Грамадзтва

“Быкаў услаўляў свой народ, а ня ўладу”

19.06.2008 17:35

Сёньня, у дзень нараджэньня Васіля Быкава, многія людзі прыходзяць на Ўсходнія могілкі, дзе пахаваны пісьменьнік.

На магіле Васіля Быкава — сьціплыя букецікі сініх валошак, якія любіў пісьменьнік, рамонкі, белыя і чырвоныя гвазьдзікі. З раніцы не было ніякіх арганізаваных мітынгаў, проста падыходзілі людзі з кветкамі і моўчкі стаялі каля магілы... Гутару зь людзьмі:

Дзядок: “Для мяне Быкаў — гэта Беларусь, гэта сумленьне, гэта праўда. Я маю яго творы, перачытваю “Доўгую дарогу дадому”, зьдзіўляюся, як ён змог выжыць”.

Спадар: “Для мяне гэта прыклад сапраўднага беларуса”.

Вэтэран: “З Васілём Быкавым як старыя салдаты мы часта размаўлялі і пра вайну, і пра пасьляваенны час. Я ведаю Быкава ня толькі па ягоных творах, я сябраваў зь ім. Для мяне дзень памяці Васіля — гэта ня проста дата, а памяць пра страчанага салдата, байца, добрага сябра. Дай Бог, каб памяць пра яго жыла ў сэрцах нашага народа, яго творы дапамагалі людзям асэнсаваць усе жахі вайны”.

Спадарыня: “Для мяне — гэта наш народ, гэта наша нацыя, гэта дух нашай нацыі. Кожная зь яго кніжак — гэта рысачка нашага характару беларускага. Дзень нараджэньня Быкава нельга забыць, таму я тут”.

Чаму ў Беларусі так і не ўшанаваная памяць Быкава? Чаму ні ў Менску, ні ў Горадні, ні на радзіме так і не зьявіліся вуліцы імя Васіля Быкава?

Спадар: “Уладзе не патрэбны такія людзі. Такія людзі, як Быкаў — уладзе перашкода. Таму пакуль гэтая ўлада ёсьць — усё так і застанецца”.

Юнак: “Баяцца — гэта адно. А па-другое, улады ў нас такіх маральных прынцыпаў, што, відаць ім сорамна, быўшы пры ўладзе, праяжджаць па той жа вуліцы Васіля Быкава”.

Спадар: “Сапраўды, улады не дасьпелі да таго, што для Беларусі, што ўвогуле да грамадзянскай супольнасьці эўрапейскай значыць постаць Быкава. Пэўна, ад таго, што яны не дасьпелі, ім няёмка і сорамна. Я ведаю факт, што ў Віцебску мясцовыя ўлады адмянілі чытаньні. Не дарасьлі нашы ўлады да ўсьведамленьня агульначалавечых каштоўнасьцяў такіх вялікіх постацяў, якім быў для нас усіх Васіль Быкаў”.

Спадарыня: “Улады ніколі не ўшаноўваюць тых, хто іх не ўслаўляе. Быкаў услаўляў свой народ, а ня ўлады. Таму, відаць, ён ім і недаспадобы. Але час расставіць усе кропкі над “і”. Тыя, хто зараз яго не шануе, яны адсыплюцца, адыдуць. А Быкаў — ён вечны. І прыйдзе час, і ён будзе ўшанаваны”.

Спадар: “Калі верыць такім аксакалам нашай літаратуры, як Ніл Сымонавіч Гілевіч, ён жа пісаў: “І дойдзем, дойдзем, дойдзем мы да Беларусі”. А разам зь ёй і да Быкава”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Весь Горад:: Гародня
20.06.2008 12:08

Нікога Быкаў не ўслаўляў. Дастаткова перачытаць ягоныя творы, і ўбачыш, што ён заўсёды паказваў розных людзей - здраднікаў і высокародных духам. Але і аб апошніх ён распавядаў стрымана, не пырскаючы слінай.


Імя:: Каваль
23.06.2008 22:56

Быков прославлял свой народ и свою Беларусь.Он любил её.Любовь Быкова к Беларуси соединялась с верою внеё,с верою в её призвание,в творческую силу её духа. Он жил ею,вместе с нею и ради неё,соединил с нею истоки творческой воли и своего духовного самочуствия.Он любил свой народ и верил в него.И знал,что теперешняя диктатура это историческое испытание выпавшее на долю его народа. Быков знал,что из этого испытания белорус- кий народ выйдет очистившимся и умудрившимся.Дни падения переходящи,а духовные вечны! Быков был убеждён,что его народ будет в независимым государстве.Это его неотъемле-мое,естественное и священное право,и в то же время это его историческая,общечелове-ческая и религиозная обязанность.И наш народ не имеет духовного права отказаться от этой обязанности и от этого призвания.Это свято! Нельзя погасить в себе эту святыню!Ею надо жить! Её нельзя оттадать на порабощение или в попрание другим народам! Я так вижу творчество Быкова.А отклик из Гродна написал хулитель Быкова!

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb