Палітыка

Скарга апазыцыйнага прэтэндэнта на дэпутацтва адхіленая

12.08.2008 15:44

Пракуратура Ленінскага раёну Магілёва й Магілёўская Ленінская выбарчая камісія не задаволілі скаргаў апазыцыйнага прэтэндэнта на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Ігара Каваленкі.


Прэтэндэнт вінаваціў камэнданта магілёўскага інтэрнату № 6 акцыянэрнага аб’яднаньня “Магатэкс” у тым, што той перашкодзіў ягонай ініцыятыўнай групе зьбіраць подпісы ў яго падтрымку. Пракуратура й камісія фактаў парушэньня ня выявіла. Так пазначана ў адказе старшыні донарскай няўрадавай арганізацыі “Кропля жыцьця” Ігару Каваленку.

Непасрэднай сьведкай факту парушэньня выбарчага заканадаўства была сябра ініцыятыўнай групы апазыцыянэра Аксана Самойлава. Яна ўпершыню ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі, і ўпершыню ёй давялося даваць тлумачэньні ў пракуратуры. Паводле спадарыні Самойлавай, пракурор у гутарцы зь ёй паводзіла сябе надзвычай дзіўна:

“Самае абуральнае, што ў мяне выклікала буру эмоцыяў, гэта тое, што я прыйшла зь дзяўчынай, якая не ў ініцыятыўнай групе, але яна хадзіла са мной. Гэтую дзяўчыну пракурор сама непасрэдна выклікала, а потым ёй сказала: “А вы не з ініцыятыўнай групы, дык хто вы такая? Пайшла з кабінэту!” І тут жа ў мяне пытаецца: “Ці ёсьць сьведкі?”

Рашэньне пракурора ня стала для Аксаны Самойлавай нечаканым. Што найбольш уразіла спадарыню Самойлаву падчас збору подпісаў:

“Уразілі адносіны людзей, якія маюць хоць нейкую ўладу, да выбараў. Ім сказалі: прапускаць таго, а таго не прапускаць — яны так і робяць. Без згрызотаў сумленьня яны могуць хлусіць у пракуратуры. Таму ясна, што выбары не дэмакратычныя. Я думала, што так будзе, аднак ня думала, што гэта будзе так яскрава відаць”, — зазначае Аксана Самойлава.

30 ліпеня вахторка інтэрнату не дазволіла прайсьці ініцыятыўнай групе апазыцыйнага прэтэндэнта да яго насельнікаў, каб зьбіраць подпісы. Вахторка тлумачыла свае дзеяньні загадам камэнданткі, якая нібыта загадала прапускаць у інтэрнат толькі ініцыятыўную групу старшыні абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане” Ўладзімера Васіленкі. У пракуратуры вахторка казала адваротнае: маўляў, ніхто не загадваў.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb