Ператрусы і канфіскацыі адбыліся ва ўсіх рэгіёнах
27.03.2008 17:12
Паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёньня ў рэгіёнах краіны КДБ правёў ператрусы амаль у 30 незалежных журналістаў і сяброў грамадзкіх арганізацый..
На Магілёўшчыне раніцай трое супрацоўнікаў ўправы КДБ наведаліся да журналіста Генадзя Судніка. Ён расказвае:
Усе яны - маёры. Зьявіліся ў цывільным
“Усе яны - маёры. Зьявіліся ў цывільным. Прозьвішчы - Р.Гайшун, А.Раманаў і Я.Нікіценка. У іх была пастанова ад 17 сакавіка 2008 году, падпісаная памочнікам пракурора Менску А.Стукам. Гэты чыноўнік дазволіў ператрус у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы паводле ч.1. арт.367 у дачыненьні да Андрэя Абозава, Алега Мініча і Паўла Марозава, якія абвінавачваюцца ў стварэньні сатырычных фільмаў пра Аляксандра Лукашэнку. У пастанове таксама напісана, што сьледчы пракуратуры Менску В.Шабан даручыў магілёўскаму КДБ “пашукаць прадметы, якія могуць знаходзіцца ў кватэры Генадзя Судніка і мець дачыненьне да ўзбуджанай крымінальнай справы”.
Ператрус у кватэры журналіста Генадзя Судніка доўжыўся больш за дзьве гадзіны. Урэшце забралі сыстэмны блёк кампутара.
Таксама раніцай у Берасьці супрацоўнікі мясцовай управы КДБ уварваліся на кватэру бацькоў журналісткі Натальлі Чухно.
“Былі тут ад 8.40. Трохі напалохалі. Я толькі што прачнулася. А адчыніў ім дзьверы бацька. Я не была падрыхтаваная да гэтага ўварваньня. Забралі шмат што. Вось у мяне сьпіс, у якім пазначаныя 23 рэчы. Зрэшты, гэта лічба ўмоўная, бо яны складаюць у пакет, напрыклад, газэту “Народная воля” і пішуць, што адна, а забіраюць яе цэлы стос. Так што забралі газэты, а таксама аўдыё- і відэматэрыялы. Я памятаю іх прозьвішчы: Прыма, Бань і Кез. У іх на аркушы былі запісаныя тры пытаньні да мяне - ці вы знаёмыя з гэтымі людзьмі? Якое яны маюць дачыненьне да БелСату? Як такія ролікі патрапляюць на БелСат?Перарылі ўсё, што можна. Забралі кампутары. Забралі газэты
”
Са словаў журналісткі, на ўсе гэтыя пытаньні яна дала адмоўныя адказы: “не знаёмая, ня ведаю, ня маю дачыненьня”.
Гутару са старшынём рэгіянальнай арганізацыі АГП Уладзімерам Кацорам:
“Уварваліся неспадзявана. Іх было 9 чалавек. Перарылі ўсё, што можна. Забралі кампутары. Забралі газэты. Таксама літаратуру рознага кшталту. Вобшук цягнуўся гадзіны чатыры. Вось зараз будзем наводзіць парадак”.
Прашу суразмоўцу назваць прычыну гвалтоўных ператрусаў у рэгіёнах.
“На надуманым грунце творыцца гвалт, каб перакрыць доступ інфармацыі пра цяперашні рэжым да насельніцтва ў рэгіёнах - у гарадох, пасёлках і вёсках”.