Культура

Дзеля будаўніцтва офісу разбурылі чарговы помнік

17.03.2008 20:01

У гістарычным цэнтры Менску зруйнаваны будынак, які адносіцца да першай ахоўнай катэгорыі помнікаў гісторыі і культуры. Чарговай ахвярай менскіх “рэстаўратараў” стаў узор горадабудаўніцтва ХІХ стагодзьдзя на вуліцы Рэвалюцыйнай, 17. На вызваленай пляцоўцы заплянаваны офісны будынак са шкла і бэтону.


Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч распавядае пра чарговую ахвяру “бульдозэрнай рэстаўрацыі”:

“Гэта дом ХІХ стагодзьдзя, цудоўны прыклад гарадзкой квартальнай забудовы. Фасад не багата, але ж дэкараваны менавіта ў традыцыях сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. Сьціплы дэкор фасаду: профілі, вызначаныя аконныя праёмы і г.д. Адным словам, яскравы прыклад гарадзкой забудовы ХІХ стагодзьдзя, статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі згодна зь Дзяржаўным сьпісам. Гэта па-першае. А па-другое, ён знаходзіўся пад абаронай некалькіх нарматыўных дакумэнтаў. 29 сакавіка 2005 году адбылося паседжаньне навукова-мэтадычнай рады Міністэрства культуры. Згодна з пратаколам, практычна ўсе пабудовы гістарычнага цэнтру адрасна ўнесеныя ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў з прысваеньнем першай катэгорыі”.

Дом па Рэвалюцыйнай, 17 трапіў і ў асобны ахоўны сьпіс па гораду Менску. Паказальна, працягвае спадар Астаповіч, што яшчэ да прыняцьця такога рашэньня на аб’екце ўжо вяліся рэстаўрацыйныя работы:

“Ад 2004 году там ішлі рэстаўрацыйныя работы. Там і новы дах зрабілі, і новую сталярку паклалі. Яшчэ ў пазамінулую пятніцу я абыходзіў зону гістарычнага цэнтру, дом стаяў, не было нават намёку, што яго руйнаваць зьбіраюцца. Яго літаральна апошнімі днямі імгненна зьнесьлі, а ў мінулую пятніцу адтуль ужо толькі рэшткі будаўнічага сьмецьця звозілі”.

Спробы Антона Астаповіча высьветліць, хто ж даў загад на руйнаваньне помніка архітэктуры, вялікага плёну ня мелі. Намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, які курыруе аднаўленчыя працы ў Верхнім горадзе, адказаў так: маўляў, ня ведаю, што адбываецца з помнікамі першай катэгорыі.

Аднак у працэсе далейшага дасьледаваньня стала вядома: ад 2005 году аб’ект курыравалі два інвэстары — расейскае таварыства “Іксора” і беларускае прадпрыемства “Сепал”. Сёлета ж заказчыкам стала таварыства “Тапас”, а падрадчыкам на знос будынка — будаўнічае ўпраўленьне № 2 будтрэста № 7. Там спадару Астаповічу паказалі праектна-каштарысную дакумэнтацыю пад назвай “Праект разборкі будынку па вуліцы Рэвалюцыйная, 17”. Там жа пазначана: маюцца ўсе ўзгадненьні на знос будынка, уключна з санкцыяй Міністэрства культуры.

Пытаюся ў свайго суразмоўцы: ці паведамілі ў будаўнічым трэсьце, што заказчыкі зьбіраюцца ўзводзіць замест зруйнаванага помніка архітэктуры?

“Там заплянаваны адміністрацыйны будынак. Гэта значыць, чарговыя інвэстыцыі ў офісны будынак, чарговыя выгадныя ўкладаньні грошай. І зноў жа чарговым разам, каб збудаваць офісныя будынкі, у цэнтры гораду нішчыцца гісторыка-культурная спадчына”.

Былы галоўны дзяржаўны інспэктар Менгарвыканкаму па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ўладзімер Папруга канстатуе, што ў працэсе нібыта аднаўленьня гістарычнага цэнтру Менску ўжо даўно ня ўлічваюцца нормы заканадаўства, а адказных за працэс “засваеньня” гістарычнай тэрыторыі цікавіць толькі камэрцыйны бок справы. Такую сытуацыю экспэрт параўноўвае з татальнай “зачысткай” Менску ў часе “маскоўскіх войнаў”:

“Сытуацыя такая, што Менск практычна толькі страчвае, а не набывае. Што такое гісторыка-культурная каштоўнасьць гораду Менску? Гэта абсалютна канкрэтныя чатыры катэгорыі, як гэта і запісана ў Законе “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”. Будынкі і збудаваньні, гістарычная пляніровачная структура, ляндшафт і культурны пласт. Дык вось, будынкі і збудаваньні Менск страчваў цягам усёй сваёй гісторыі. Літаральна за пэрыяд так званых маскоўскіх войнаў ХVII — пачатку XIX стагодзьдзя Менск выпальваўся ледзь ня кожнае пакаленьне: 30—50 гадоў, прыходзілі казачкі з шабелькамі, горад выпальваўся разам зь людзьмі, якія тут заставаліся. Пасьля вярталіся менчукі і на сваіх жа пляцах пачыналі адбудоўваць так званыя будынкі і збудаваньні”.

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ўжо накіравала ў Генэральную пракуратуру хадайніцтва на завядзеньне крымінальнай справы па факце руйнаваньня гістарычнага помніка. Пра гэта таксама праінфармаваныя Камітэт дзяржаўнага кантролю і адміністрацыя прэзыдэнта.

На здымках: Пра колішні помнік нагадваюць толькі руіны.


 

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-7 (з 7)
Імя:: Віталь
17.03.2008 21:02

Ганьба Беларусі!


Імя:: Gerg
17.03.2008 21:48

Надеюсь, скоро придет время расплаты, и все негодяи пойдут под суд! Ведь их расстрелять мало!. В первую очередь они лишают будущего своих детей - без прошлого нет настоящего и будущего.


Імя:: Віталь
18.03.2008 07:44

Цяпер ужо можна с пзўнасьцю зазначыць, што Беларусь ня мае будучыні. Беларусь ня будзе беларускаю. Гэта канец.


Імя:: Глада Горад:: Praha
18.03.2008 12:01

Герг
ды ім напляваць на тваю спадчыну. Іх дзеці сядзяць у Маскве.


Імя:: Dux Горад:: Менск
18.03.2008 19:24

А чые здымкі?


Імя:: papruha Горад:: Miensk
18.03.2008 22:29

Гэта не канец-
...вайна вядзецца вось ужо больш за 200 год (толькі яе сучасная - так бы мовіць "інэграцыйная фаза")- але "праблема з Беларусяй" не здымаецца, больш таго, сучасныя "акупанты па непаразуменьні- дзейсная аюміністрацыя" - нават яны ўжо бяз брэнда Незалежнай краіны абыйсціся ня могуць.

З прававога ж гледзішча, пазыцыя нішчыцелей сёння больш незайздросная, чым пазыцыя помнікаў, якія яны нішчаць. Яны ЎЖО па-за законам- і пакараньня ім не пазьбегнуць, памаўчым тут ужо пра удячную памяць нашчадкаў...

Ну а Менск - ён атрасецца ад усёй гэтай небрыдзі ў адзін напраўдзе добры дзень, і пойдзе сваім натуральным шляхам, якім ідзе вось ужо больш за тысячу год. Тым больш, тыя "эскпромты", якія нішчыцелі тут садзяць замест гістарычных помнікаў, настолькі нелягічныя ва ўсіх сэнсах, што ім не перажыць нават сваіх стваральнікаў, якія разам з іншай адказнасцю, яшчэ будут вымушаныя і прафінансаваць працэс метадалагічна-адгрунтаванай рэгенерацыі Гістарычнага цэнтра сталіцы, як мінімум- у частцы расчысткі ягонай тэтыторыі ад сённяшніх навабудаў. Усё, што сёння па-за прававым полем- у прававое поле будзе вернутае.

Сённяшняя сітуацыя ідэнтычная падзеям 3 сакавіка 1067г.- дня першага сваіго руйнаваньня і афіцыйнага "нараджэньня". Усё, што робяць сённяшнія вандалы-ужо тут было, і ня раз, але ў адрозьненьне ад усіх папярэдніх, ЯНЫ БУДУЦЬ ПЕРШЫЯ, ЯКІЯ АДКАЖУЦЬ ЗА ЗЛАЧЫНСТВЫ- па Законе Незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Нядоўга ім баляваць, нават калі гэты шабаш рсцягнецца й-на дзесяцігоддзе.

Менчукі бачылі й горшае...

Час, права і логіка ўжо даўно на нашым баку-
а гэта і ёсць перамога.


Імя:: Уладзімір Горад:: Менск
19.03.2008 12:15

здымкі адсюль - http://spadczyna.org/content/view/59/1/

Камэнтары 1-7 (з 7)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks
ПАМЕР ШРЫФТУ