Палітыка

“Неўзабаве ўсе перастануць баяцца”

28.04.2008 19:55

33-гадовы рабочы-будаўнік Сяргей Каваленка — адзін з тых, каго затрымалі ў Віцебску 26 красавіка, на апошнія ўгодкі чарнобыльскай катастрофы. Ён выйшаў на цэнтральную вуліцу Леніна з разгорнутым бел-чырвона-белым сьцягам і праз колькі крокаў апынуўся ў атачэньні чатырох міліцыянтаў. Пакуль чакалі службовую машыну, Сяргей працягваў трымаць сьцяг, які высока лунаў над галовамі віцебскіх мінакоў.

Выходзіць са сьцягамі, выкарыстаньне якіх лічыцца несанкцыянаваным пікетаваньнем і караецца арыштамі, Сяргей Каваленка лічыць найбольш прыдатным для сябе сродкам змаганьня супраць таго, чым ён незадаволены ў сёньняшняй Беларусі.

Каваленка: “Калі забараняюць рабіць нешта, мне падабаецца рабіць насуперак — супраць прыгнечанасьці нашага народа, супраць забітасьці... Я нязгодны з тым, што ў краіне ўціск, што людзі бянтэжацца размаўляць на роднай мове. А я хачу, каб людзі былі больш адкрытыя, больш шчырыя і не баяліся нікога!”

У мінулым годзе Сяргей Каваленка стаў сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. А ў кола віцебскіх апазыцыянэраў ён трапіў праз знаёмства з Барысам Хамайдам — проста падышоў да “Сіняга дому”, дзе спадар Хамайда штодня распаўсюджвае незалежную прэсу. І яны пасябравалі — нягледзячы на 27 гадоў розьніцы ва ўзросьце і жыцьцёвым досьведзе.

Хамайда: “Яшчэ ў 2005 годзе ён пачаў падыходзіць да мяне, пра жыцьцё размаўляць. Я казаў: “Падыходзь, хлопец”. Я адчуваў, што ў яго ёсьць нейкі ўнутраны стрыжань. І вось у гэтыя апошнія некалькі месяцаў я зразумеў, наколькі гэта надзейны хлопец, які плячо падставіць, ня здрадзіць. Моцны хлопец — такі, якім і павінен быць сапраўдны беларус”.

За апошнія некалькі месяцаў, дакладней — з пачатку 2008 году Сяргея Каваленку тройчы затрымлівалі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. За гэта ў Дзень Волі 25-га сакавіка хлопцу прысудзілі 10 сутак арышту. Наступным разам у ізалятар часовага ўтрыманьня Каваленка трапіў роўна празь месяц — 26 красавіка. 28 красавіка яго прывезьлі ў суд Чыгуначнага раёну, туды ж прыйшлі ягоная маці Лідзія Ўладзіміраўна і малодшы брат Віталь.

Размаўляць пра сынавы палітычныя перакананьні Лідзія Каваленка катэгарычна адмовілася. Сказала, што ня верыць у тое, што праз выхады ў горад зь бел-чырвона-белымі сьцягамі можна дамагчыся нейкіх зьменаў у грамадзтве. Дадала, што зь ягонай адукацыяй тэхніка-электроншчыка ён мог бы жыць заможна і на зайздрасьць іншым, а не сядзець “суткі” пад арыштам, і што на суд яна прыйшла толькі таму, што яго шкадуе.

Распавесьці пра сямейныя непаразуменьні на палітычнай глебе пагадзіўся толькі 26-гадовы Віталь — брат Сяргея Каваленкі:

“У нашай сям’і Сяргею часта кажуць: “Навошта табе гэта ўсё?” Кажуць, што павінны быць іншыя ідэалы — сям’я, да прыкладу, — у яго ж ёсьць маленькі сын. Жонка не падзяляе ягоных поглядаў. Яна працуе ў школе настаўніцай. Да яе на працу прыходзілі міліцыянты, пыталіся пра Сяргея — чым ён займаецца, ці падзяляе яна ягоныя погляды. Для яе гэта быў шок, бо яна кажа, што хоча рабіць кар’еру, а цяпер баіцца, што ёй перашкодзяць. Але я, як брат, Сяргея падтрымліваю. Сам, можа, я да гэтага яшчэ “не дасьпеў”, а Сяргей змагаецца за незалежнасьць Беларусі, дабіваецца сваёй праўды”.

На суд да брата Віталь Каваленка ўпершыню ў жыцьці надзеў бел-чырвона-белы шалік, зь якімі тутэйшыя апазыцыянэры ходзяць на акцыі. Сяргей Каваленка, убачыўшы гэта, заўважыў: “Вось і ўсе неўзабаве перастануць баяцца, я ў гэта веру”.

Сяргей Каваленка


Старэйшы сябар Барыс Хамайда


Маці, Лідзія Каваленка


Брат, Віталь Каваленка


 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-6 (з 6)
Імя:: Алесь Астроўскі Горад:: Гародня
28.04.2008 21:38

Трымайся, Сяргей.
Ты - малайчына. Але, не падстаўляйся, дзе ня трэба. Наш час яшчэ наперадзе...


Імя:: Карэтнікаў Горад:: Менск
29.04.2008 01:08

Мужны твар шчырага беларуса, бачна што чалавек мае стрыжань.Сяргей варты павагі і падтрымкі. Слава герою!


Імя:: навіцкі
29.04.2008 01:21

Цудоўны хлапец! Сёньня гэна-учынак. І памыляецца Алесь Астроўскі, што гэна не патрэбна. Гэна патрэбна Сяргею, ягонаму брату Віталю, урэшьце, мне, усім нам, каб "людзьмі звацца". Мы любім Айчызну і свай сьцяг! І ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ- не пустыя словы!


Імя:: Лявон Горад:: Гомель
29.04.2008 08:30

Гэта мабыць самы верны шлях: дэманстраваць усiм астатнiм, что баяцца няма чаго. Бо самае iстотнае зараз - перамагчы менавiта страх.


Імя:: дзь. Арцём
29.04.2008 10:22

Малойца!
І лухта ўсё, калі кажуць, што гэтым нічога не дасягнеш, што не будзе плёну...
Адзін баязлівы чалавек, у якога нешта варухнецца ў грудзёх ад такіх парыванняў - і ёсць плён!
Жыве Беларусь!!!


Імя:: Вячак Горад:: Берасьце
29.04.2008 17:45

Сяргей,ты малайчына!Трымайся!!!Віталь раўняйся на брата.

Камэнтары 1-6 (з 6)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks