Грамадзтва

Жалезьнічэнка служыць, але прысягу не прымае

28.02.2008 16:05

Ужо больш як месяц служыць у войску сябра партыі БНФ, былы студэнт-выдатнік Гомельскага дзяржунівэрсытэту Зьміцер Жалезьнічэнка. Яго выключылі з ВНУ пасьля таго, як стала вядома пра ягоны ўдзел у апазыцыйным руху. Пры гэтым яго абвінавацілі ў парушэньні правілаў унутранага распарадку. Зьміцер Жалезьнічэнка заявіў пра незаконнасьць свайго адлічэньня і прызывуў войска і на знак пратэсту адмовіўся прымаць прысягу.


Палкоўнік Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык пацьвердзіў для Радыё Свабода, што Зьміцер Жалезьнічэнка застаецца ў Жлобіне ў вайсковай частцы чыгуначных войскаў:

“Так, у адным з падразьдзяленьняў. Выконвае абавязкі. Ён знаходзіцца па-за штатам — не прызначаны на пасаду, бо не прыняў прысягу. Калі ж ён вырашыць, то прыме прысягу”.

Карэспандэнт: “Цяпер гэта залежыць ад яго асабіста?”

“Непрыняцьце вайсковай прысягі не вызваляе яго ад выкананьня абавязкаў вайсковай службы. Праўда, зь некаторымі абмежаваньнямі, якія цяпер уведзеныя”.

А вось якія падрабязнасьці пра службу Зьмітра Жалезьнічэнкі паведамляе са Жлобіну актывіст апазыцыі Мікалай Пагодзін:

“Да прахадной гэтай часткі мне ісьці ўсяго хвілінаў шэсьць-сем. Раней салдата папросіш, то ён пакліча Зьмітра ці аднясе яму перадачу. А цяпер усё інакш – на кантрольна-прапускным пункце сядзяць ужо тры салдаты і абавязкова старшы афіцэр”.

Пытаюся ў спадара Пагодзіна, ці гаворыць Зьміцер Жалезьнічэнка, як і раней, выключна па-беларуску, ці ёсьць магчымасьць у войску ўдасканальваць веды?

“Гаворыць! Ён цяпер гаворыць па-беларуску лепш, чым я. Папрасіў у мяне “Вайсковы слоўнік” на беларускай мове. Я занёс, аддаў”.

Пра самаадукацыю Зьмітра ў войску кажа і яго маці Ала Фёдараўна:

“Важу кніжкі. Ён — чытае”.

На пытаньне, ці не прымушаюць Зьмітра хутчэй прыняць прысягу, маці адказвае:

“Вядома, што кажуць пра гэта. Але быццам бы ня моцна пакуль насядаюць”.

Ала Жалезьнічэнка паведаміла, што 5 сакавіка суд Цэнтральнага раёну Гомеля зноў вернецца да разгляду скаргі яе сына пра незаконнае адлічэньне з вучобы ва ўнівэрсытэце. Праваабаронца Гары Паганяйла выказвае сваю думку адносна таго, як можа адбывацца гэты суд:

“Нам цяжка прагназаваць. Прававыя падставы для вызваленьня Зьмітра ад службы ёсьць, а вы ж ведаеце, што ў беларускіх судах не закон правіць баль, а зусім іншыя рэчы. Таму, калі будзем у судзе, то там на месцы і будзем разьбірацца”.

Увосень 2007 году Зьміцер Жалезьнічэнка быў адлічаны з матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны. Пасьля чатырох месяцаў судовага змаганьня, 16 студзеня 2008 году Зьміцер быў адноўлены ва унівэрсытэце. Але ўжо праз тыдзень яго адлічылі паўторна. А 25 студзеня Зьмітра Жалезьнічэнку забралі ў войска.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Мікола Горад:: Летува
28.02.2008 17:29

Гэта проста дробязная помста, бо таленты беларускай нацыі шліфуюцца не у чыгуначных войсках, а у лепшых унівэрсітэтах Сьвету. Хлопца трэба выпусьціць вучыцца за мяжу...


Імя:: Хлад Пяшчэр
28.02.2008 23:30

2Мікола:
Ведаеце, Зьміцер меў шанец зваліць за кардон яшчэ ў 2006 г. Заставацца на Бацькаўшчыне - яго прынцыповая пазыцыя.

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb
ПАМЕР ШРЫФТУ