Эканоміка

Злотнікаў: "Дапамога Расеі -- $5 мільярдаў штогод"

11.04.2008 10:52

10 красавіка прэм’ер міністр Беларусі Сяргей Сідорскі даклаў Аляксандру Лукашэнку аб выніках працы беларускай эканомікі за першыя тры месяцы году. Паводле Сідорскага, валавы ўнутраны прадукт (ВУП) вырас на 10,5% у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам. Як можна ацаніць гэтыя вынікі? Якое найбольш праблемнае месца ў беларускай эканоміцы? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў


Цыганкоў: “10,5 працэнтаў росту ВУП, інвэстыцыі ў асноўны капітал — 20%, і гэтак далей. Ці не здаецца вам, што гэта выдатныя вынікі?” 

Злотнікаў: “Па-першае, вельмі спрыяльныя зьнешнія чыньнікі. Гэта найперш пастаўкі нафты. У першым квартале мінулага году яны былі значна ніжэй чым заўсёды. А ў першыя месяцы гэтага году яны павялічыліся на 178 працэнтаў. Адпаведна продаж беларускіх нафтапрадуктаў за мяжу павялічыўся – пры тым, што цэны на нафтапрадукты на сусьветных рынках моцна ўзрасьлі. 

Ну і па-другое, я ня давяраю нашай статыстыцы. Бо ў мяне была спрэчка на старонках газэты “Белорусы и рынок” з Міністэрствам статыстыкі, і яны мяне не пераканалі. Мая выснова была такая – амаль у паўтары-два разы ў нас заніжалася інфляцыя. Калі інфляцыя і зараз заніжаецца, то, адпаведна, усе вартасныя паказьнікі завышаныя”. 

Цыганкоў: “Вы кажаце пра важнасьць зьнешняга чыньніку. Наколькі спрыяльныя зьнешнія абставіны зараз уплываюць на разьвіцьцё беларускай эканомікі?”

Злотнікаў: “Зьнешні чыньнік выглядае такім чынам – дапамога Расеі ў розных формах складае каля 5 мільярдаў даляраў у год і яна захоўваецца. І гэта складае дзесьці каля 10-12 працэнтаў ВУП штогод. Гэта вельмі значны чыньнік, які падтрымлівае беларускую эканоміку”.

Цыганкоў: “Што цяпер найбольш трывожнае, на вашую думку, у беларускай эканоміцы?”

Злотнікаў: “Самае трывожнае – гэта хуткі рост замежных запазычанасьцяў. Калі ня будуць расьці тэмпы альбо зьнешніх даўгоў, альбо выручкі да прыватызацыі беларускіх актываў, то становішча моцна пагоршыцца. 

Прывяду адзін красамоўны прыклад. Павялічылася колькасьць неплацежаздольных прадпрыемстваў. Калі на пачатак мінулага году іх было 49 працэнтаў, то зараз іх каля 60 працэнтаў. З аднаго боку – такі вялікі рост рэалізацыі і валавой прадукцыі, а зь іншага – рост колькасьці неплацежаздольных прадпрыемстваў (гэта тыя, якія адтэрмінавалі выплату сваіх даўгоў на тры месяцы і больш). Што ж гэта атрымліваецца ў прамысловасьці, калі якасныя лічбы ўніз, а колькасныя ўверх?”
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-4 (з 4)
Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
11.04.2008 11:18

Каму патрэбны гэтыя байкi? У Лiдзе на нашых прадпрыемствах заробкi ня толькi не павялiчылiсь, а мо нават i зьнiзiлiсь. На кой мне гэты рост ВУП, калi кожны паход у краму, дзе ты нiчога акрамя самага неабходнага не купляеш, а па 10-12 тысяч пакiдаеш?


Імя:: АБС
11.04.2008 14:29

Пан Злотнікаў фактычна тлумачыць як прыдворны летапісец Лукі - 60 адсоткаў неплацежаздольных прадпрыемстваў і сельская гаспадарка ў развале
гэта фактычны калапс эканомікі Лукі па ўсім парамэтрам за выключэньнем даляравага сэктара дзе кіруе банда з управы прэзыдэнта. Людзі не беглі б у Расею на працу калі б у Беларусі быў рост у 10 адсоткаў. Злотнікаў лезе на БелСАТ, Свабоду і пляце бздуры...


Імя:: ВВВ
15.04.2008 10:43

Эканаміст Леанід Злотнікаў сьціпла маўчыць што гэтыя 5 млрд. даляраў проста вымываюцца расейцамі ў Беларусі і далей асядаюць у банкі ЭЗ на прыватныя рахункі Пуціна і яго нафтавай і газавай мафіі. Тут і не пахне інвэстыцыямі ў эканоміку РБ, у РБ застаюцца толькі падаткі за перапрацоў-
ку нафты. Ад такіх уліваньняў і інвэстыцый Расеі ў Беларусь маюць карысць толькі паплечнікі ўсенародна абранага начальніка
ўсіх беларусаў, якім кідаюць невялікую косьць за перапрацоўку нафты. Злотнікаў лжэ і лжэ аб посьпехах эканомікі на замежжа, бо кожны беларус кожны дзень бачыць на сваёй кішэні ў краме куды гэтая эканоміка рухаецца. Заробкі Лукі гэта яшчэ і гандаль зброяй з рознымі рэвалюцыйнымі рэжымамі ў Сьвеце назло ЗША - ад гэтага
народу РБ толькі па рэбрам даюць з візавымі коштамі і татальнай ізаляцыяй краіны.


Імя:: Актывіст
18.04.2008 11:24

Злотнікава трэба прыбіраць з эфіру незалежных СМІ - ён сапраўдны беларусафоб. Яшчэ пад час станаўлення беларускай дзяржаўнасці (1990 г.) ён выступаў супраць незалежнай грашовай палітыкі Беларусі, супраць незалежных дзяржаўных інстітуцыяў.

Камэнтары 1-4 (з 4)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks