Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўплывае частасьць сэксуальных кантактаў на колькасьць разводаў?


Радыё Свабода, Менск Паводле афіцыйнай статыстыкі, у першым паўгодзьдзі 2006 году на 1000 шлюбаў прыходзіліся 564 разводы. А сёлета ў той жа пэрыяд колькасьць разводаў павялічылася да 721. Ці ёсьць сярод прычынаў істотнага росту статыстыкі і адсутнасьць ці недастатковасьць сэксуальных кантактаў?

Калі людзі прыходзяць у суд разводзіцца, бальшыня спасылаецца на банальныя “несупадзеньні характараў”. Але псыхолягі сьведчаць, што адна з асноўных праблем – несупадзеньне чаканьняў у сфэры інтымнай.

Апавядае дырэктар Менскага гарадзкога цэнтру сацыяльнай дапамогі сям’і і дзецям Андрэй Туравец:

“Калі ў сям’і насьпеў крызіс і муж ці жонка зьвяртаюцца да нас, мы пытаемся: “Што вы лічыце праблемай, якая прывяла вас да разводу?” Чалавек пачынае думаць і пералічыць можа 100 прычынаў, сярод якіх праблемаў у сэксалягічнай сфэры не назаве. Але калі пачнеш разьбірацца з тымі, што былі названыя, аказваецца, што перадусім была менавіта інтымная сфэра зносінаў”.

Часьцей па кансультацыю ў цэнтар дапамогі сям’і зьвяртаюцца мужчыны

З апытаных 12 тысяч жыхарак Эўропы ў веку ад 15 да 49 гадоў вынікае, што больш як адзін раз на тыдзень займаюцца сэксам 59 % італьянак – гэта самы высокі паказьнік. Другое месца ў жыхарак Чэхіі – 57 %, на трэцім – расейкі (56 %). Беларускія жанчыны ў гэтым досьледзе ўдзелу ня бралі.

Паводле псыхоляга Вольгі Андрэевай, дасьледаваньні на гэткія тэмы ў Беларусі не праводзіліся. Затое вядома, што 17 % беларусак знаходзяцца ў разводзе, 4 % – удовы.

Андрэй Туравец сьведчыць: калі ў інтымным жыцьці сям’і ёсьць праблемы, часьцей па кансультацыю ў цэнтар дапамогі зьвяртаюцца мужчыны. Іхныя жонкі напачатку пра хібы блізкіх стасункаў маўчаць, нібыта ўсё задавальняе. Але на трэцім-чацьвёртым сэансе працы з псыхолягам становяцца больш адкрытымі: аказваецца, што іх таксама шмат што засмучае. На думку нашага суразмоўцы, праблемы ў сэксуальнай сфэры – гэта цалкам нармальна для нармальнай сям’і. Маўляў, не памыляецца той, хто нічога не робіць.

“На наш погляд, погляд сучасных сямейных псыхолягаў, праблемы ў інтымнай сфэры здараюцца ў кожнай сям’і, і гэтыя праблемы там – неабходныя, – гаворыць Андрэй Туравец. – Таму што, вырашаючы іх, сям’я працуе над гарманізацыяй стасункаў. Галоўная функцыі сям’і сёньня – гэта псыхатэрапэўтычная”.

Лічыце, у сэксе вы ідэальны? Чакайце крызісу

На погляд Андрэя Тураўца, пасьпяховае сямейнае жыцьцё залежыць ад жаданьня партнэраў расьці і разьвівацца. Усё адбываецца таксама, як і ў іншых жыцьцёвых сфэрах: кар’еры, сяброўстве.

“Людзі шукаюць адно аднаго, каб вырашыць свае псыхалягічныя праблемы. Паколькі псыхічная энэргія – гэта найперш сэксуальная энэргія, то цяжкасьці псыхалягічныя абавязкова будуць адлюстроўвацца ў сэксуальнай сфэры. Тыя сем’і, дзе ўпэўненыя ў тым, што ў інтымным жыцьці ў іх усё ідэальна, хутчэй за ўсё, у хуткім часе распадуцца. Таму што як толькі адзін з партнэраў кажа сабе: “У сэксе я ідэальны”, – з таго моманту сэкс у гэтай сям’і памёр”, – гаворыць Андрэй Туравец.

Хрысьціна Вітушка, колішняя рэдактарка жаночага часопісу “Дамініка”, сёньня – адна са стваральнікаў ды аўтараў сайту “Нашы дзеткі”. На ейны погляд, нашаму грамадзтву вельмі бракуе інфармаванасьці, абазнанасьці ў сэксалягічным кірунку і нясьціпласьці ў добрым сэнсе слова – каб абмяркоўваць жыцьцёва важныя рэчы, не чырванеючы.

“Мы ў “Дамініцы” шмат гэткіх вострых, правакацыйных артыкулаў друкавалі. І яны заўсёды мелі вялікі розгалас. Людзям гэта жыцьцёва неабходна – размаўляць пра гэта, задаць тыя пытаньні, на якія, магчыма, пакуль ня ведаеш адказу. Сёньня ў форумах сайту “Нашы дзеткі” мы таксама ўздымаем гэтыя тэмы, і розгалас таксама заўсёды моцны. Але гэта так цікава выглядае: спачатку людзі пачынаюць актыўна тэму абмяркоўваць, – відаць, што “зачапіла”. А потым раптам самі пужаюцца ўласнае шчырасьці і часам вінавацяць нас – маўляў, правакуем іх”.

200 тысяч беларускіх мужчынаў маюць сэксуальныя парушэньні

Вядомы беларускі сэксоляг Дзьмітры Капусьцін канстатуе: ува ўсім сьвеце лічыцца, што кожны 10-ы мужчына сутыкаецца з сэксуальнымі парушэньнямі. У Беларусі адпаведна гэтая лічба складае 200 тысяч чалавек. Тым часам па мэдычную дапамогу штогод зьвяртаюцца ўсяго 3-4 тысячы мужчынаў.

• Якім афрадызіякам аддаюць перавагу беларусы?, 08.06.2007 • Ці лёгка ў Беларусі разьвесьціся?, 24.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG