Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухач Радыё Свабода з Харкава: Беларусь — гэта як усходняя Ўкраіна


Аляксандар Кузьменка
Аляксандар Кузьменка

«Я ніколі ня думаў, што буду жыць у Чэхаславакіі 1938 году. Для мяне тое, што адбываецца ва ўсходняй Украіне, — люстраны адбітак тых падзеяў. Гэта жудасна разумець, што ты адправіўся амаль на сто гадоў назад».

Cталы слухач беларускага Радыё Свабода ад 1999 году, харкаўскі гісторык Аляксандар Кузьменка, які выдатна валодае беларускай мовай і сочыць за беларускай палітыкай, расказаў пра тое, як пачуваюцца людзі ва ўсходняй Украіне.

Як у Харкаве адрозьніваюць сэпаратыстаў


«У Харкаве зьявіліся людзі, адносна якіх ёсьць вялікі сумнеў, што яны харкаўчане. Маем выразныя сыгналы таго, што яны не мясцовыя. Зьявіліся людзі, якія ня ведаюць спэцыфічных харкаўскіх словаў. Сябра апавядаў, што сустрэў у гандэлку (так у Харкаве называюць пункт продажу таннага алькаголю на разьліў) людзей, якія ня ведаюць мясцовай гарэлкі. У іх запыталіся, ці добрая гэтая марка гарэлкі. Яны сказалі, што так, вельмі добрая. А ўкраінцы вельмі добра ведаюць, што гэтая гарэлка — вельмі кепскай якасьці. Таксама было — падчас масавых прарасейскіх акцыяў нейкія людзі пачынаюць ламіцца ў драматычны тэатар імя Шаўчэнкі, думаючы, што гэта будынак гарадзкой адміністрацыі (мэрыя). Зразумела, што гэта не харкаўчане. У нас падазраюць, што гэта людзі зь Белгараду. У гэтым расейскім горадзе шмат людзей, якія так ці інакш ведаюць украінскую мову, але ня ведаюць мясцовых яе нюансаў. Мы, вядома, ня можам пашпарты правяраць, але ўсё ж схіляемся да думкі, што гэта расейцы. Гэта адчуваецца ў тым, як яны гавораць, у іх іншы час на гадзіньніках і мабільніках».

За ўкраінскі сьцяг могуць пабіць


«З нацыянальнай сымболікай на вуліцах Харкава лепш не зьяўляцца, асабліва падчас прарасейскіх мерапрыемстваў у цэнтры. Гэта можа быць небясьпечным для здароўя — ёсьць небясьпека, што будуць біць. Часта ад сяброў і знаёмых чую, што то той атрымаў па галаве, то іншы ледзьве ўцёк ад гэтак званых „прыхільнікаў фэдэралізацыі“. Зразумела, якія ў іх „погляды“ — агрэсіўныя, пагромніцкія... Наадварот, на праўкраінскіх мітынгах шмат калі бывае болей людзей, але людзей зь іншымі поглядамі — там не чапаюць.
У Харкаве могуць звольніць (зразумела, цалкам „неафіцыйна“) за падтрымку ўкраінскай мовы і праўкраінскія погляды
Я б не сказаў, што тут, у Харкаве, ёсьць яўныя сэпаратысты. Тыя, хто бярэ ўдзел у мітынгах, выступаюць больш за статусныя рэчы, такія, як расейская мова, фэдэратыўныя адносіны з Кіевам, але не за ўваходжаньне ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Яўна прарасейскіх настрояў я ў Харкаве не заўважаю. Але ёсьць людзі, якія сумняюцца, ёсьць тыя, каму абыякава, ёсьць тыя, хто працуе на расейскія фонды ці мае іншыя дачыненьні з РФ, шмат хто хоча дыстанцыявацца ад палітыкі, але не адмаўляе сваёй падтрымкі Ўкраіны. Думкі, што Харкаў цалкам „здалі“, тут няма. На жаль, такая думка ёсьць пра Данбас і Луганск. У той жа час у Харкаве могуць звольніць (зразумела, цалкам „неафіцыйна“) за падтрымку ўкраінскай мовы і праўкраінскія погляды. Ёсьць пэўныя зьвесткі, што на шмат якіх прадпрыемствах, якія працуюць у выходныя, людзей адпускаюць са зьмены раней, каб яны маглі ўзяць удзел у прарасейскіх мітынгах».

Няма даверу да ўладаў


«Шмат хто з маіх знаёмых будзе бараніць Украіну. Але пры гэтым няма веры, што ўлады будуць дапамагаць у гэтым. Тыя, хто запісаўся ў атрады самаабароны, ужо зараз перасьцерагаюцца, што гэтыя сьпісы трапяць не да тых людзей. Калі ты будзеш супрацоўнічаць з афіцыйнымі ўладамі, няма гарантыяў, што яны не здадуць цябе і ты не апынесься ў стане ворага. Людзі рыхтуюцца да таго, што ім самім трэба будзе нешта рабіць, не спадзеючыся на ўлады».

Лукашэнка для нас — прарасейскі


«Я так разумею, што Лукашэнка вельмі залежыць ад Расеі. А насельніцтва Беларусі больш глядзіць расейскія каналы, чым слухае Радыё Свабода ці глядзіць БелСат. Таму Лукашэнка і арыентуецца на насельніцтва, якое глядзіць расейскую тэлевізію. Я ня веру ў тое, што Лукашэнка пры неабходнасьці ня будзе разам з Расеяй праводзіць ваенныя дзеяньні супраць Украіны. У Беларусі для гэтага ёсьць экстэрытарыяльныя расейскія вайсковыя базы. У нас у Крыме таксама была экстэрытарыяльная расейская вайсковая база. Чым гэта скончылася, украінцы ведаюць. Лукашэнка можа гандляваць сваімі адносінамі з Украінай, прызнаваць Турчынава кіраўніком нашай дзяржавы, але калі будзе загад з Крамля атакаваць Ровенскую ці Жытомірскую вобласьць, ён нічога ня зможа зрабіць. Мае сябры ў гэтых абласьцях кажуць, што на мяжы зь Беларусьсю адчуваецца напруга. Калі пачнецца сапраўдная вайна, войскі на нас будуць ісьці і зь Беларусі, адзінае што — магчыма, не пад афіцыйным беларускім сьцягам. Такім чынам, для нас пазыцыя Лукашэнкі выглядае больш-менш прарасейскай. Тое, што адбываецца ў Беларусі, мне вельмі нагадвае тое, што адбываецца тут, на ўсходзе Ўкраіны. У нас трэба ўкраінскую мову бараніць, а не расейскую. Як і ў вас трэба ратаваць беларускую. Калі Пуцін вырашыць „прапанаваць“ Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі шасьцю губэрнямі, то няўжо ня знойдуцца па 10 чалавек у кожным з вашых абласных гарадоў, якія скажуць, што іх „прыгнятаюць“?..»

Міні-слоўнік адмысловых харкаўскіх слоў:


Ампулка — стрыжань для шарыкавай самапіскі
Гандль, гандэлык — чарачная, расьпівачная
Зьмейка — засьцёжка-маланка
Рагач — тралейбус
Рэмбуль — трамвай
Пасажыр — незнаёмы хлопец, мужчына
Полюс — невялікі вафляна-шакалядны торцік
Пятнашка — псыхіятрычная клініка (нумар якой у Харкаве — 15)
Шо — аналяг беларускага «што» і ўкраінскага «що».
Шопапала — усё ўсякае, ні рыба ні мяса

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG