Палітыка

Севярынец: “БХД трэба падымаць сьцяг”

24.05.2008 16:26

Сёньня ў сядзібе БНФ у Менску адбылася навукова-практычная канфэрэнцыя “Хрысьціянская дэмакратыя: беларускі шлях”.


Яе ладзіў аргкамітэт Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Канфэрэнцыя прымеркаваная да 91-х угодкаў з дня заснаваньня “Хрысьціянскай Дэмакратычнай Злучнасьці”.

Такімі канфэрэнцыямі, якія ладзяцца вясной і восеньню, прыхільнікі беларускай хрысьціянскай дэмакратыі адзначаюць гістарычныя даты.

Менавіта 24 траўня 1917 году 30 ксяндзоў заснавалі Хрысьціянскую Дэмакратычную Злучнасьць. А 6 лістапада 1927 году ў Вільні была створаная шматканфэсійная партыя – Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі – прадстаўнікі больш чым 20 гарадоў Беларусі, вядомыя палітыкі, гісторыкі і сьвятары.

Лідэр БХД Павал Севярынец сказаў:

“У самыя цяжкія часы беларускай гісторыі нацыянальным адказам на пагрозы фашызму, камунізму, калі-некалі капіталізму, калі-некалі акупацыі была моцная Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. І зараз, мы лічым, надышоў час, калі хрысьціянскай дэмакратыі трэба падымаць сьцяг. Таму тэма канфэрэнцыі – гэта ня толькі гісторыя, але й ідэалёгія і палітыка”.

У 2005 годзе пачаў актыўную працу аргкамітэт партыі “БХД”. Паводле арганізатараў, яна зьяўляецца права-цэнтрысцкай палітычнай сілай і засноўвае сваю дзейнасьць на хрысьціянскіх каштоўнасьцях і беларускім патрыятызьме. Ужо ў другі раз пададзены дакумэнты на рэгістрацыю партыі. Лідэр БХД Павал Севярынец сказаў:

“Мэта БХД – стварыць маральную базу для пераменаў у Беларусі. Згуртаваць тысячы вернікаў у грамадзкай дзейнасьці і ў палітыцы. Каб людзі, якія прымаюць сумленныя рашэньні, стварылі грунт для якасна іншай, якасна новай Беларусі. На тым грунце, які зараз, – на грунце хлусьні, страху, распусты і развалу сям’і, на грунце масавага алькагалізму, – пабудаваць новую квітнеючую Беларусь немагчыма. Патрэбны маральны грунт, маральная база, і мы стараемся яе стварыць”.

Падчас канфэрэнцыі адбылася прэзэнтацыя зборніка артыкулаў “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Гісторыя. Праграмы. Хрысьціянства і палітыка”. Адзін з аўтараў кнігі, прафэсар Анатоль Грыцкевіч, прысьвяціў свой выступ беларускай мове і царкве:

“Адной з адметных рысаў у існаваньні нацыі зьяўляецца мова. Яшчэ ў пачатку 20-га стагодзьдзя Вацлаў Ластоўскі нагадаў афарызм – народ жыве датуль, пакуль жыве яго мова. Без народнай мовы няма народу. Наш досьвед нападак на беларускую мову і спробаў яе зьнішчэньня з боку царскіх уладаў, савецкіх і постсавецкіх правадыроў, паказвае усю неабходнасьць змаганьня за родную мову ва ўсіх галінах культуры і грамадзкіх дачыненьняў”.

Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі ў сваім выступе на канфэрэнцыі сказаў, што ўкараненьне і разьвіцьцё хрысьціянкай традыцыі ў Беларусі мела свае асаблівасьці. І гэтая тэма яшчэ мала дасьледавана:

“Хрысьціянская дэмакратыя – гэта складовая частка шырокага руху, разуметага як Народны фронт ад канца 80-х гадоў. Памятаю нашы добрыя кантакты з адпаведнай фракцыяй у Эўрапарлямэнце. Мы два разы былі са спадарамі Пазьняком і Хадыкам у Брусэлі. І гэтае супрацоўніцтва не спынілася да сёньняшняга дня. Я вітаю саму актывізацыю хрысьціянскай дэмакратыі”.

Супольная малітва перад пачаткам канфэрэнцыі
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-5 (з 5)
Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
24.05.2008 16:52

Цалкам добрая ідэя сумленных людзей. Але вось у мяне толькі адно пытаньне - дзе і калі ў Бібліі Бог праз сваіх прарокаў казаў як трэба займацца палітыкай і гуртавацца ў палітычныя суполкі, нават дзеля сумленнай справы. Магчыма я так і не знайшоў гэтае мейсца ў Сьвятым Пісаньні, хаця чытаў, чытаю і буду да скона жыцьця яго чытаць.
Ведаеце, наколькі мне вядома палітыка і вера ў Бога рэчы розныя. Можна сумленна жыць на зямлі, шчыра верыць, рабіць шмат накарысьць Радзімы, але калі ты сапраўдны хрысьціянін, то мусіш дадаць да гэтага і шчырую любоў да Лукашенкі, да злобнага АМАПаўца з дубінкай, да несумленнага суддзі.... Калі ты гэтага ня робіш, то з тваей хрысьціянскай маральлю і шчырасьццю нешта ня добра.


Імя:: Ахрэм
25.05.2008 01:04

А чаму сымболіка бела-блакітная? Калі арганізацыя патрыятычная то мусіць быць бела-чырвона-белая, тым больш у нашых акупацыйных варунках!


Імя:: Зьміцер.
25.05.2008 05:04

Спадар Севярынец, вельмі часта мяняў канфесійныя накірункі, на сёньня невядома хто ён, можа гэта кан'юктура?
Мала назвацца хрысьціянінам, трэба ім быць!


Імя:: Павал Горад:: Мазыр
25.05.2008 09:40

Нельга адзяліць веру у Бога ад палітыкі.Калі вывучаць Сьвятое пісанне у кантэксце,то можна убачыць,што тэрмін "палітыка"там не ужываецца,але ж у Бібліі напісана шмат аб тым што мы называем палітыкай.Там апісана усё пра выбары,пра заканадауства,апісаны усе сферы грамадства.Калі ты хрысцьсціянін,то павінен па першае любіць Госпада Бога.Калі ты выканаеш гэты пункт то будзеш адносіцца ка усяму ,што Біблія называе словам "грэх" як Бог.Ты будзеш любіць спадара Лукашэнку як сваяго бліжняга і ненавідзець тыя грахі што ён і яго акружэнне робяць. І мала таго ты не пабаішся яму аб гэтым сказаць.Як рабіу Ян Хрысціцель,Іісус Хрыстос і усе яго вучні якія называлі сабе Хрысціянамі.Калі ты назвауся хрысціянінам то павінен паступаць у гэтым грамадстве як Хрыстос.


Імя:: Сяргей Горад:: Пінск
26.05.2008 00:34

Ігнараваньне палітыкі не засьцерагае ад яе наступстваў. Вунь пратэстанты яшчэ зусім нядаўна сьцвярджалі што яны паза-палітыкай, нібыта яна іх не цікавіць, але як іх крыху прціснулі-вой як заскавыталі!На кіруючыя пасады можна выбіцца толькі ў выніку палітычнай актыўнасьці, ад якой некаторыя хрысьціянскія дэнамінацыі спрабуюць адмежавацца. Вось і атрымоўваецца, што да ўлады прыходзяць ліхвяры і ашуканцы пры поўнай абыякавасьці веруючых.

Камэнтары 1-5 (з 5)
Падзяліся навіной: