Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура запатрабавала матэрыялы працэсу «Лойка супраць КДБ»


Гэнік Лойка
Гэнік Лойка

Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску з уласнай ініцыятывы запатрабавала матэрыялы працэсу, які адбыўся 10 красавіка.

Тады Гэнік Лойка патрабаваў прыцягнуць да адказнасьці супрацоўніка КДБ за тое, што той адмовіўся размаўляць зь ім па-беларуску. Працэс вяла судзьдзя Алена Сямак. Паводле яе рашэньня пазоў быў адхілены, а суд Цэнтральнага раёну прызнаў, што чыноўнікі не абавязаныя карыстацца беларускай мовай у зносінах з грамадзянамі.

Сёньня, калі Гэнік Лойка зьвярнуўся ў суд Цэнтральнага раёну па пратакол судовага паседжаньня, высьветлілася, што працэсам зацікавілася пракуратура.

Тлумачыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

«Пракуратура мае права паводле закону запатрабаваць любую справу з суду, бо ажыцьцяўляе нагляд за законнасьцю судовых рашэньняў. Запатрабаваныя матэрыялы справы, матывуючае рашэньне і магчымасьць азнаёміцца з пратаколамі. Мы ня ведаем, у якіх мэтах, але пракуратуры таксама надзеленыя паўнамоцтвамі пратэстаў на судовыя рашэньні».

Сам факт запатрабаваньня матэрыялаў працэсу пракуратурай далёка не надзвычайны, кажа Стэфановіч.

«Але цікавы тым, што ў пракуратуру ніхто з заявамі не зьвяртаўся. Напэўна, яны недзе са СМІ даведаліся пра гэтую справу».

Падчас суду Алена Сямак адмовілася весьці працэс па-беларуску, а таксама не прадставіла Лойку перакладчыка, хоць ён ня раз заяўляў, што не валодае рускай мовай і не разумее, што адбываецца ў залі суду.

Гэнік Лойка мае намер абскарджваць рашэньне суду і скардзіцца на дзеяньні самой судзьдзі Сямак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG