Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лошыцу баранілі мастацтвам і вясельлямі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У суботу ў менскім сядзібна-паркавым комплексе “Лошыца” адбыўся шэраг культурніцкіх імпрэзаў у абарону гэтага ўнікальнага помніка даўніны.

Апоўдні ля ўваходу ў сядзібны дом, які зьяўляецца цэнтрам кампазыцыі Лошыцкага парку, моладзь разгарнула фотаэкспазыцыю, з аркушаў якое прысутныя вачыма фатографа Валерыя Вядрэнкі ўбачылі чароўныя куточкі гэтае ва ўсіх сэнсах самае таямнічае менскае мясьціны. А крыху воддаль у цяні старажытных дрэваў юныя мянчукі пачалі маляваць яе прыгажосьць.



Маленькая Ліза старанна выводзіць на паперы ліпавыя прысады, па якіх любіць гуляць з бацькамі.

“Малюю дрэвы, траву і дарогу Лошыцы”.

Першакурсьнік аднаго зь менскіх унівэрсытэтаў Ільля далучыўся да гэтага імправізаванага пленэру з трывогай за лёс улюбёнае мясьціны адпачынку:

“Мне проста неабыякавы лёс гэтага парку. А калі я даведаўся пра гэтыя пляны рэканструкцыі, асабліва калі стала вядома пра знос старадаўніх пабудоў і пераўтварэньня Лошыцы ў нейкі глямурненькі парк кшталту парку Горкага, мне гэта вельмі не спадабалася. Я прыйшоў сюды разам зь іншымі 21 ліпеня, і мы тады вырашылі сабрацца сёньня і зладзіць мастацкі пленэр”.

Побач юная дзяўчына Мар’яна малюе знакаміты лошыцкі сядзібны дом:

“Сёньня мы малюем сядзібу, тую сядзібу, пляны вакол якой і выклікалі розгалас. Сядзіба старажытная. Яна ўяўляе вялікую гісторыка-культурную каштоўнасьць і ейны лёс заклапоціў нас”.

Сяброўка Мар’яны Аляксандра верыць у грамадзкую сілу падобных акцый:

“Калі людзі пазытыўныя зьбіраюцца і малююць разам – гэта добра і гэта прыцягвае ўвагу грамадзтва, гэта паказвае, што ёсьць адэкватныя людзі, якім неабыякавы лёс свайго гораду”.

Крыху воддаль юных мастакоў некалькі кабетаў гулялі па прысадах у сярэднявечных строях. І гэта была іх форма пратэсту супраць плянаў разбурэньня старасьвеччыны ў Лошыцы. Выкладчыца Ларыса Козак:

“Тут нельга ў іншым быць, тым больш, што гэты маёнтак Прушынскіх быў з 1530 году да канца дзевятнаццатага стагодзьдзя”.

Карэспандэнтка: “А калі перабудуюць сядзібу, зробяць тут прыгажосьць з плястыку, вы апранецеся так?”

Козак: “Не”.

Краявіды з адпачывальніцамі ў старадаўніх сукенках аздаблялі шлюбныя строі некалькіх параў, якія сёньня абралі Лошыцкі парк за месца сваіх вясельляў.

Куратар сёньняшніх арт-імпрэзаў у Лошыцы мастачка Ніка Сандрас спадзяецца, што грамадзкасьці ўдасца захаваць гэтую чароўную менскую мясьціну:

“Хацелася б, каб у сродках масавае інфармацыі ўсё-ткі зьявіліся тлумачэньні і малюнкі, як гэта плянуецца перарабіць, што тут будзе, каб мелі мы пра гэта ўяўленьне. І я спадзяюся, што мы гэта атрымаем. Мы напісалі просьбу мэру Паўлаву і вялікую колькасьць зваротаў да іншых дзяржаўных асобаў. Чакаем адказаў”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG