўступаць у прафсаюзы і права прафсаюзаў працаваць на абарону праў людзей;

10. паважаць правы беларусаў як прадпрымальнікаў ажыцьцяўляць дзейнасьць без празьмернага ўмяшаньня улад;

11. далучыцца да адмены сьмяротнай кары ўсьлед за іншымі народамі Эўропы;

12. выкарыстаць падтрымку, якую АБСЭ, ЭС і іншыя арганізацыі прапаноўваюць Беларусі для дапамогі ў выконваньні правоў сваіх грамадзян.




 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-9 (з 9)
Імя:: Лявон Горад:: Гомель
21.08.2008 11:00

Сёня роуна два гады з публiкацыi тых умовау i прапаноу. Адзiн пункт з 12-цi выкананану. Павiншуем сябе!


Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
21.08.2008 11:31

Жыцьце ідзе наперад так ці інакш, і гэта не наша заслуга. Тое што на Беларусі было яшчэ немажліва яшчэ год таму – сеньня зьдзяйсняецца, тое аб чым не казалі год таму – сеньня агучана. Яшчэ пяць год таму пытаньне незалежнасьці для народа Беларусі было ў падвешаным стане, сеньня можна казаць аб станоўчым стаўленьні да гэтага Боскага дара для кожнага народа.
Сеньня мы кажам пра тое, што Лукашенка выканаў адну з парад ЗША і ЭЗ, а менавіта – вызваліў сваіх палітычных апанэнтаў. Яшчэ зусім нядаўна ен і казаць пра гэтыя патрабаваньні нежадаў.
Сеньня мы назіраем, тое відавочна, пошук дзейснай уладай шляху на Захад. І не істотна – кажуць яны пра тое адкрыта, ці не, хто можа бачыць – бачыць гэта. Мне падаецца тое выдатна зразумелі менавіта ў ЭЗ і ЗША і таму фактычна прапануюць распачаць дыялег. І гэта вельмі добра. Ніхто не прапануе кідацца ў абдымкі да Лукашенкі, але мы – беларусы – павінны дапамагчы адзін аднаму і распачаць той самы выратавальны дыялег паміж сабой. Упершыню гэтым летам Лукашенка даў няпэўны адказ на пытаньне: “Ці будзе ен балятавацца на 4 тэрмін”. Лукашенка фактычна адсунуў ад улады адыезнага Шэймана. Гэта многага каштуе.
Шлях да дэмакратыі на Беларусі доўгі. У нас не будзе рэвалюцый. Мажліва толькі эвалюцыя. І яна ідзе, марудна, няпэўна, але ж ідзе.
Што ніколі ня зменіцца дык гэта стаўленьне да нас з боку Расеі. Тут відавочна толькі адно – захоп Беларусі. Ці гатовы да гэтага Лукашенка? Хутчэй не чым так. Але калі мы не падтрымаем цьвяроза і па-хрысьціянску яго крокі наперад, то перамовы з Расеяй аб кошце нашага суверэнітэту будуць працягвацца надалей і могуць скончыцца вялікай бядой.
Каб мог зьвярнуцца да кіраўнікоў Захаду, то прасіў бы іх ня толькі падтрымаць гэтыя (ужо зьдзейсненныя крокі), але і дапамагчы нашай уладзе (сапраўды дапамагчы) зрабіць наступныя. Але я мяркую што яны і самі гэта разумеюць.


Імя:: Севярын-Глеб Горад:: Бярозаўка
21.08.2008 17:44

Земляку Міхалу Лысевічу.
Вы сапраўды думаеце, што для Лукашэнкі незалежнасьць Беларусі нешта значыць? А вось я перакананы, што для яго усё на сьвеце - рэжым яго асабістай улады, і калі Крэмль дасьць яму нейкія гарантыі самаўладства (як Шайміеву, ці Кадыравым, ці гэтак далей), то здасьць ён Беларусь як разьменную манэтку. Не?


Імя:: Сяржук
21.08.2008 18:05

Так, здасьць хуценька


Імя:: Mikola Горад:: Litva
21.08.2008 18:10

Засталося камуніста Калякіна прызначыць прэм'ерам ураду, Казуліна зноў міністрам Асьветы, Лябедзьку кінуць на КДБ, а Баршчэўскага на МУС РБ і праз месяц Рыгоравіч можа ехаць у Белы дом абмяняцца
уражаньнямі аб нападу Чырвонай арміі на Грузію.
Але чаму сярод апазыцыі не відаць З. Пазьняка? Можа ён будаваў камунізм у Беларусі, ці яго ужо раз выкінулі з каманды Лукашэнкі?


Імя:: школьнік
21.08.2008 19:28

чаму вы пішаце мэркель, калі ён ня немец, а амэрыканец? там ён мэркел.


Імя:: Данилов Горад:: г.Минск
21.08.2008 22:34

Белоппозиция не способна вести честную борьбу и непременно будет дальше провоцировать власть. Главная причина - крайне низкая народная поддержка.


Імя:: Станіслаў
21.08.2008 22:36

Лукашэнка зрабіў такі піяраўскі акт. Добра! Што будзе далей? Можа пяляпшэнне стасункаў з ЗША? Дзеля гэтага прыдзецца выконваць мага болей пунктаў.


Імя:: To:школьнік Горад:: Rodam z BSSR
22.08.2008 06:42

Малайчына, з цябе выйдзе толк, толькі вучыся якасна каб не быў пасьмешышчам як частка камэнтатараў і аналітыкаў Свабоды.

Камэнтары 1-9 (з 9)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb