Палітыка

Беларусь і санкцыі супраць Ірану

04.03.2008 15:54

Рада Бясьпекі ААН пашырыла санкцыі адносна Ірану. Тэгерану прапанавалі цягам трох месяцаў згарнуць сваю праграму ўзбагачэньня ўрану. Гэтым разам Расея ня стала бараніць Іран і падтрымала рэзалюцыю. Як на гэтым тле могуць разгортвацца далей беларуска-іранскія дачыненьні?


Палітычны аглядальнік інтэрнэт-газэты “Naviny.by” Марына Рахлей адзначае:

“Беларусь у Іране ўдзельнічае ў нафтаздабычы. А фінансавыя санкцыі, якія прадугледжвае трэцяя рэзалюцыя ААН, тэарэтычна могуць вывесьці з гульні буйныя эўрапейскія кампаніі, якія працуюць на іранскай тэрыторыі. На іхнія месцы могуць прыйсьці менш уплывовыя, але зацікаўленыя ў гэтым краіны. Гэта — прынамсі, Малайзія, Інданэзія ды Беларусь. І з гэтага пункту гледжаньня новыя санкцыі супраць Ірану могуць быць у нашых інтарэсах”.

Вялікабрытанія і Францыя ўжо вынесьлі папярэджаньні сваім нафтавым кампаніям, якія дзейнічаюць у Іране. Ці здольныя беларускія нафтавікі заняць магчымыя вакантныя месцы? На гэтае пытаньне адказвае Міхаіл Марыніч, які ў свой час быў сустаршынём супольнай беларуска-іранскай гандлёва-эканамічнай камісіі:

“Тэхналягічна Беларусь самастойна ня зможа ўкараніцца ў здабычу іранскай нафты. Думаю, што сёньня гэта Беларусі пакуль не пад сілу, хоць нейкія спробы ўжо робяцца. У пэўнай ступені гэта падобна да вэнэсуэльскага варыянту. Але супраць тых, хто працуе ў Іране, у любы момант могуць быць уведзеныя новыя санкцыі. І прадаць здабытую там нафту на міжнародным рынку будзе вельмі складана. Я лічу, што пашыраць свой удзел у Іране немэтазгодна. Гэта толькі нанясе пэўную шкоду эканоміцы Беларусі”.

Міхаіл Марыніч ня лічыць магчымым і тое, каб Беларусь пачала купляць іранскую нафту. Ён згадвае, што яшчэ ў 1995 годзе Іран прапаноўваў Беларусі такі варыянт. У Тэгеран дзеля гэтага нават лётаў тагачасны прэм’ер Міхал Чыгір. Але разьлікі паказалі — дастаўка нафты рабіла яе надзвычай дарагой. На думку спадара Марыніча, цяпер сытуацыя яшчэ больш складаная:

“І ў той час гэта было эканамічна нявыгадна, бо расейская нафта тады каштавала таньней за іранскую. За гэты час кошты нафты значна падрасьлі, сталі ўсясьветнымі. І перавозіць яе з Ірану ў Беларусь нявыгадна і бессэнсоўна”.

Сябра міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч на пытаньне, ці будзе Беларусь выконваць санкцыі Рады Бясьпекі, адказвае:

“ААН — гэта такая аўтарытэтная арганізацыя, рашэньні якой павінны стаць абавязковымі для любой дзяржавы. Пажадана, каб да рэзалюцыяў, да рашэньняў ААН ставіліся станоўча абсалютна ўсе, нават моцныя гэтага сьвету. І каб яны не стваралі прэцэдэнтаў, як гэта было нядаўна з Косавам”.

Калі Іран ня выканае новую рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН, дык супраць яго будуць уведзеныя санкцыі. Яны прадугледжваюць забарону на паездкі за мяжу іранскіх афіцыйных асобаў, якія ўдзельнічаюць у выпрацоўцы ядзернай праграмы, замарожваньне рахункаў іранскіх кампаніяў і банкаў, якія маюць дачыненьне да атамных праектаў, а таксама прымусовую інспэкцыю грузаў, накіраваных у Іран.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: с-богдан
05.03.2008 00:50

Марыніч: "Але супраць тых, хто працуе ў Іране, у любы момант могуць быць уведзеныя новыя санкцыі. І прадаць здабытую там нафту на міжнародным рынку будзе вельмі складана".

Хацеў бы я паглядзець, як сьвет адмовіцца да закупак іранскае нафты і, галоўнае, чым гэтая адмова скончыцца! у тым то ўся і справа, што любыя санкцыі супраць Ірану, апрача нафтавых, вялікага сэнсу ня маюць, у сэнсе не сьмяротныя. а адзіна эфэктыўныя нафтавыя санкцыі - то бок спыніць гандаль іранскай нафтай - абыйдуцца сьвету (і ЗША) таксама "сабе даражэй!
каб у нас была нармалёвая нафтавая кампанія, дык зараз быў бы добры шанец і пэрспэктывы. але з такімі нафтавікамі як у нас і іх мэтадамі, сапраўды наўрад ці што атрымаецца талковае.

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb
ПАМЕР ШРЫФТУ