Палітыка

Рэфэрэндум у Ірляндыі: момант ісьціны для Эўропы

11.06.2008 18:31

12 чэрвеня ў Ірляндыі адбудзецца рэфэрэндум па Лісабонскай дамове, якая ўсталёўвае новыя прынцыпы кіраваньня Эўразьвязам


Калі ірляндцы выкажуцца адмоўна, рэформа Зьвязу можа быць спыненая. Ужо зараз у Эўропе разважаюць над тым, як працягваць далейшую інтэграцыю ў аб'яднанай Эўропе, калі ірляндцы скажуць дамове «не».

На сёньняшні дзень дамову ўжо ратыфікавалі 17 з 27 дзяржаваў Зьвязу, у тым ліку Нямеччына, Францыі і Польшча. Парлямэнт Эстоніі ўхваліў дамову 11 чэрвеня.
Аднак у Ірляндыі паводле закону такое пытаньне павінна быць абавязкова вынесенае на рэфэрэндум.

Лісабонская дамова стала кампраміснай спробай працягнуць эўрапейскую інтэграцыю пасьля таго, як ў 2005 годзе на рэфэрэндумах ў Францыі і Нідэрляндах быў адхілены праект Канстытуцыі Эўропы. Лісабонскае пагадненьне крыху карацей праекту, пахаванага францускімі і галяндзкімі выбаршчыкамі (хаця гэта ўсё роўна 350 старонак складанага тэксту), яно крыху інакш сфармулявана, але прынцыпы адхіленага канстытуцыйнага праекту ў ёй захаваліся: гэта абмежаваньне права вета асобнай краіны, умацаваньне і пашырэньне паўнамоцтваў наднацыянальных органаў Зьвязу, увядзеньне пасады прэзыдэнта і міністра замежных спраў Зьвязу.

Аднак дамова, у адрозьненьне ад праекту Канстытуцыі, сфармулявана такім чынам, што яна амаль ва ўсіх краінах Зьвязу можа быць ратыфікаваная парлямэнтамі і не патрабуе рэфэрэндумаў для яе зацьвяржэньня. А паколькі эліты, ў тым ліку і парлямэнтары, зацікаўленыя ў працягу эўраінтэграцыі, ў набыцьці Эўропай выразнага палітычнага твару, то праблемаў у ратыфікацыі дамовы парлямэнтамі дагэтуль не было. Але Ірляндыя – выключэньне, там закон патрабуе рэфэрэндуму.
І шанцы на тое, што ірляндцы прагаласуюць “за” , ня надта вялікія. Гаворыць палітычны аглядальнік газэты “Irish Time” Марк Хэннэсі.

Хэнэссі: “Кампанія “Скажы дамове “не” была праведзеная вельмі разумна, яны вылучылі шэраг абвінавачваньняў на адрас дакумэнту, часам супярэчлівых, і ўрад губляў час, каб абвергнуць гэтая абвінавачваньні, замест таго, каб гаварыць пра станоўчыя бакі дамовы”.

Праціўнікі дамовы працавалі з грамадзкай думкай з канца мінулага году. У той жа час ўрад быў заняты іншымі праблемамі, толькі ў мінулым месяцы кабінэт Брайна Коўэна зьмяніў ўрад прэм'ера Бэрці Ахэрна. Паводле апытаньняў, долі прыхільнікаў і праціўнікаў дамовы вельмі блізкія, адно апытаньне прадказвае перамогу праціўнікаў дамовы.

Між тым дамова набудзе сілу з 1студзеня 2009 году, калі да гэтага часу яе ратыфікуюць усе 27 краін, што ўваходзяць у Зьвяз, у тым ліку і Ірляндыя.

Насельніцтва Ірляндыі складае 1% ад агульнай колькасьці людзей, што жывуць у краінах Зьвязу. Але калі яны 12 чэрвеня скажуць на рэфэрэндуме Лісабонскай дамове “не”, то 2005 год можа паўтарыцца – няма згоды Ірляндыі, няма дамовы.

Ужо зараз у Эўропе ідуць размовы, што ж рабіць, калі вынік ірляндзкага рэфэрэндуму будзе адмоўным і ці можа будзе неяк працягнуць эўраінтэграцыю і ў гэтым выпадку. Адзін з францускіх міністраў заявіў, што любой краіне, якая адхіліць Лісабонскую дамову, варта падумаць аб выхадзе з Эўразьвязу.
Аднак іншыя спасылаюцца на тое, што калі ў 2005 годзе Францыя і Галяндыя на рэфэрэндумах адкінулі праект Канстытуцыі Эўропы, то ніхто не прапаноўваў выключаць іх са Зьвязу, замест гэтага быў спынены працэс ратыфікацыі. Гэтак і зараз неяк недарэчна было б караць Ірляндыю за дэмакратычны спосаб прыняцьця рашэньняў – кажуць прыхільнікі гэтага меркаваньня.

Гавораць пра яшчэ адзін сродак абысьці магчымае ірляндзкае “не” – даволі папулярную ў Эўразьвязе ідэю “паглыбленай інтэграцыі”. Яе сутнасьць у тым, што некалькі (ня ўсе) краіны Зьвязу могуць дамовіцца пра больш шчыльнае супрацоўніцтва ў пэўных галінах. Аднак у дадзеным выпадку размова ідзе пра такую “галіну”, як базавыя прынцыпы пабудовы саюзу. Так што ў дадзеным выпадку “паглыбленае супрацоўніцтва” – ня што іншае, як сынонім расколу.

Варта таксама ўлічыць, што і ў іншых краінах Зьвязу, у тым ліку і ў тых 9, якія яшчэ не ратыфікавалі Лісабонскую дамову, нямала яе апанэнтаў. І калі ірляндцы скажуць “не”, гэта можа натхніць праціўнікаў дамовы па ўсёй Эўропе і прывесьці да правалу ратыфікацыі яшчэ ў некалькіх краінах.

У любым выпадку рэфэрэндум у Ірляндыі – момант ісьціны для Эўрапейскага Зьвязу.


 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-5 (з 5)
Імя:: БР
11.06.2008 18:47

Речь Посполита уже это проходила. Бу-га-га три раза


Імя:: Дрыгавіч Горад:: Менск
11.06.2008 20:29

Для БР:
Ну канешне рускія ўсунулі і там свой нос! Без засланых казачкоў з Масквы не абышлося і ў Сойму Рэчы Паспалітай. Дакладней падкупленых.


Імя:: Korj Горад:: Менск
12.06.2008 10:18

350 старонак не чытаў, але сама ідэя падкупіць толькі ружовыя парлямэнты, абыйшоўшы волю народу ў такім прынцыповым пытаньні, як частковая страта Незалежнасьці вартая праклёну не разьбіраючыся. Хай вось тыя "эліты", самі сярод сябе выбіраюць прэзыдэнтаў, шмэзыдэнтаў, лепей зьедуць усе на якую выспу Сьв.Гэлены і там сабе элітарную дзяржаву і будуюць - народ ім непатрэбны, нават перашкаджае!
Ад самага пачатку ЭЗ утвораны ружовымі, каторыя хацелі праз гэта да ЦЦЦП далучыцца. Ружовыя і зара' пры ўладзе, адзіны вынік якой - бясконцыя карупцыйныя вэрхалы і поўная няздольнасьць мець нейкую прынцыповую пазыцыю. Узяць напрыклад пытаньне Беларусі, ці Грузыі - каб не голас Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхіі, навогул ніхто б не заўважаў на нашае існаваньне, а Грузыя была б даўно акупаваная Расеяй. Каб не галасы новых эўрапейскіх краінаў, ужо б даўно эўрабюракраты здалі Эўропу ў васалітэт да Лубянкі, што тут казаць, калі канцлеры Нямеччыны прадаюцца як курвы вакзальныя.
Зара' стаіць пытаньне аб тым, каб пад бравурныя размовы аб сьветлай эўрапейскай будучыні адабраць у ўсходніх краінаў права што-небудь вырашаць у Эўропе. Наступны крок - поўная здача Лубянцы. Адна надзея на Ірляндскі народ, дастаткова ён пажыў у калёніі...


Імя:: Artes
12.06.2008 10:22

"...умацаваньне і пашырэньне паўнамоцтваў наднацыянальных органаў Зьвязу, увядзеньне пасады прэзыдэнта"
Немцы аб гэтым даўно мараць... Ірляндцы - разумныя людзі, не прапусьцяць яны гэту афёру.


Імя:: Korj Горад:: Менск
12.06.2008 10:55

2Белый Росс: дык валіце ў сваю Расею ўлюблёную - там такога "дзікунства" па-вашаму, як дэмакратыя, ад стварэньня Арды не было - будзе вам шчасьце, дык не - мазахістычна, як на працу (як?) поўзаеце па ненавісных сайтах і абураецеся! Вы не хворы часам?

Камэнтары 1-5 (з 5)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb