Грамадзтва

Спонсарам музэю Барыса Кіта стаў бізнэсовец з Расеі

04.06.2008 08:22

Сёньня ў Наваградку ўрачыста адкрылі музэй Барыса Кіта, беларускага асьветніка і грамадзкага дзеяча, сусьветна вядомага навукоўца ў галіне астранаўтыкі.

Музэй Кіта разьмясьціўся ў будынку былой беларускай гімназіі, а цяпер сярэдняй школы нумар 1, дзе калісьці вучыўся сам спадар Кіт, а пазьней працаваў настаўнікам і дырэктарам.

На будынку Наваградзкай школы нумар 1 некалькі гадоў таму была разьмешчаная мэмарыяльная дошка ў гонар былога дырэктара Наваградзкай гімназіі і ганаровага грамадзяніна гораду Барыса Кіта. А сёньня ў школе зьявіцца ягоны музэй, які будзе мець статус філіі Наваградзкага гісторыка-краязнаўчага музэю.

Пра самае цікавае ў экспазыцыі гаворыць дырэктар музэю Тамара Вяршыцкая:

“Вельмі цікавыя фотаздымкі, якія датычацца гісторыі Наваградзкай беларускай гімназіі. Там і выпускі, і адлюстраваньне дзейнасьці Кіта ў Наваградзкай і Віленскай беларускай гімназіі”.

Паводле Тамары Вяршыцкай, экспазыцыя пра Барыса Кіта знойдзе месца і ў плянуемым музэі славутых наваградцаў. Сам Барыс Кіт, якому ідзе 99-ты год, цяпер жыве ў нямецкім Франкфурце-на-Майне. На сёньняшнюю ўрачыстасьць у Наваградак ён прыехаць ня зможа. Але ён з ахвотай падзяліўся сваім настроем:
Гэта жывая гісторыя, ён равесьнік стагодзьдзя. І перакрочыў ужо ў 21-е стагодзьдзе...

“Пачуцьцё цудоўнае, радасьць, што вось яшчэ адно такое важнае культурнае асягненьне ў Беларусі, бо такія музэі зьяўляюцца асьветніцкімі месцамі, дзе народ вучыць сваю гісторыю”.

Музэй разьмесьціцца ў школьным будынку, да ўзьвядзеньня якога ў свой час меў дачыненьне і Барыс Кіт. І гэта яго вельмі цешыць:

“Сягоньня гэта школа нумар 1, а калісь гэта была Наваградзкая беларуская гімназія, дзе я быў вучнем, дзе я быў настаўнікам, дзе я быў дырэктарам і дзе я быў акруговым школьным інспэктарам... У гэтым будынку адбываліся цудоўныя культурна-гістарычныя падзеі Беларусі”.

Спонсарам стварэньня экспазыцыі пра Барыса Кіта ў Наваградку стаў прадстаўнік беларускай дыяспары ў Расеі Валерый Казакоў зь Кемерава. Падтрымалі гэтую ініцыятыву і наваградзкія ўлады.

Адна з удзельніц сёньняшняй урачыстасьці пісьменьніца Лідзія Савік, аўтарка кнігі пра Барыса Кіта “Космас беларуса”, перакананая, што герой яе кнігі варты музэю пры жыцьці:

“Таму што гэта жывая гісторыя, ён равесьнік стагодзьдзя. І перакрочыў ужо ў 21-е стагодзьдзе. Беларусь павінна ведаць сваіх славутых людзей, сваіх герояў, такія людзі садзейнічаюць і патрыятызму, любові да радзімы, сваёй мовы, культуры. І імкненьне да сусьветных дасягненьняў на ягоным прыкладзе можна моладзі прывіваць”.

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Пецярбургу, бачыў Лютаўскую рэвалюцыю, пасьля кастрычніцкага перавароту бацька адвёз яго на радзіму – у цяперашні Карэліцкі раён. Пасьля заканчэньня Віленскага ўнівэрсытэту быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай і Наварадзкай беларускіх гімназіяў. У часе другой сусьветнай вайны цярпеў ад перасьледу савецкіх і нацысцкіх уладаў. Эміграваў у ЗША, дзе рэалізаваў сябе ў праграме астранаўтыкі, адзін з распрацоўшчыкаў ракетнага паліва для астранаўтычных праектаў. На Беларусі зноў пабываў і атрымаў прызнаньне на пачатку 1990-х гадоў, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: Георгій Несьцер Горад:: Берасьце
04.06.2008 12:55

Вельмі ўсьцешаны, што адкрыўся гэты музэй, пачуцьцё радасьці!

У пачатку 1990-х гадоў Барыс Кіт некалькі разоў наведваў Наваградак. У той час ён пачаў працу па стварэньню ў Наваградку Беларускага універсітэта еўрапейскага узроўня. Была распрацавана канцэпцыя універсітэта, гэту працу падтрымала навуковая грамадскасьць і фундатары замежжа. З прыходам да улады рэжыма Лукашэнкі стварэньне ў Наваградку Беларускага універсітэта стала немагчымым.

Грамадскасць Наваградка шмат разоў звярталася да уладаў горада з прапановай надаць імя Барыса Кіта сярэдняй школе № 1. Нажаль, улады ў гэтым адмовілі. Будынак сярэдняй школы № 1 ўзьведзены, на ахвяраваньня мясцовых беларусаў, пры ўдзеле Барыса Кіта. Я ўпэўнены, хутка надыдзе той час калі сярэдняя школа нумар 1 будзе насіць імя Барыса Кіта.

Былы вучань сярэдняй школы нумар 1 Несьцер Георгій.

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb