Наступная праграма
Вечаровы эфір
18:00 - 19:00
Вечаровы эфір
19:00 - 20:00
Вечаровы эфір
20:00 - 21:00

Культура

Да брытанскіх і чэскага дадаўся францускі патрон

06.06.2008 09:04

Пачаліся гастролі беларускага “Свабоднага тэатру” ў Францыі. На сцэне парыскага “Théâtre-Studio Alfortville” гледачам будзе паказаны спэктакль «Пакаленьне Джынс» – своеасаблівая храналёгія барацьбы беларускай моладзі за свабоду ў аўтарытарнай краіне.

Кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін па тэлефоне з Парыжу расказаў, чым “Свабодны тэатар” будзе займацца цягам бліжэйшага тыдня:
 
“Гэта ўжо традыцыйныя гастролі, якія праходзяць у нас тут увесну і напачатку лета. Трэці год запар мы паказваем свае спэктаклі. Гэтым разам пакажам “Пакаленьне Джынс”, які неаднойчы ўжо паказваўся ў Францыі, але ён тут вельмі папулярны. Таму ён і запрашаецца сюды амаль кожны год”.
 
Карэспандэнт: “Толькі “Пакаленьне Джынс” будзеце паказваць?”
 
“Так, зараз толькі “Пакаленьне Джынс”. Асноўнымі былі сэты перамоваў, і мы не вывозілі ўсю трупу. Артысты рыхтуюцца да працы над двума новымі спэктаклямі”. 
 
Мікалай Халезін удакладняе, што ідзе вельмі актыўнае пазасцэнічнае кантактаваньне з калегамі – напрацоўваюцца новыя знаёмствы, плянуюцца новыя гастрольныя маршруты:
 
“Прайшло вельмі шмат перамоваў, шмат сустрэчаў, якія ўплываюць на нашу сытуацыю. Так, Арыяна Мнушкіна (Ariane Mnouchkine) – выдатны дзеяч францускага і ўсясьветнага тэатру – увайшла ў склад апякунскай рады нашага тэатру. Таксама яна запісалася на відэа, выказала свае спачуваньні, сваю падтрымку беларусам. Гэтае відэа, калі мы вернемся ў Беларусь, перавядзём у лічбавы фармат і выкладзем у інтэрнэт. Таксама прайшлі перамовы зь некалькімі тэатрамі аб наступных гастролях “Свабоднага тэатру”, уключна з кіраўніцтвам тэатральнага фэстывалю “Пасаж” у Нансі – ён адбудзецца ў траўні наступнага году, куды мы ўжо запрошаныя з нашай трылёгіяй “Зона маўчаньня”.

Дадам, што, апроч Арыяны Мнушкінай, у апякунскую раду тэатра ўжо ўваходзяць брытанскія драматургі Том Стопард і Марк Равэнхіл, а таксама драматург, экс-прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл.Паказальна, што Арыяна Мнушкіна была першай уладальніцай міжнароднай прэміі «Эўропа – тэатру», якую сёлета ў Грэцыі атрымаў «Свабодны тэатар».
 
Чаму альтэрнатыўныя тэатры даюць фору дзяржаўным? Чаму выбітныя тэатральныя дзеячы і замежная публіка маюць падвышаны інтарэс да таго, што робяць экспэрымэнтальныя беларускія трупы? Адной з прычынаў культуроляг Максім Жбанкоў лічыць напаўпадпольнае існаваньне альтэрнатыўных пляцовак у Беларусі. Дарэчы, менавіта з гэтай прычыны такія праекты можна пралічыць на пальцах адной рукі:
 
“Справа ў тым, што ў іх няма магчымасьці нармалёва працаваць у нашых умовах. Таму яны зьбіваюцца альбо на сталыя пошукі замежнага фінансаваньня, альбо на спробу зарабляць па-за межамі краіны. З гледзішча ўладаў, усе гэтыя тэатры, яны занадта “вумныя”, яны нон-канфармісцкія, крытычна ставяцца да нашай рэчаіснасьці ўва ўсіх яе ўвасабленьнях. Таму гэта нязручна, таму гэтага ў нас ня можа быць на афіцыйным узроўні”.
 
Карэспандэнт: “Ад існуючых традыцыйных тэатраў – ад Горкага да Купалаўскага – можна чакаць экспэрымэнтаў, цікавых ня толькі беларускім гледачам?”
 
“У свой час Уладзімер Шчэрбань (цяпер рэжысэр “Свабоднага тэатру” – Р.С.) казаў мне: калі яго выціскалі з Купалаўскага, на ягоныя прапановы чагосьці іншага, больш экспэрымэнтальнага, быў адказ просты: гэта не купалаўскі фармат. То бок, у тэатральным асяродзьдзі на дзяржузроўні існуе пэўная культурніцкая інэрцыя. Яны спазьняюцца з агульных пазыцый усясьветных тэатральных тэндэнцый гадоў на 10, ня менш. Яны інэрцыйныя, традыцыйныя, вельмі асьцярожныя і яны, у рэшце рэшт, заадміністраваныя. А там, дзе ёсьць татальнае адміністраваньне, ня можа быць тэатральнага экспэрымэнту”.
 
“Свабодны тэатар”, экспэрымэнты якога ўжо на “ўра” прынятыя ў многіх краінах сьвету, вяртаецца з Францыі ў сярэдзіне чэрвеня і адразу пачынае працу над двума новымі праектамі. Адзін зь іх мы ўжо анансавалі – гэта спэктакль “Спасьцігаючы каханьне”, у якім у напаўдакумэнтальным фармаце расказваецца гісторыя каханьня Ірыны і Анатоля Красоўскіх.
 
Апроч таго, заплянаваны прыезд у Менск дзеля правядзеньня майстар-клясаў вядучых актораў парыскага «ThéâtreduSoleil», у якім працуе рэжысэрам Арыяна Мнушкіна.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму
 
 
  Паслаць  
 
 
 
Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Апублікуй у LiveJournal:
Live Journal