Наступная праграма
Ранішні эфір
06:00 - 07:00
Ранішні жывы эфір
07:00 - 08:00
Вечаровы эфір
18:00 - 19:00

Палітыка

Угодкі БНР сьвяткуюцца ў Эўрапарлямэнце

10.03.2008 05:12

У Страсбур прыяжджаюць удзельнікі “Беларускага тыдня” – у Эўрапарлямэнце будуць адзначаць 90-я угодкі абвяшчэньня БНР.


Месца і час адзначэньня сьвята невыпадковыя - пачынаецца сэсія Эўрапарлямэнту. Арганізатары спадзяюцца такім чынам яшчэ раз прыцягнуць увагу эўрапейцаў як да беларускай гісторыі, так і да цяперашняга становішча ў краіне.

Удзельнікі – прадстаўнікі кіраўніцтва БНР і вядомыя беларускія культурныя дзеячы і апазыцыйныя палітыкі.

Стаць гасьцямі “Беларускага тыдня” ўжо пагадзіліся старшыня Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Потэрынг, кіраўнік парлямэнцкага камітэту па замежных сувязях Яцак Сарыюш-Вольскі, кіраўнік фракцыі Эўрапейскай народнай партыі-Эўрапейскіх дэмакратаў Джозэф Доўл ды некаторыя іншыя ўплывовыя эўрапейскія дэпутаты.

Куратарам гэтага праекту ад імя Эўрапарлямэнту выступае кіраўнік парлямэнцкай дэлегацыі ў сувязях зь Беларусьсю Яцак Пратасевіч. А ініцыятыва адзначыць беларускае сьвята ў Страсбуры сыходзіла ад партыі БНФ. З гэтай нагоды кіраўнік Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі адзначае:

“Вельмі важна, што гэтым разам ініцыятыва была зь беларускага боку. Мы не на ласку некага едзем, а на ўласную ініцыятыву. І ўсё гэта пачалося адбывацца яшчэ летась, калі БНФ выступіў з такой ініцыятывай. І яна найшла падтрымку.
Для мяне важна, што мы едзем не як просьбіты, а як прадстаўнікі той гістарычнай супольнасьці, якая шануе ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі, яе сымбалі”. 

Праграма сьвята ўключае паказ фільма рэжысэра Юр'я Хашчавацкага “Плошча”, выставы мастакоў Алеся Марачкіна й Рыгора Сітніцы, фатографаў Ігара Крашэўскага ды Адама Тухлінскага. Заплянаваныя таксама выступ Зьмітра Вайцюшкевіча, прэзэнтацыя слоўніка Лявона Баршчэўскага. 

Спадар Баршчэўскі, чый выступ значыцца ў праграме, цьвердзіць, што з прэзэнтацыі слоўніка ён толькі пачне сваю прамову:

“Я, канечне, буду гаварыць ня толькі пра слоўнік. У першую чаргу –пра праблему палітзьняволеных і пра існаваньне нашай грамадзянскай супольнасьці. Зьвярну ўвагу абавязкова і на іншыя пытаньні”. 

Мастак Алесь Марачкін цьвердзіць, што паездка ў Страсбур надзвычай адказная, паколькі важна паказаць эўрадэпутатам ня толькі палітычную сытуацыю на Беларусі:

“Яны захацелі паглядзець і на духоўныя здабыткі мастакоў, сьпевакоў, кампазытараў, літаратараў... І я думаю, што такі пачатак вельмі неблагі. Палітыка – яна і ёсьць палітыка. А абмен духоўнымі багацьцямі больш раскрывае народ: хто мы, якія мы, куды мы ідзем? І ўсё астатняе”.

Цягам тыдня заплянаваныя дыскусіі і сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці, прэсавая канфэрэнцыя, а таксама абмен думкамі па тэме “Незалежная Беларусь – неад'емная частка Эўропы”. Будзе паднімацца пытаньне, якое лябіруюць беларуская апазыцыя і дэпутаты Эўрапарлямэнту: пра зьніжэньне памеру консульскага збору зь беларусаў за шэнгенскія візы.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму
 
 
  Паслаць  
 
 
 
Камэнтары 1-4 (з 4)
Імя:: Васіль
10.03.2008 09:47
Раз ужо размова ў Эўрапарлямэнце, як я зразумеў, будзе рабіцца аб беларускай КУЛЬТУРЫ, тады чаму б Навумчыку, Мілінкевічу, Баршчэўскаму і іншым прадстаўнікам беларускага народа ў Еўрапарламенце не папрасіць ФІНАНСАВАЦЬ з бюджэту ЕЗ развіццё беларускай мовы, як ЯДРА беларускай культуры???!!!

Можна, напрыклад, наладзіць рэгулярнае фінансаванне Грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» (ТБМ ) з бюджэту Эўразьвяза; ці можна прафінансаваць толькі адзін які-небудзь праект, напрыклад беларусізацыю Windows (стварыць ліцэнзійную беларускамоўныю версію) і Microsoft Word (праверку беларускай арфаграфіі), можа стварыць беларускмоўныю ВНУ дзе-небудзь ў Вільні ці Беластоку!!

Бо гэта было бы моцным маральным ўдарам па нацыянальна-нігілістычнаму і савецка-рэваншысцкаму рэжыму Лукашэнкі!!

Спадары Баршчэўскі, Навумчык, Мілінкевіч і іншыя шчырыя беларусы, выкарыстайце вашы асабістыя сувязі ў Эўрапарляменце, каб паспрыяць беларускай мове, як СТРЫЖНЮ беларускай КУЛЬТУРЫ, ў фінансаванні Эўразьвязам!! Хаця б папрасіце ЭЗ дапамагчы, распавядзіце ім аб стане беларускай мовы на прыкладзе кнігі ТБМ "Аняменне. З хронікі знішчэння беларускай мовы".

Бо калі вы на выбарах пайдзеце да мяне, я асабіста ў вас папытаюсь, што вы зрабілі ў Эўрапарламенце дзеля беларускай мовы, і вырашу тады ці галасаваць за вас.

Імя:: Ілля
10.03.2008 13:47
А што на фота за сцяг такі: чырвона-белы? Больш падобны на перавярнуты польскі

Імя:: Валеры ГРЫЦУК
10.03.2008 17:14
Падтрымліваю спадара Васіля.
Больш таго, я паведаміў ЭўраКамісію аб дыскрымінаціі беларускай мовы і этнацыду беларусаў.а таксама парушэньню Правоў Чалавека ўладамі РБ.
Я маю адказ,кіраўніка адзела, (Hilde Hardeman, Head of Unit), дзе ЭК абяцае ўвагу да справы дыскрымінацыі і нагадвае, што "Камісія падтрымлівае дэмакратызацыю праз фінансаваньне праектаў дапамогі."

тэл. 32-2-2965077.
Адказ 20.02.2008 SYB-2008-AA0391

Імя:: Віталь
10.03.2008 19:04
У цэнтры сцяг Манака. Справа - польскі
Камэнтары 1-4 (з 4)
Апублікуй у LiveJournal:
Live Journal
ПАМЕР ШРЫФТУ