“Такога прыніжэньня я ня ведаў з часоў лягера сьмерці”
22.07.2008 15:21
У Гомельскай вобласьці міліцыя праверыла на прадмет датычнасьці да выбуху ў Менску пажылых чальцоў ПКБ.
У Мазыры міліцыянты апыталі былога малалетняга вязьня фашыстоўскіх лягераў, сябра ПКБ Уладзімера Жоглу і ўзялі ў яго ўзоры сьліны.
71-гадовага камуніста выклікалі ў аддзел крымінальнага вышуку Мазырскай міліцыі як заяўніка пікету супраць адмены сацыяльных ільготаў. Але дапытваліся не пра пікет, а пра тое, дзе ён быў 3 ліпеня.
я ня вытрымаў — сьлёзы самі пакаціліся з вачэй. Такога прыніжэньня я ня ведаў з часоў знаходжаньня ў лягеры сьмерці
“Я адказаў, што быў на лецішчы ў вёсцы Матрункі. Пасьля гэтага ў мяне з-за абедзьвюх шчок практыкантка-мэдык узяла тампонамі аналізы сьліны. І калі на дадатак мяне прымусілі сфатаграфавацца анфас і ў профіль пад нейкім нумарам, я ня вытрымаў — сьлёзы самі пакаціліся з вачэй. Такога прыніжэньня я ня ведаў з часоў знаходжаньня ў лягеры сьмерці”, — распавёў спадар Жогла.
Узоры сьліны ўзялі таксама ў пэнсіянэраў, чальцоў ПКБ Юрыя Бокава й Яўгена Брусьніцына з Мазыра.
У Рэчыцы праверылі каля дзесяці састарэлых камуністаў з апазыцыйнай партыі, у тым ліку й вэтэрана вайны, 85-гадовага Барыса Саланца.
Пра гэта паведаміў кіраўнік раённай арганізацыі ПКБ Уладзімер Шэін. Апошняга, дарэчы, таксама дапытвалі, дзе ён быў з 3 на 4 ліпеня.
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы