Палітыка

Абама ідзе ў прэзыдэнты

04.06.2008 19:11

У Злучаных Штатах завяршыліся першасныя выбары кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта краіны.


Сэнатар-дэмакрат Барак Абама заявіў пра сваю перамогу над партыйнай суперніцай Гілары Клінтан. На сёньняшні дзень Абама заручыўся падтрымкаю неабходнай колькасьці дэлегатаў зьезду Дэмакратычнай партыі, на якім у жніўні й будзе вылучаны кандыдат ад дэмакратаў для ўдзелу ў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах.

Перамога Барака Абамы завяршае 16-месячную напружаную і непрадказальную кампанію, падчас якой малавядомы, малады сэнатар, выступаючы з прапановаю пераменаў, вырас у харызматычнага нацыянальнага лідэра.

Выступаючы сёньня ўначы ў Мінэсоце, у горадзе Сэнт-Пол, Абама заявіў пра сваю перамогу ў канкурэнцыі з былой першай лэдзі Злучаных Штатаў:

“Гэта наш час. Наш час перагарнуць старонку палітыкі мінулага. Наш час адказаць новай энэргіяй і новымі ідэямі на выклікі, перад якімі мы стаім. Наш час прапанаваць новы кірунак для нашай любімай краіны”.

16 месяцаў назад палітычныя камэнтатары адназначна сьцьвярджалі, што кандыдатам на прэзыдэнта ад Дэмакратычнай партыі на выбарах 2008-га будзе Гілары Клінтан. Зь велічэзнай перавагаю яна вяла ў апытаньнях – за ёю былі сур’ёзныя палітычныя сувязі і фінансавыя рэсурсы. Абаму ж тады характарызавалі як невядомую фігуру, замаладую, зусім неспрактыкаваную. Шмат хто казаў і пра тое, што чорны палітык ня зможа выйграць праймэрыз.

Але дзякуючы сваім электрызуючым выступам, што натхнілі мільёны выбарнікаў, перадусім маладых людзей, дзякуючы бліскуча праведзенай кампаніі і тысячам ахвяраваньняў ад радавых амэрыканцаў Барак Абама стаўся палітычным фэномэнам.

Сёньня ўночы Гілары Клінтан павіншавала яго, аднак пры гэтым адмовілася пакуль што пакідаць перадвыбарную гонку. Чакаецца, што перамовы блізкім часам дадуць адказ на пытаньне, якая роля можа быць прапанаваная Гілары Клінтан, каб заахвоціць яе выйсьці з барацьбы за ролю кандыдата ў прэзыдэнты і падтрымаць Абаму. Наперадзе – далікатнае палітычнае манэўраваньне. Дэмакраты разумеюць, што партыя ня можа заставацца падзеленаю, калі разьлічвае перамагчы на выбарах у лістападзе кандыдата ад рэспубліканцаў Джона Маккейна.

Камэнтатары падкрэсьліваюць, што Маккейн, дасьведчаны сэнатар, герой віетнамскай вайны, шмат у чым будзе для Абама больш сур’ёзным апанэнтам, чым Гілары Клінтан. Першасныя выбары засьведчылі, што Абама мае зрабіць яшчэ нямала, каб здабыць прыхільнасьць многіх выбарнікаў – перш за ўсё жанчын і рабочых людзей.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
05.06.2008 09:08

Нічога ня маю супраць. Проста думка ў слух... Калісьці мы ў 1994 годзе мелі сваю "невядомую фігуру". Што атрымалі..? Пытаньне рытарычнае. ЗША канешне ж не Беларусь, але тым ня менш...


Імя:: Artes
05.06.2008 10:11

Цікава было б дазнацца больш падрабязна з чаго складаецца яго праграма. Бо заявы "накарміць усіх бедных" і "новы кірунак для краіны" выглядаюць неяк расплывіста й непрадказальна... Ды і Беларусь ужо мае досьвед маладога, невядомага кандыдата, які "сваім электрызуючым выступам...натхняў мільёны выбарнікаў"...
Канешне у Амэрыцы "беларускі" варыян не магчымы, але Абама выглядае занадта слабым кандыдатам у такі няпросты час... "слабая" Амэрыка - вельмі дрэнная пэрспэктыва для Беларусі...

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb