Культура

Каханьне і страта: непрыдуманая гісторыя

Ірына Красоўская

15.05.2008 22:44

“Свабодны тэатар” паставіць дакумэнтальны спэктакль, прысьвечаны гісторыі каханьня Ірыны і Анатоля Красоўскіх. Прэм’ера можа адбыцца ўжо летам.


П’есу “Спасьцігаючы каханьне” Мікалай Халезін напісаў пры ўдзеле Натальлі Каляды. Мікалай Халезін таксама будзе займацца рэжысурай і пастаноўкай. На задуму аўтараў, гэта лягічны працяг папярэдняй п‘есы “Пакаленьне джынс”; яны будуць аб’яднаныя ў своеасаблівы дыптых. Тут рэальная, трагічная гісторыя каханьня, якая здарылася ў сучаснай Беларусі. Аднак рэхам гісторыя праносіцца па іншых кантынэнтах. 

“П’еса пачынаецца з паказу жыцьця маленькай дзяўчынкі ў горадзе Валожыне, – расказвае Мікалай Халезін. – Працягваецца гісторыя яе каханьнем з чалавекам, якога яна сустрэла там, пасьля чаго пераехала ў Менск. Гэта была Ірына Красоўская. Там няма ніякіх прыдумак, гэта цалкам дакумэнтальны матэрыял. Пасьля дзьвюх трацінаў п’есы прыходзіць разуменьне, што Анатоль забіты. Тады п’еса пераходзіць ужо ў новы стан, ідзе размова пра забойствы ў іншых краінах, калі гераіня пачынае размаўляць ад імя жанчын зь Бірмы, Калюмбіі, Чачні”.
 
Карэспандэнт: “Ірына Красоўская азнаёмленая з матэрыялам ці будзе пастаўленая перад фактам?”
 
“Яна чытала ўсё тое, над чым мы працавалі раней, усё цалкам падзяляе. Ірына – вельмі сьціплы чалавек, таму ніяк не выказваецца наконт гэтага, а проста кажа: "Калі трэба, дык працуйце". І мы працуем. Працуем зь ёй разам, тэлефануем, удакладняем нейкія моманты. Гэта праца зь ёй супольна. Але цяпер ёй вельмі цяжка згадваць тыя моманты, таму што ў чалавека выбудоўваюцца бар’еры ад тых жудасных момантаў, якія яна пражыла ў той час”.
 
Карэспандэнт: “Што можна сказаць наконт прэм’еры?”
 
“Цяпер працуем над п’есай, вельмі хутка будзем яе дапрацоўваць, і ўжо ў чэрвені-ліпені адбудзецца прэм’ера”.
 
Мікалай Халезін дадае, што было сабрана шмат гадзінаў аўдыёматэрыялаў – інтэрвію як з Ірынай Красоўскай, так і зь іншымі людзьмі, якія ведалі сям’ю Красоўскіх. Спачатку сабраную фактуру думалі ўвасобіць у кнігу. Але пасьля вырашылі – быць спэктаклю.
 
Анатоль Красоўскі – пасьпяховы бізнэсовец і грамадзкі дзяяч. Празь некалькі дзён мог бы адзначыць свой чарговы дзень нараджэньня: ён нарадзіўся 17 траўня 1952 году ў Крупках Менскай вобласьці. Скончыў філялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту, кандыдат філязофскіх навук, аўтар шматлікіх дапаможнікаў па пэдагогіцы і навучальных курсаў “Этыка і псыхалёгія сямейнага жыцьця”.
 
На пачатку 1990-х стварыў і ўзначальваў выдавецкую фірму “Красіка”, выдаваў папулярныя часопісы “Я+Я” і “Ідэал”. Пазьней займаўся шматпрофільным бізнэсам. Блізка сябраваў з палітыкам, віцэ-сьпікерам Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Віктарам Ганчаром, цалкам падзяляў настроі дэмакратычнай часткі грамадзтва на неабходнасьць зьмены палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Аказваў фінансавую падтрымку шэрагу грамадзкіх арганізацыяў. Падчас аднаго з наведваньняў лазьні 16 верасьня 1999 году пры таямнічых абставінах Красоўскі і Ганчар зьніклі. 
 
У Ірыны і Анатоля Красоўскіх дзьве дачкі – Валерыя і Ксенія, ужо бязь дзеда нарадзілася ўнучка. Цяпер Ірына Красоўская мае іншую сям’ю, больш часу яна жыве ў Злучаных Штатах.  
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks