Палітыка

Кібэратака на сайт svaboda.org абмяркоўвалася ў АБСЭ

08.05.2008 20:43

Кіраўніца місіі ЗША пры АБСЭ выступіла сёньня на сустрэчы Сталай рады АБСЭ ў Вене з заявай наконт кібэратакі на сайт Беларускай службы “Радыё Свабода”.

Кіраўніца сталай місіі ЗША пры АБСЭ Джулі Фінлі выступіла сёньня з заявай наконт нядаўняй кібэратакі на сайт Беларускай службы “Радыё Свабода”.

26 красавіка вэбсайт Беларускай службы міжнароднай радыётэлестанцыі Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа, стаў аб'ектам кібэратакі. Калі адбылася атака, Беларуская служба РС рыхтавала адмысловае падрабязнае асьвятленьне пратэстаў у Менску з нагоды гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Атака тыпу “адмова ў абслузе” была відавочна скіраваная на тое, каб зрабіць атакаваны вэбсайт недаступным для карыстальнікаў.

У заяве адзначаецца, што тое, што адбылося з РС, было відавочным парушэньнем гарантыяў свабоды СМІ і свабоды слова, у абарону якіх выступае АБСЭ як арганізацыя і якія абавязаліся захоўваць усе 56 краін-удзельніц. Аднак гэтая новая форма агрэсіі мае яшчэ шырэйшыя наступствы для бясьпекі ў рэгіёне АБСЭ. Гэтая новая пагроза заслугоўвае далейшага дасьледаваньня. “Кібэратакі, гаворыцца ў заяве, – незалежна ад таго, ці іх прадпрымаюць улады з мэтай перакрыць свайму народу доступ да інфармацыі ў інтэрнэце [...] або нейкія тэрарыстычныя групы дзеля падобных мэтаў – мусяць быць асуджаныя і пакараныя. Нам патрэбная стратэгія, якая ўмацавала б нашую здольнасьць абараніцца ад такіх пагрозаў".

Прадстаўніца ЗША выступіла з рэкамэндацыяй Камітэту Бясьпекі АБСЭ уважліва разгледзець гэтае пытаньне і вырашыць, ці гэтай арганізацыі належыць ініцыяваць далейшую працу ў напрамку прадухіленьня будучых кібэратакаў.

Прадстаўнік Расеі ў адказ на амэрыканскую заяву зазначыў, што Расея занепакоеная пагрозай выкарыстаньня інтэрнэту тэрарыстамі. Беларускі прадстаўнік заявіў, што амэрыканскі бок сьпяшаецца з высновамі, бо атака магла паходзіць адкуль заўгодна, а само радыё, паводле яго, “нават не разьмешчана ў Беларусі”.


 
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: Пятрусь
08.05.2008 23:26

Кібаргі атакавалі Радыё Свабода?

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks