Грамадзтва

“Патрэбнае незалежнае расьсьледаваньне”

05.07.2008 17:51

Прадстаўнікі апазыцыі заклікалі да незалежнага грамадзкага расьледаваньня інцыдэнту, які здарыўся ў Менску 4 ліпеня. У шпіталях застаюцца каля 40 пацярпелых ад выбуху.

Сёньня пад час наведваньня імпрэзы на “Лініі Сталіна”Аляксандар Лукашэнка заявіў, што выбух пад час канцэрту 4 ліпеня ня быў скіраваны супраць яго. ”Для іх гэта было б добра, дастаць прэзыдэнта, але ж яго ахоўваюць”, - сказаў кіраўнік Беларусі. Ён адзначыў, што знаходзіўся праз дарогу і наўрад ці мог пацярпець. А.Лукашэнка заявіў: ”Хочаце ваяваць – рабіце гэта лоб у лоб”. Камэнтуючы выказваньні апазыцыйных палітыкаў, якія засьцераглі ўлады ад выкарыстаньня выбуху дзеля новай хвалі барацьбы з палітычнымі апанэнтамі, А.Лукашэнка заявіў:
Гайкі мы будзем заварочваць на галовах у тых, хто да гэтага мае дачыненьне.
А.Лукашэнка
 


“Што тычыцца закручваньня гаек. А навошта нам сёньня нешта закручваць? Што такое адбылося ў краіне, каб закручваць гайкі? Я разумею, на злодзеі і шапка гарыць, таму пачалі хуценька некаторыя палітыкі займацца перапеўкамі. Але ў гэтым выпадку, гэта хоць і пытаньне палітычнае, але разьбірацца мы будзем па законе. Ня важна, хто гэта будзе: лідэры, ня лідэры, значныя яны для Захаду ці для Ўсходу... Гайкі мы будзем заварочваць на галовах у тых, хто да гэтага мае дачыненьне”.

Ён заявіў, што ніякія правакацыі не дапамогуць сапсаваць сьвята, нават калі яно некаму не падабаецца. Маўляў, у краіне “ёсьць людзі, якім сьвята не падабаецца, і іх ведаюць у твар”. Лукашэнка таксама сказаў, што не пакінуў канцэрт пасьля выбуху, каб не пачалася паніка.

Прадстаўнікі апазыцыі заклікалі да незалежнага грамадзкага расьсьледаваньня абставінаў выбуху. Юрыст Ігар Рынкевіч сказаў:
Мы бачым тут пэўныя паралелі з выпадкамі, якія мелі месца ў верасьні 2005 года.  І.Рынкевіч


“Падзеі з выбухам, ужо бачна паводле камэнтароў спадара Лукашэнкі, будуць скіраваны на апазыцыю. Таму вырашана арганізаваць незалежнае, грамадзкае расьсьледаваньне. Мы бачым тут пэўныя паралелі з выпадкамі, якія мелі месца ў верасьні 2005 года. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў гэтыя выбухі былі, што дало глебу для ўзмацненьня крымінальнага заканадаўства. У кватэрах апазыцыянэраў шукалі выбуховыя кампанэнты. Віцебскіх злачынцаў дагэтуль не знайшлі”.

Камэнтуючы дзеяньні сілавых структураў і тое, што канцэрт працягваўся, нягледзячы на выбух, юрыст Алег Воўчак мяркуе, што тут ёсьць пытаньні да міністра ўнутраных справаў:

“Пасьля “жывога шчыта” і цяпер відавочна, што МУС вельмі многа траціць намаганьняў на барацьбу з апазыцыяй, а не на меры бясьпекі насельніцтва. І яны павінна задумацца, як наступны раз праводзіць такія сьвяты. Бо гэта мінус усёй міліцыі, усёй праваахоўнай сыстэме, якія дапусьцілі такія выбухі ў цэнтры горада”.

Віктар Сірэнка
У менскіх лякарнях застаюцца 40 пацярпелых ад выбуху. Галоўны доктар менскага шпіталю хуткай дапамогі Віктар Сірэнка сказаў, што ў ягоным шпіталі знаходзяцца чацьвёра пацярпелых. Стан аднаго з параненых цяжкі, але стабільны.
Мінна-выбуховая траўма адносіцца заўсёды да катэгорыі цяжкіх. В.Сірэнка


“Гэта хлопчык 18-ці гадоў. Ён атрымаў раненьне, якое пранікае ў брушную поласьць з пашкоджаньнем печані. І ранячы снарад знаходзіўся каля ніжняй полай вены. Мы выявілі, што там назіраецца прарыў гэтай вены. Пайшлі на апэрацыю. Таму ён знаходзіцца ў цяжкім стане. Але ён пры сьвядомасьці, дыханьне падтрымліваецца апаратам.

Характар зраненьня адзін – гэта мінна-выбуховае зраненьне. Мінна-выбуховая траўма адносіцца заўсёды да катэгорыі цяжкіх”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Аргкамітэт Горад:: Мінск
05.07.2008 20:58

Па меркаванні аргкамітэта Грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, трагедыя, якая здарылася ў Менску 4 ліпеня, мае нацыянальны характар, галоснасць і ўдзел грамадскасці ў расследаванні дапаможа пазбегнуць спекуляцый і ўсталяваць сапраўдных вінаватых. Усім, у каго маецца інфармацыя па акалічнасцях трагічнага інцыдэнту праваабаронцы прапаноўваюць яе таксама паведамляць на электронны адрас: svideteli@inbox.ru або па тэлефоне: 8-029-180-7205


Імя:: Мікола Горад:: літва
08.07.2008 12:26

Пану прэзыдэнту трэба устрымацца ад такой
рыторыкі і дзякаваць Бога, што выпадкова застаўся жывы з-за выпадковых пралікаў тэрарыстаў.Ня трэба выстаўляцца такім крутым і хітрым дзядзькам, калі ўсе бачаць поўную непрафэсыйнасць КДБ РБ і МУС РБ. Час пагнаці з крэслаў няздольных
кіраўнікоў сілавых структур, бо што будзе
калі РБ застанецца без такога прэзідэнта?

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks
ПАМЕР ШРЫФТУ