Блогі / Кастусь Бандарук

Косава: радасьць і сьлёзы

23.02.2008 17:20

Паколькі з тае самае прычыны адны радуюцца, а другія плачуць, нельга з упэўненасьцю сказаць, што разам з абвяшчэньнем незалежнасьці Косава адбылося нешта вельмі добрае альбо нешта цалкам дрэннае. Важна, каб ня цешыцца з чужой бяды, бо яна можа ператварыцца ў нашу агульную бяду. І ня дужа гараваць зь яе, бо яна мае ня меней шанцаў ператварыцца ў супольную радасьць.


Незалежнасьць - цудоўны стан. Яна лепшая за залежнасьць, як свабода лепшая за зьняволеньне. Аднак дрэнна, калі незалежнасьць і свабода адных цягне за сабою падпарадкаваньне і зьняволеньне іншых. Па-мойму, такую сытуацыю маем у Косава.

Каму не лянота, хай прачытае хаця б у Вікіпэдыі нешта пра гісторыю Косава і Мэтохіі. Ня трэба адкідаць гэтай другой назвы, паколькі яна гістарычная і па-грэцку азначае “царкоўную маёмасьць”, тыя старажытныя сэрбскія храмы і манастыры. Я не зьбіраюся спрачацца наконт таго, хто мае больш рацыі, сэрбы ці альбанцы. Мабыць, часткова і адны, і другія. Адносіны паміж альбанцамі і сэрбамі на працягу гісторыі былі вельмі складаныя. Noel Malcolm у сваёй кнізе “Kosovo: the short history” піша, што ў выпадку Косава ёсьць дзьве розныя гісторыі: сэрбская і альбанская. Абодва бакі даказваюць, хто зь іх быў першы на гэтых землях. Альбанцы кажуць пра Косава як пра сваю гістарычную радзіму, падкрэсьліваюць сваю дэмаграфічную перавагу, а сэрбы лічаць Косава калыскай сваёй дзяржаўнасьці, сымбалем нацыянальнай тоеснасьці і гонару. Для сэрбаў адабраць Косава - гэта тое самае, што вырваць сэрца.

Я заўсёды лічыў, што трэба ставаць на баку слабейшага і ахвяры, а ня ката. Калі ў 1995 годзе басьнійскія сэрбы расстралялі тысячы басьнійцаў ў Срэбраніцы, я быў супраць сэрбаў. Калі ў 1999 годзе заходнія краіны паўсталі супраць этнічных чыстак у Косаве і сталі на абарону альбанцаў перад наступам югаслаўскай арміі, тады я быў салідарны з альбанцамі. Калі аднак, асабліва пасьля 1999 году, косаўскія сэрбы становяцца ахвярамі тэрактаў, відавочнага зьдзеку і перасьледу з боку альбанскай большасьці, я салідарны з сэрбамі.

Як мала калі, я згодзен з пазыцыяй Бялграду і Расеі, што абвяшчэньне незалежнасьці Косава парушае сувэрэнітэт Сэрбіі як сябра ААН, Хартыі Аб'яднаных Нацыяў, рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН №1244, заключнага акту Арганізацыі Бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, канстытуцыйных рамак Косава і ранейшых пагадненьняў на найвышэйшым узроўні. Відавочна, з 17 лютага сёлета няма сэнсу гаварыць пра нейкае “міжнароднае права”, а Рада Бясьпекі ААН больш ня мае што рабіць у якасьці міжнароднага арбітра. У выпадку незалежніцкіх памкненьняў якой небудзь рэспублікі няма падставаў ні сэнсу зьвяртацца ў гэты орган. Трэба абвяшчаць незалежнасьць проста у аднабаковым парадку і чакаць прызнаньня з боку асобных краін.

Я не хачу спасылацца на “Przeglad Prawоslawny” які выдае мой знаёмы, дэпутат польскага Сойму Яўген Чыквін. Ён шмат разоў вазіў у Босьнію і Косава гуманітарную дапамогу сэрбам і даказваў у Сойме, што налёты НАТО супраць Сэрбіі былі вялікай памылкай. Яго лёгка абвінаваціць у пра-сэрбскіх сымпатыях, як і шмат маіх калегаў зь Беласточчыны, якія часта бываюць у былой Югаславіі, але сустракаюцца і размаўляюць толькі з сэрбамі. Аднак нават паводле міжнародных навінаў, якія сам чытаю, я перакананы, што Адміністрацыя ААН у Косаве і міжнародныя сілы НАТО абаранілі альбанцаў ад сэрбаў, але ім не захацелася абараняць сэрбаў ад альбанцаў.

Каб ня быць западозраным у тым, што спасылаюся на аднабаковыя крыніцы, адсылаю да гадавой справаздачы аўтарытэтнай арганізацыі Human Rights Watch за 2004 год. Failure to Protect:
Anti-Minority Violence in Kosovo, March 2004. The Violence: Ethnic Albanian Attacks on Serbs and Roma. 

Зь яе вынікае, што з часу ўстанаўленьня ў 1999 годзе адміністрацыі ААН у Косаве, міжнародныя сілы ня выканалі ніводнага пункту рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН №1244. Пры іхнай бязьдзейнай прысутнасьці (бязьдзейнасьцю і дзіўным разуменьнем сваёй місіі ўславіліся асабліва французы) з Косава былі выгнаныя 350 тысяч неальбанцаў, затое прыбылі з-за мяжы 250 тысяч новых альбанцаў . Паводле дадзеных з 2004 году, колькасьць сэрбаў, забітых з часу разьмяшчэньня міжнародных сілаў, склала 120 чалавек.


У артыкуле “Хлусьня ўзяла верх” карэспандэнт польскай “Трыбуны” ў Косаве (Trybuna, 27.04.2004) Тадэвуш Самітоўскі (нават не праваслаўны) пісаў пра тое, што этнічныя сэрбы ў Косаве сталі яшчэ ахвярамі прапагандысцкай вайны. Я сам бачыў на польскім тэлебачаньні кадры зь нібыта старушкай-мусульманкай у чорным над магілай, а карэспандэнт змрочным голасам паведамляў, што сэрбскія банды расстралялі ўсю яе сям'ю. Жах, аднак кожнае дзіцё на Балканах ведае, што мусульманка ў жалобе ніколі не апране чорную хустку. Гэта магла быць толькі сэрбская жанчына - адзначае Самітоўскі і дадае: “У гэтай вайне перамагла хлусьня”.

Прашу таксама, каму не лянота, пацікавіцца справаздачай былога амбасадара ЗША ў Ватыкане Thomas'a Patrick'a Melady зь ягонай паездкі ў Косава прадстаўленай 11-12 жніўня 2005 году ў амэрыканскім Кангрэсе. 

Паводле Мэлады, у 1999-2004 гадох банды этнічных альбанцаў атакавалі 150 праваслаўных храмаў, манастыроў, сэмінарыяў і япіскапскіх сядзібаў. Ён паведаміў, што з Косава ўцяклі 200 тысяч сэрбаў, а тыя, што засталіся, жывуць у анклявах, ахоўваных міжнароднымі сіламі. “Гэта не нармальнае жыцьцё. Яны ня маюць свабоды выйсьці або ўвайсьці з прычыны боязі перад альбанцамі”. Joseph Grieboski, кіраўнік Інстытуту Рэлігіi і грамадзкай палітыкі прыраўняў разбурэньне храмаў у Косаве да зьнішчэньня сынагогаў у нацыстоўскай Нямеччыне падчас “Крыштальнай ночы” ў 1938 годзе. “У адным і ў другім выпадку маем дачыненьне з праявай нянавісьці да меншасьцяў. У адным і ў другім выпадку маем таксама дачыненьне з поўнай адсутнасьцю рэакцыі на акты гвалту з боку адпаведных уладаў”, - адзначыў Grieboski.

Памочнік амбасадара Melady - Ivan Djurovski паказаў 17-хвілінны відэазапіс зьнішчэньня царквы Сьвятога Андрэя Апостала ў Падуеве. На думку Мэлады, амэрыканскі урад павінен стаць на абарону сэрбскай меншасьці у Косаве. Frederic Peterson, амэрыканскі аналітык у пытаньнях абароны заявіў, што сродкі масавай інфармацыі ўсяго сьвету ігнаруюць факт, што Савудаўская Арабія ды іншыя арабскія краіны фінансуюць пабудову мячэцяў на месцы разбураных старажытных храмаў, якіх (што варта адзначыць) не разбурылі туркі за 500 гадоў панаваньня Асманскай імпэрыі.

У мяне ўзьнікае некалькі канкрэтных пытаньняў:

-ці заходнія ўрады сапраўды ня ведалі і ня ведаюць што насамрэч адбывалася і адбываецца ў Косаве, ці ня слухаюць сваіх уласных СМІ і сваіх уласных экспэртаў?

- калі этнічныя альбанцы Косава маюць права на незалежнасьць ад Бялграду, дык ці маюць этнічныя сэрбы ў правінцыі права на незалежнасьць ад Прышціны?

-ці заходнія краіны прызнаюць незалежнасьць сэрбскай часткі Косава, бо прычыны іхнага імкненьня да незалежнасьці ідэнтычныя, як у выпадку альбанцаў?

І яшчэ адно: давайце ня будзем ужо гаварыць пра тое, як выглядала місія ААН і НАТ0 з 1999 году і пачнем фіксаваць усе акты гвалту ў Косаве толькі пасьля 17 лютага сёлета і пасьля пагутарым, чаго варты “міжнародны нагляд” і ці Косава заслужыла незалежнасьці.

 
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-8 (з 8)
Імя:: Сяргей Горад:: Узда
24.02.2008 21:05

Жыве незалежнае Косава!


Імя:: Anton Горад:: Mensk
25.02.2008 20:29

Так.. Жорстка вы, спадар Бандарук, прайшлiся па альбанцах.. Я нi ў якiм разе не апраўдваю акты гвалту ў Косаве ў дачыненьнi да сэрбаў (калi яны там насамрэч маюць месца), але як павiнен, па-вашаму, дзейнiчаць пакрыўджаны народ, як нiчога добрага ня зьведаў на працягу сваёй гiсторыi ад сваёй метраполii? Зямлю, на якой вы жывяце, фактычна ператварылi ў канцлягер, а вы будзеце проста маўчаць як быццам нiчога ня здарылася?!. Дык што, цяпер, сэрбам рукi цалаваць? Хай бы яны спачатку прынеслi прабачаньнi за ўсе свае злачынствы, а потым чакалi да сябе нармальных адносiн. I потым.. Калi сэрбам там, у Косаве так дрэнна, дык чаму яны ня едуць у Сэрбiю? Чаму рускiя ў Латвii цi Эстонii не вяртаюцца ў Расею, калi iм там так дрэнна?


Імя:: Кастусь Горад:: Вялейка
25.02.2008 20:34

"Каму не лянота, хай прачытае хаця б у Вікіпэдыі нешта пра гісторыю Косава і Мэтохіі."
------------------------------------------------------------------------
А якую Вiкiпэдыю вы раiце нам пачытаць? Калi беларускую, то там амаль нiчога няма. Калi расейскую,то "Нейтральность данной статьи поставлена под сомнение.", як напiсана там ў пачатку. Калi толькi на ангельскай..


Імя:: Рыгор Горад:: Гародня
25.02.2008 20:36

Калi ўжо ня толькi Амэрыка, але i Эўропа падтрымлiвае незалежнасьць Косава, значыць так яно i мае быць.


Імя:: Якуб Лапатка
25.02.2008 23:28

Жорстка па албанцах? А з сербаў зрабілі наогул нейкую людажэрную пачвару. І ўвогуле, лічыць нечыя віны ў грамадзянскай вайне -- справа безнадзейная. А вось тое, што паўсюдна сербы "беспредельнічалі" -- гэта намаганьні антысербскай прэсы. Там і харваты, і бпшнякі, і албанцы паказалі сябе далёка не гуманітарыямі вышэйшага гатунку. Ці спадар Антон думае, што ў грамадзянскіх войнах адны (тут: албанцы) ходзяць у белых пальчатках і раздаюць дзеткам цукерачкі, а другія (тут: сербы) нястомна чыняць злачынствы?


Імя:: Кастусь Бандарук Горад:: Прага
26.02.2008 07:09

Я-ж і гавару, што я не супраць незалежнасьці. Наадварот. Справа ў тым, што ў выпадку сэрбска-альбанскага канфлікту , як і ў шмат якіх выпадках - праўда ня толькі на адным баку. Я ў гэтым упэўнены і хачу толькі аднаго: каб у Косаве паважаліся правы нацыянальных мяншыняў і культурна-гістарычная спадчына краю. Няўжо гэта шмат? Няўжо гэта не адпавядае ідэалам заходняй дэмакратыі? Аднак паводле маіх назіраньняў, ніхто не зьбіраецца гэтага гарантаваць. У гэтым уся бяда. Адсюль радасьць адных і сьлёзы-другіх. Хто асабліва цікавіцца тэмай, хай прачытае: па-расейску http://kosovo.ws/history/manach-tito.htm а калі гэта падаецца аднабаковым, дык па-ангельску http://en.wikipedia.org/wiki/Kosovo


Імя:: Anton Горад:: Mensk
26.02.2008 10:23

"Жорстка па албанцах? А з сербаў зрабілі наогул нейкую людажэрную пачвару. І ўвогуле, лічыць нечыя віны ў грамадзянскай вайне -- справа безнадзейная."
----------------------------------------------------------------
Што значыць, "справа безнадзейная"?! А хто распачаў бойню ў Боснii i Харватыi? Хто пачаў праводзiць этнiчныя чысткi i ператварыў Косава ў адзiн вялiкi канцлягер? Хто зараз падпальвае амбасады заходнiх дзяржаў у Бялградзе пры бяздзейсным i маўклiвым назiраньнi сваёй палiцыi? Хто не выдае Гаагскаму трыбуналу генералаў-злачынцаў? Гэта робяць не альбанцы, не харваты, не славенцы, не чарнагорцы, не басьнiцы i не македонцы, гэта робяць сэрбы. Пра гэта, што, нiхто ня ведае?! Цi ня хоча ведаць?! Сэрбам, як i расейцам, трэба спачатку пазбавiцца шавiнiзму i пачаць паважаць правы iншых нацый на самавызначэньне, а потым ўжо нечага патрабаваць, прыкрываючыся Косаўскай бiтвай (у якой, дарэчы, удзельнiчалi не адныя сэрбы).
А касавары, мiж iншым, заявiлi, што косаўскiм сэрбам будуць гарантаваныя поўныя правы, таму ня трэба наперад нiкога абвiнавачваць. Што будзе наперадзе, нiхто ня ведае. Пажывём-пабачым.


Імя:: Якуб Лапатка
26.02.2008 15:24

Спадар Антон! Я і чакаў такога пытаньня пра першапачаткоўца. Я скажу Вам, што мне давялося на свае вочы пабачыць (і паўдзельнічаць) пару грамадзянскіх войнаў, і кожны бок вінаваціў праціўніка: яны першыя пачалі. Я імкнуся двесьці, што ў такіх выпадках абое рабое.
А клапаціцца і кліновым лісточкам сьцяліцца дзеля правоў сербаў, цыганоў ды іншых албанцы не будуць. Усё гэта словы. І заакіянскія Спонсары заплюшчаць вочы на "асобныя прыкрыя выпадкі". На словах Сталінская канстытуцыя была самай дэмакратычнай у сьвеце, памятаеце? Ды і няма ніякай Косаўскай незалежнай дзяржавы. Ад каго незалежнай? Проста ЕЗ і ЗША адваявалі ў сербаў сабе тэрыторыю і назвалі яе незалежнай. І будзе гэтая незалежная дзяржава карміцца за кошт амерыканцаў ды еўрадурняў.

Камэнтары 1-8 (з 8)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks