Аналіз Свабоды

Літва і Беларусь: палітыка сьледам за эканомікай?

21.05.2008 17:52
Ян Максімюк

У Менску сёньня пачаўся беларуска-літоўскі ўрадавы эканамічны форум, чацьверты па ліку. “У нас зь Літвой ідзе двухбаковы стваральны працэс. І аснова з асноваў у ім — эканоміка,” — сказаў журналістам перад пачаткам форуму беларускі амбасадар у Літве Ўладзімер Дражын. А кіраўнік літоўскай дэлегацыі, віцэ-міністар гаспадаркі Вітаўтас Наўдужас, сьцьвердзіў, што эканамічныя дачыненьні паміж абедзьвюма краінамі могуць дапамагчы пабудаваць мост паміж Захадам і СНД.

Абодва ўрадоўцы адмовіліся гаварыць пра палітыку, у прыватнасьці, пра амэрыканскія эканамічныя санкцыі супроць Беларусі, якія апошнім часам спарадзілі востры дыпляматычны канфлікт між Менскам і Вашынгтонам. Тым ня менш, палітычны падтэкст правядзеньня такога форуму напрошваецца сам сабою, прынамсі ў якасьці тэмы для камэнтару. Тым больш, што Літва зьяўляецца сябрам Эўрапейскага Зьвязу, а ў дачыненьні больш чым да трох дзясяткаў вышэйшых службоўцаў Беларусі дзейнічае забарона на ўезд у краіны ЭЗ.

Ці за пашыраным эканамічным супрацоўніцтвам Беларусі з адным зь сяброў Эўрапейскага Зьвязу ня можа наступіць і палітычнае пацяпленьне? Гэта зусім ня выключана, калі мець на ўвазе пазыцыю ЭЗ ў адносінах да яшчэ аднаго парушальніка правоў чалавека і нормаў эўрапейскага палітычнага жыцьця — Узбэкістану.

Пасьля расстрэлу ўзбэцкіх дэманстрантаў урадавымі сіламі ў Андыжане ў траўні 2005 г. Эўразьвяз увёў санкцыі супроць Узбэкістану — забараніў краінам ЭЗ гандляваць зброяй з Ташкентам і наклаў забарону на выдачу візаў некаторым узбэцкім урадоўцам. Адным з асноўных эўрапейскіх дамаганьняў ад Ташкенту было правядзеньне незалежнага расьсьледаваньня андыжанскай трагедыі. І вось у мінулым месяцы Брусэль ужо другі раз прыпыніў дзеяньне гэтых санкцыяў на шэсьць месяцаў.

Паводле Эндру Строўлайна зь Міжнароднай антыкрызыснай групы, які працаваў нейкі час ва Ўзбэкістане, у кастрычніку эўрапейскія санкцыі супроць Ташкенту ўвогуле перастануць дзейнічаць. Строўлайн лічыць, што Брусэль прыпыніў санкцыі ўсяго за абяцаньні Ташкента палепшыць сытуацыю з правамі чалавека, а не за сапраўдны прагрэс. Ніякага незалежнага расьсьледаваньня разьні ў Андыжане рэжым прэзыдэнта Іслама Карымава і не зьбіраўся праводзіць – напісаў Строўлайн у “Wall Street Journal” за 20 траўня.

Строўлайн таксама зьвяртае ўвагу, што Нямеччына была той краінай, якая наймацней лабіравала прыпыненьне санкцыяў супроць Узбэкістану. Дзеля гэтага, паясьняе ён, у Бэрліна былі дзьве прычыны: а) нямецкая вайсковая база ва ўзбэцкім горадзе Тэрмэзе; б) спадзяваньне, што Ўзбэкістан дапаможа Эўропе дывэрсыфікаваць газавы імпарт, пастаўляючы свой газ у абыход Расеі.

У сувязі з гэтым прыгадваецца ангажаванасьць Нямеччыны ў наладжваньне дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем у лютым і сакавіку, калі Менск даў зразумець Эўропе, што можа вызваліць палітычных вязьняў у абмен за паляпшэньне стасункаў.

Дарэчы, Строўлайн у сваім артыкуле у “Wall Street Journal” згадвае і беларускі аспэкт рашэньня ЭЗ прыпыніць санкцыі супроць Ташкента:

“Манэўры Бэрліна ў падтрымку рэжыму Карымава моцна дыскрэдытавалі ЭЗ. Пасыл, які з гэтага эпізоду могуць прачытаць іншыя аўтарытарныя краіны, такія як Беларусь, Бірма ці Зімбабвэ, больш чым ясны: ня трэба выконваць ніякіх умоваў, каб дамагчыся зьняцьця эўрапейскіх санкцыяў. Дастаткова пачакаць. ЭЗ сам адступіцца даволі хутка”.

Ці так будзе і ў стасунках Брусэлю зь Менскам?

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: XaXa Горад:: VKL
21.05.2008 21:23

Знайшлі з кім рабіць мост паміж Захадам і Усходам - Беларусь яшчэ не прыпыніла крымінальную справу дву урадоўцам Летувы за арганізацыю дзяржаўнага перавароту у 2006 р.
Прэзыдэнт Летувы ужо прапанаваў Кітаю паслугі ў якасьці гандлёвага маста. Рэальна гэта магчыма для кітайскіх гастарбайтэраў, бо беларускія едуць у Расею, а не ў Летуву. Вельмі праблемнае пытаньне, але дай Бог сьляпым курам дзяўбануць па зерню.


Імя:: Дуглас Горад:: Минск
22.05.2008 13:03

Что бы там не говорили, но Литва - экономический и политический лоббист Лукашенко в ЕС. Нынешний форум лишь подтверждает это. Ну, а в качестве кости с барского стола Вильнюс разрешает белорусским оппозиционерам изредка проводить свои семинары в Литве. В общем литовцы нас ипользуют и дурят по полному. Такая вот лицемерная демократия. :)))

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb