Грамадзтва

Як у Чашніках ўзялі клятву з маладых спецыялістаў

29.02.2008 08:21

У Чашніцкім райкаме БРСМ склалі тэкст "Клятвы на вернасьць прафесіі", якую далі усе маладыя спэцыялісты, дасланыя ў раён па разьмеркаваньні. Гэта павінна дапамагчы замацаваць кадры у раёне.

Пра тое, што ў Чашніках з маладых спэцыялістаў бяруць "Клятву на вернасьць прафэсіі", паведамілі па тэлефоне тамтэйшыя слухачы Радыё Свабода.
 
98 выпускнікоў навучальных устаноў 2007-га году, якія прыбылі ў Чашніцкі раён на першую ў сваім жыцьці працу, 12 лютага сабралі ў Доме культуры на адмысловую імпрэзу. Моладзі паказалі дакумэнтальны фільм пра тое, як пацуюць іхныя папярэднікі – тыя, хто прыехаў у раён годам раней, потым з прамовамі выступілі старшыня райвыканкаму і ветэраны працы, заклікаўшы маладое папаўненьне да адказнага і прафэсыйнага стаўленьня да сваіх працоўных абавязкаў.
 
Урэшце вядучыя імпрэзы ўголас зачыталі словы клятвы, складзенай актывістамі Чашніцкай раённай арганізацыі БРСМу, а прысутныя ў залі маладыя спэцыялісты паўтаралі слова "Клянёмся!" пасьля кожнае фразы.
Потым некаторыя зь іх казалі, што ўсё гэта нагадвала клятву, якую ў савецкія часы давалі юныя піянеры ў дзень уступленьня ў арганізацыю.
 
Кіраўніца ідэалягічнага аддзелу Чашніцкага райвыканкаму Тацяна Пчолкіна адстойвае уласны погляд на гэты рытуал:
 
"Штогод мы праводзім такія сустрэчы з маладымі спэцыялістамі. Яны праводзяцца ў рознай форме. Вось сёлета мы правялі ўрачыста-сьвяточную сустрэчу. І мы выкарыстоўвалі такія элементы, якія б і ўзьнялі настой, і адпавядолі вось гэтаму прызначэньню: быў прачытаны тэкст, людзі падняліся, калі гэты тэкст чытаўся. Што тут дрэннага?" 
 
"Клятву на вернасьць прафесіі" прымалі ўсе агулам – і маладыя настаўнікі, і лекары, і заатэхнікі, і аграномы. Штогод у Чашніцкі раён дасылаюць каля сотні выпускнікоў навучальных установаў, і ўсё адно застаюцца вакантныя месцы. Адпрацаваўшы належныя два гады, а то й меней, маладыя людзі імкнуцца зьехаць адсюль у іншыя месцы, не знаходзячы тут для сябе нічога прывабнага.
 
 
Пакараньня для парушальнікаў "Клятвы вернасьці" актывісты Чашніцкага БРСМу пакуль што не яшчэ прыдумалі.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb