Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данецку і Луганску пройдуць праўкраінскія мітынгі


На мітынг за адзіную Ўкраіну зьбіраюцца сёньня выйсьці жыхары Луганску і Данецку.

Украінскія патрыёты плянуюць сабрацца на мітынг, нягледзячы на пасіўнасьць мясцовых праваахоўнікаў і пагрозы з боку сэпаратыстаў.

У Луганску арганізатарамі мітынгу выступаюць рэктары чатырох ВНУ, перадае ТСН.Ніч.

Пасьля падзей 13 сакавіка ў Данецку гэта можа быць першая маштабная акцыя прыхільнікаў адзінства Ўкраіны.

Арганізатары неаднаразова адзначалі, што акцыя зьяўляецца мірнай, зрэшты, як і папярэднія патрыятычныя мерапрыемствы ў сталіцы Данбаса. Аднак бясьпеку ўдзельнікаў пакуль не гарантуе ніхто. Нават калі сытуацыя была не такой напружанай, прарасейскія сэпаратысты праяўлялі агрэсію адносна людзей з украінскай сымболікай.

Людзі, якія зьбіраюцца на мітынг, гэта ўсьведамляюць і прымаюць усе магчымыя меры бясьпекі. Паводле арганізатараў, ужо тысяча добраахвотнікаў гатовая папоўніць шэрагі самаабароны Данецку, каб абараняць ўкраінскіх патрыётаў ад нападаў. Акрамя гэтага, людзі арганізуюць сваю мэдычную службу з валянтэраў, а кожнаму з удзельнікаў раяць мець з сабой аптэчку.
Арганізатары заклікалі данецкага мэра наведаць іх мітынг і выказаць сваю пазыцыю. Бо напярэдадні на зьезьдзе Партыі рэгіёнаў прынялі рэзалюцыю, у якой адзначылі імкненьне рэгіяналаў захаваць адзіную Ўкраіну.

Прарасейскія апанэнты заявілі, што плянуюць сваю акцыю на той жа час у тым жа месцы Данецку, якое абралі праўкраінскія мітынгоўцы. Паводле міліцыі, сэпаратысты могуць быць ўзброеныя аўтаматычнай зброяй і мець выбуховыя рэчывы. Менавіта з-за такіх трывожных сыгналаў арганізатары праўкраінскай акцыі зьмянілі месца правядзеньня мітынгу.

Між тым данецкая міліцыя распаўсюдзіла зварот да ўдзельнікаў магчымых акцый з прапановай адмовіцца ад правядзеньня масавых акцый.

«Міліцыя валодае інфармацыяй, што радыкальна настроеныя грамадзяне падчас мітынгу могуць выкарыстоўваць аўтаматычную зброю супраць сваіх апанэнтаў» , — дадалі ў МУС.



Але ўкраінскія патрыёты не зьбіраюцца мяняць сваіх плянаў, а міліцыя не інфармуе, якімі менавіта сіламі будзе абараняць мітынгоўцаў ад магчымых правакацый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG