Эканоміка

Каго падтрымае Беларусь у спрэчцы вакол “Дружбы”?

30.04.2008 16:58

Літва заблякавала перамовы паміж Эўразьвязам і Расеяй пра новае пагадненьне. Яна патрабуе выканаць чатыры ўмовы. Адна зь іх — аднаўленьне паставак нафты праз нафтаправод “Дружба”. Ці падтрымае Беларусь Літву ў гэтай спрэчцы?


Кіраўніца дэпартамэнту інфармацыі Міністэрства замежных справаў Літвы Віялета Гайжаскайтэ сказала, што цягам амаль двух гадоў гэты нафтаправод не працуе. І расейскі бок не дае ніякіх тлумачэньняў.
У зьвязку са зьмяншэньнем ціску тыя аб'ёмы, якія раней пастаўляліся на Балтыю, немагчыма прапампоўваць

Хоць літоўскі бок прапаноўваў нават сваю тэхнічную дапамогу і ўдзел у рамонце. Пастаўкі нафты спыненыя нібыта з-за аварыі на трубаправодзе ў раёне Ўнечы.

Галоўны інжынэр наваполацкай “Дружбы” сказаў, што ад спыненьня паставак нафты ў Літву прадпрыемства церпіць страты. Ён заявіў, што Расея перастала пампаваць нафту на Літву:

“Папярэдне, на 57 кілямэтры ў іх адбылася аварыя. Пасьля гэтага быў зьменшаны ціск на выкідзе станцыі, якая знаходзіцца ў Расеі. У зьвязку са зьмяншэньнем ціску тыя аб'ёмы, якія раней пастаўляліся на Балтыю, немагчыма прапампоўваць”.

На прадпрыемства “Нафтан” у Наваполацку, аднак, нафта паступае.

“А гэтыя трубаправоды ад Полацку на Балтыю прастойваюць. Бо маршрутных даручэньняў на перапампоўваньне нафты з Полацку на краіны Балтыі няма”.

Прадстаўнік наваполацкай “Дружбы” сказаў, што прадпрыемства гатова працаваць у ранейшых аб'ёмах.
Кожны год скарачаюць гэтую “Дружбу”

У літоўскім МЗС кажуць, што ня маюць прэтэнзіяў да Беларусі, бо яна не зьяўляецца адказнай за “Дружбу”. Прадстаўнік літоўскага прадпрыемства “Мажэйкю нафта” Яцэк Ян Комар кажа, што Беларусь не бярэ ўдзелу ў гэтай спрэчцы. Але ўсё залежыць ад Крамля, бо справа тут не ў трубаправодзе, а ў палітыцы. “Мажэйкю нафта” зацікаўленая ў аднаўленьні паставак праз “Дружбу”, бо гэта таньнейшы, зручнейшы і экалягічна больш бясьпечны шлях.

“Раней нафта даходзіла да латвійскага порта Вэнтсьпілс. Калі расейцы скарацілі экспарт праз Вэнтсьпілс, тады яна толькі да нас даходзіла, да “Мажэйкю нафта”. А цяпер — толькі да Беларусі. Кожны год скарачаюць гэтую “Дружбу”.

Ці падтрымае Беларусь Літву ў спрэчцы з Расеяй? Сябра Савету рэспублікі Мікалай Чаргінец сказаў:

“Мы лічым, што Літва прымае рашэньне, зыходзячы са сваіх нацыянальных інтарэсаў. Нам умешвацца ў іх спрэчку з Расеяй нават неэтычна, калі яны спрачаюцца. Мы проста зь цікавасьцю будзем назіраць, што тут будзе.

Беларусь гатовая прадставіць сваю тэрыторыю для транзыту нафты і адкрыцьця новай галіны “Ямал-Эўропа”. Гэта бізнэс. Гэта эканоміка”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч заявіў:

“Мы тут займаем прамежкавую пазыцыю. Мы гатовыя быць добрым пасярэднікам паміж Эўропай і Расеяй. І ў дадзеным выпадку нам мяняць такую пазыцыю проста нявыгадна. Рабіць нейкія аднабаковыя рухі — гэта няправільна”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
01.05.2008 11:31

Я б мусiць непаверыу бы, калi б сгаданыя спадары адказалi па iншаму. Але чаму дзiваваць, пачнi станавiцца на бок Летувы (Жмудзi), то самiм абрэжуць i нафту i газ. Бо дыверсiфiкацыя у нас пакуль што на БТ, а на справе вельiи моцны нафта-газавы расейскi ланцуг, ад якога цалкам залежыць улада i дабрабыт згаданых таварышау.


Імя:: Korj Горад:: Менск
10.05.2008 11:04

Журналісты ня хочуць пра тое ўзгадваць, ці забыліся, але мы й ня можам ані на што тут уздзейнічаць - нафтаправод "Дружба" разам зь зямлёй пад ім належыць Расеі, прададзены Кебічам на 99 гадоў, таму там пры жаданьні Расея памежнікаў ці банд-фармаваньні Газпрома паставіць мае фармальнае права.

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks