Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 памылак, якія робяць заходнія радыё- і тэлетрансьлятары пры выбары мовы вяшчаньня на Беларусь


Аўтар Сяргей Дубавец (Эфір 9 кастрычніка 2005 году) Новая перадачы сэрыі "Вострая брама".

У Вільні і Варшаве, у Брусэлі і Нью-Ёрку ідуць сёньня дыскусіі пра Беларусь, пра патрэбу інфармацыйнага прарыву, пра стварэньне новых эфэктыўных радыё- і тэлевізійных каналаў. Сапраўды, з усіх дзяржаўных мэдыяў беларусы атрымліваюць капітальна перакасабочаную карціну свайго ўласнага сьвету, у якім ёсьць толькі адзін палітык, а астатнія – альбо падначаленыя яму міністры, якія асінавым лістом трапечуць перад камэрай прэзыдэнцкіх ТВ, альбо – безыменныя сэксменшасьці разам з унукамі паліцаяў, што пад дудку вераломнага Захаду жадаюць сваёй радзіме адно толькі вайны ды разбурньня. Словам, зь дзяржаўных СМІ шырокім патокам ліецца прапагандысцкая гістэрыя, замяшаная, дарэчы, груба і непрафэсійна, што сьведчыць пра штучнасьць і нетрываласьць гэтай самай дзяржаўнай ідэалёгіі. Аднак і супрацьпаставіць гэтаму замоўчваньню і хлусьні ў такіх самых аб’ёмах няма чаго. У альтэрнатыўных крыніц – ці то заходніх радыёстанцыяў ці ўнутранай недзяржаўнай прэсы – зусім ня масавая аўдыторыя. Вось і задумаліся ў Вільні і Варшаве, у Брусэлі і Нью-Ёрку над тым, як гэтую аўдыторыю павялічыць.

Ідэя, безумоўна, высакародная, бо альтэрнатыўная інфармацыя заўсёды карысная. І побач з крывым люстэркам, якім бы звыклым яно для вас ні было, варта мець іншае і раз-пораз зазіраць у яго, каб ня страціць пачуцьцё рэальнасьці і ня зблытаць канчаткова праўду з хлусьнёю, дабро са злом.

Але як павялічыць аўдыторыю незалежных СМІ? І тут зусім непрадказальна знайшлося рашэньне – трэба на Беларусь вяшчаць па-расейску. З усяго пачутага ў згаданых дыскусіях я ўрэшце зрабіў выснову, што ініцыятары расейскамоўнае дэмакратыі маюць пра беларускую сытуацыю памылковыя ўяўленьні, і склаў рэестар гэтых памылак, які і паспрабую ў сёньняшняй перадачы пракамэнтаваць.

1. Кажуць, у Беларусі большасьць насельніцтва карыстаецца расейскай мовай

Гэта першая памылка, вынесеная зь візуальных назіраньняў за менскай вуліцай і той самай дзяржаўнай прапагандай. Насамрэч большасьць людзей карыстаецца так званай “трасянкай”, вулічным беларуска-расейскім сурагатам, які не зьяўляецца літаратурнай расейскай мовай і можа разьвівацца як у расейскі, так і ў беларускі бок. Тым часам прафэсійныя СМІ, якія гавораць і пішуць літаратурнай мовай, схіляюць слухача да выбару пэўнай культуры – беларускай або расейскай. У першым выпадку яны спрычыняюцца да аб’яднаньня народу, у другім – да трывіяльнай русыфікацыі.

2. Беларусы аддаюць перавагу расейскай мове

Гэта няпраўда. Паводле апошняга перапісу 73,6 % насельніцтва краіны называюць роднай мовай беларускую, а 37,6 % кажуць, што гавораць па-беларуску дома. Беларуская нацыя зьведала 200 гадоў русыфікатарскай палітыкі, фізычнае вынішчэньне сваіх правадыроў і жорсткі ўціск нацыянальнае самасьвядомасьці. У выніку сёньня яна знаходзіцца за паўкроку ад таго, каб выглядаць гэтаксама давершана, як іншыя нацыі рэгіёну: палякі, літоўцы, чэхі... Але зрабіць гэтыя паўкроку самой ёй замінае цяперашні аўтарытарны рэжым, які працягвае савецкую палітыку русыфікацыі і ўціску беларускай мовы.

3. Беларуская мова ў Беларусі ня усім зразумелая

Роўна ў той ступені, у якой у Літве ня ўсе разумеюць па-літоўску, у Брытаніі – па-ангельску, а ў Расеі – па-расейску. Гаворка ідзе пра тых, хто патрапляе жыць у сваім гермэтычным асяродку, адасоблена ад грамадзкага жыцьця, альбо пра прыежджых.

4. Расейская мова прывядзе да дэмакратычных пераменаў

Не прывядзе, бо не аб''яднае нацыю. Пра гэта сьведчаць падзеі пачатку 1990-х у Літве, дзе расейская мова была моваю інтэрфронту і савецкага войска, а літоўская – мовай дэмакратыі, і падзеі 2004 году ва Ўкраіне, дзе расейская была мовай Януковіча і стагнацыі, а ўкраінская – мовай майдану і Юшчанкі. Пра гэта сьведчыць і тое, што беларусы 15 гадоў маюць доступ да розных дэмакратычных СМІ (ад ранейшага НТВ да «Эўраньюз», ад «Эха Масквы» да «Белорусской деловой газеты»), 99% якіх выдаюцца і вяшчаюць па-расейску, аднак дэмакратычны і аб''яднаўчы тонус у грамадзтве па-ранейшаму падае.

5. Лепей расейскамоўнае вяшчаньне, чым ніякага

Тут варта прыгадаць адну з клятваў Гіпакрата: не нашкодзь! Пытаньне выбару мовы для Беларусі – гэта пытаньне зьместу, а ня формы.

Беларускае грамадзтва сёньня мае ў сабе два патэнцыялы разьвіцьця: прасавецкі расейскамоўны, які напоўніцу выкарыстоўваецца аўтарытарным рэжымам, і нацыянальны беларускамоўны, які пакуль задзейнічаны мала. Працуючы па-расейску, заходнія СМІ ад пачатку ня будуць скіраваныя ані да першага, ані да другога патэнцыялу. У гэтым сэнсе Лукашэнка справядліва заўважыў: “Няхай вяшчаюць, калі ім няма куды дзяваць грошы. Мы гэтага не баімся”. У сытуацыі супрацьстаяньня аўтарытарызму і дэмакратыі дзьве мовы стануць знакамі гэтага супрацьстаяньня. І праца расейскамоўных заходніх СМІ акажацца марнай, калі ня шкоднай.

6. Інфармацыя па-расейску будзе лепей засвойвацца

Гэта няпраўда, бо беларускі чалавек, натрапіўшы на заходнюю крыніцу па-расейску, будзе ўспрымаць яе як зьвернутую да ўсіх і ні да каго канкрэтна, гэта значыць – не да сябе. На тое ёсьць досьвед Радыё Свабода. Людзі выразна падзяляюць – “беларуская Свабода” (гэта тая, што для нас і пра нас) і “расейская Свабода” (пра ўсё і для ўсіх). Калі дапусьціць, што беларуская служба РС стане вяшчаць па-расейску, тады на фоне расейскай яна ператворыцца ў радыё ні па што і ні для кога.

7. У Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы

Толькі ў Канстытуцыі, але ніяк не на практыцы. Так званы “білінгвізм” з савецкіх часоў быў і застаецца галоўнай зброяй русыфікацыі і аўтарытарызму. Па-першае, ён дазваляе сходу забыцца пра існаваньне “першай дзяржаўнай мовы” – беларускай. Па-другое, уяўляе зь сябе эклектыку знакаў, як бы мову майдану перамяшаць з мовай стагнацыі, мову савецкіх танкаў – з мовай абаронцаў віленскай тэлевежы, мову аўтарытарызму з мовай дэмакратыі.

Мова ўдзельнікаў перадач можа быць і расейскай, і польскай, і ўкраінскай. Але мова самой службы, калі яна пазыцыянуецца як дэмакратычная, мусіць быць беларускай. Расейская мова або “білінгвізм” адштурхне самую актыўную частку грамадзтва.

8. Беларуская мова абмяжоўвае аўдыторыю дэмакратычных СМІ

У адрозьненьне ад публікі, якая гаворыць беларуска-расейскім сурагатам, усе сьвядома беларускамоўныя – гэта найбольш актыўная частка грамадзтва, бо ім давозіцца штодзённа адстойваць свае правы. Гэта значыць, што заходні СМІ па-расейску будзе ігнараваць іх, а яны яго. Між тым, якраз яны ўстануць на чале дэмакратычных пераменаў, як гэта і было ў Беларусі на мяжы 80-90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, якраз ім, як маральнай большасьці грамадзтва, мусіць быць адрасаваная праца СМІ.

Варта зьвярнуць увагу на папулярнасьць беларускамоўнага сайту Радыё Свабода, каб пераканацца, што ім карыстаюцца ўсе, і ніколі ніякіх праблем з-за мовы не ўзьнікала.

9. Спачатку дэмакратыя, тады - беларуская мова

Але дэмакратыя – гэта абстракцыя для чалавека, які не ўсьведамляе, хто ён, да якой супольнасьці ён належыць і ў чым ягоныя правы чалавека (у тым ліку, дарэчы, і патаптанае рэжымам права на беларускую мову). Калі мы ўсяго толькі насельніцтва, якое толкам ня ведае, ці ў сваёй яно краіне жыве ці на тэрыторыі, якую заўтра далучаць да Расеі, дык і паняткі свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека для нас – пусты гук. Аўтарытарны кіраўнік удала выкарыстоўвае гэты падвешаны стан – за паўкроку ад насельніцтва да народу. Але варта нам адчуць сябе народам, як усё гэта напаўняецца рэальным зьместам. І адзінае, што ўжо на знакавым узроўні дае нам адчуваньне адзінства і таго, што мы разам – рэальная сіла, здольная зьмяніць сытуацыю – гэта беларуская мова.

10. У Беларусі расейскамоўная будучыня

Сёньняшні аўтарытарны рэжым на гэта і разьлічвае, калі закрывае беларускія школы і выгнятае беларускую мову зь дзяржаўных СМІ і зь дзяржаўных кабінэтаў. Але для абсалютнай большасьці беларусаў беларуская мова – гэта бясцэнны скарб, на ёй створаныя ўсе вяршыні культуры, якія сьведчаць пра беларусаў у сьвеце. Тым часам, за 200 гадоў палітыкі русыфікацыі мы не далі сьвету аніводнай выдатнай зьявы расейскай культуры, літаратуры ці гуманітарнай навукі. І нішто не паказвае на тое, што мы ператворымся ў расейцаў – нават “са знакам якасьці”.

11. За расейскую мову выступае беларуская моладзь

Насамрэч па ўсёй Беларусі няма ніводнае маладзёвае дэмакратычнае арганізацыі, якая б не гаварыла па-беларуску. У гэтым сэнсе моладзь шмат больш актыўная за калегаў з “дарослай апазыцыі”, дзе хапае такіх, хто дазваляе сабе ня ўмець гаварыць па-беларуску. Калі старэйшыя людзі асацыююць беларускую мову зь вёскай, дык моладзь – з сучаснай музыкай і літаратурай, з эўрапейскім выбарам і свабодай.

Якую вы будзеце круціць музыку? – пытаюся я. - Расейскую? Але яе круцяць дзяржаўныя каналы. Замежная таксама даступная. Музыку забароненых беларускіх выканаўцаў? Але яна ўся без выключэньня беларускамоўная. Падумайце, чаму так адбываецца і якіх нам трэба песень...

12. Беларуская мова не адыгрывае ў грамадзтве ніякае ролі

Каб пераканацца ў адваротным, выйдзеце з прыяцелем у Менску на цэнтральны праспэкт і распачнеце больш-менш чутную размову па-беларуску. Калі вы – маладыя людзі, на вас зараз жа зьвернуць увагу мінакі і міліцыя. У вас правераць дакумэнты, вас затрымаюць, вас перацягнуць дручком па сьпіне. Беларуская мова – гэта якраз найвялікшы раздражняльнік у беларускім грамадзтве сёньня і вялікая нескарыстаная сіла.

13. Расейская мова падыме рэйтынг радыё і тэлеперадач

Гэта апошняя памылка ў маім сьпісе. Але адкажу на яе не адмаўленьнем, а сьцьверджаньнем. Сапраўды, што можа падняць рэйтынг заходніх радыё- і тэлеперадач? Вось вынік апытаньня, зробленага на менскай вуліцы адмыслова для гэтай перадачы.

Па-першае, людзі б слухалі і глядзелі, калі б мелі доступ. Гэта праўда, бо слухаць сёньня заходняе радыё – гэта для многіх сур’ёзнае выпрабаваньне. Кепскі сыгнал і такое ўражаньне, што глушаць, як за савецкім часам. Дарэчы, у такой сытуацыі якраз беларуская мова ў этэрным шумавіньні зьяўляецца арыенцірам таго, што вы патрапілі на беларускую перадачу.

Па-другое, каб было болей... Кругласутачнае радыё калі ні ўключыш, можаш знайсьці, а тое, што выходзіць дарыўкамі... Дзе ж ты ўтрымаеш у памяці, калі яны ёсьць, а калі не...

Па-трэцяе, людзі б слухалі, каб ведалі. А ня так проста данесьці інфармацыю пра сябе заходнім радыё- і тэлетрансьлятарам. Тым ня менш, была б рэкляма...

Па-чацьвертае, гэта мусіць быць не аўтаматычнае запаўненьне этэру паводле найлепшых журналісцкіх мэтодык, а – пасланьне, адрасаванае таму грамадзкаму патэнцыялу, які сёньня ў Беларусі не задзейнічаны. Інакш кажучы, нас зноў прымушаюць да нацыянальнага самапрыніжэньня, да забыцьця свае слаўнае гісторыі і культуры, каб мы ня ведалі ані каранёў сваіх, ані правоў. І тут нам зноў патрэбнае такое слова, якое паклікала б нас узьняць галаву і ўбачыць вакол сябе такіх самых – нармальных і гатовых адстойваць і карані свае і правы.

Пятая ўмова – аб’ектыўная. Гэта спадзеў на расклад зорак у небе. Бо мы ведаем, што так бывае. Раптам зьменіцца вецер, і тады ўсе прыпадаюць да радыёпрыймачоў, прагна ловячы апошнія навіны. Але для гэтага мусіць адбыцца штосьці незалежнае ад нас і што бяз нас, аднак, не адбудзецца ніколі.

Мне па-ранейшаму заецца, што менавіта беларуская мова можа быць і будзе сьцягам беларускай дэмакратыі. Голай дэмакратыі не бывае, і ніякага іншага сьцяга няма. Урэшце, мы ж яшчэ ні разу толкам і не спрабавалі падняць гэты сьцяг беларускае мовы, каб зараз чарговы раз адмаўляць ягоны мабілізацыйны ўплыў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG