Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“З дапамогай Расеі сваёй незалежнасьці ад яе мы ніколі не абаронім”


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Зусім хутка споўніцца дзесяць гадоў з таго дня, як Аляксандар Лукашэнка заняў пасаду прэзыдэнта. Увесь гэты час ён з большым або меншым посьпехам разыгрываў у сваіх мэтах інтэграцыйную карту. З Расеяй падпісваліся ўсё новыя дамовы й пагадненьні. Няхай шмат якія іхныя пункты так і заставаліся на паперы, але “саюзныя” гульні непазьбежна выклікалі ў душах беларусаў глыбокую трывогу, бо несьлі рэальную пагрозу незалежнасьці — самаму сьвятому і бясцэннаму, што здабыла нацыя.

Апошнім часам, як сьведчыла пошта Свабоды, гэтая трывога крыху адступіла. Аляксандар Лукашэнка раз-пораз рабіў незалежніцкія заявы, радыкалізму якіх маглі бы пазайздросьціць самыя зацятыя апанэнты ўлады.

“І вось, — піша наш слухач Уладзіслаў Жыгалка зь Менску, — зноў пачаліся гульні ў саюзную дурку. Як гэта балюча мяне б’е ў сэрца! Жыцьцё меркне, робіцца непрыгожым…”

Спадар Жыгалка мае на ўвазе выступ Аляксандра Лукашэнкі на нядаўняй сэсіі парлямэнцкага сходу гэтак званай саюзнай дзяржавы. Сапраўды, разам з даволі рэзкімі закідамі ў бок расейскага кіраўніцтва Лукашэнка зноў вярнуўся да пытаньня пра “саюзнае” грамадзянства і канстытуцыйны акт. Адначасова гучалі і звыклыя ўжо абяцаньні захаваць недатыкальнасьць беларускага сувэрэнітэту, якія выклікаюць у слухачоў “Свабоды” недавер. Якім чынам прыняцьцё канстытуцыйнага акту можа спрыяць захаваньню нашага сувэрэнітэту, калі адно супярэчыць другому?

Мянчук Марат Гірко камэнтуе сытуацыю так:

“Расея зьяўляецца галоўным праціўнікам незалежнасьці Беларусі. Тое, што робіцца цяпер і рыхтуецца надалей, сплянаванае й распрацаванае менавіта Расеяй і яе службамі, а наш кіраўнік выконвае тое, што абяцаў і падпісаў. Русыфікацыя і сумесная з Расеяй палітыка паступова зьнішчаюць атрыбуты нашай незалежнасьці, патрэбнай як неабходная ўмова існаваньня нацыі. Таму галоўнымі пытаньнямі сучаснай беларускай палітыкі ёсьць абарона незалежнасьці й Адраджэньне сапраўднай Беларусі. Расейскамоўная Беларусь — гэта ўжо не Беларусь”.

У тым, што цалкам зрусыфікаваная Беларусь ня будзе мець гістарычнай пэрспэктывы, я з вамі, спадар Гірко, абсалютна згодны. І гэта разумее ўсё больш нашых суайчыньнікаў. Нягледзячы на розныя перашкоды, мне даводзіцца часта сустракацца з маімі чытачамі, асабліва з моладзьдзю, і ведаеце, якія пытаньні я атрымліваю найчасьцей? Як пачаць гаварыць па-беларуску? Як выхаваць дзіця беларусам? Як пераадолець псыхалягічны бар’ер і загаварыць па-беларуску ў незнаёмым асяродзьдзі?

Кожны з нас можа супрацьстаяць русыфікацыі, стварыўшы Беларусь у сям’і, сяброўскім коле, на працоўным месцы. Гаворка і пра мову, і пра нашыя народныя або гістарычныя сьвяты, і пра маршруты летніх вандровак… Гэта таксама супраціў палітыцы сучаснай улады. Магчыма, ён ня менш дзейсны, чым намаганьні палітыкаў, пра якія піша далей спадар Гірко:

“У барацьбе з рэжымам стыхійна й спантанна праяўляюцца героі. Выклікае захапленьне ўчынак дэпутатаў, якія абвесьцілі галадоўку. Але, на жаль, сярод сваіх патрабаваньняў яны нічога не сказалі аб магчымым зацьвярджэньні на рэфэрэндуме пра трэці прэзыдэнцкі тэрмін яшчэ і канстытуцыйнага акту незаконнай саюзнай дзяржавы. Ствараецца ўражаньне, што дэпутаты групы “Рэспубліка” пазьбягаюць гаварыць пра незалежнасьць (можа, каб не пакрыўдзіць Расею?). Але трэба разумець, што з дапамогай Расеі сваёй незалежнасьці ад яе мы ніколі не абаронім, бо ўсходні сусед зацікаўлены ў адваротным, — сьцьвярджае наш слухач.

Вам, спадар Марат, цяжка запярэчыць. З гэтым, па гамбурскім рахунку, згодны, відаць, і сам Аляксандар Лукашэнка. Вы заўважылі, што на сэсіі парлямэнцкага сходу ён пры ўсёй сваёй інтэграцыйнай рыторыцы нагадаў, што расейскае кіраўніцтва бачыць далейшае разьвіцьцё саюзу ў паглынаньні Беларусі.

Дарэчы, наіўна лічыць кіраўніка дзяржавы марыянэткай Крамлю, якая паслухмяна выконвае распрацаваны там сцэнар. Такому погляду пярэчыць той факт, што Беларусь за дзесяць апошніх гадоў усё ж не ператварылася ў новую фэдэральную акругу Расеі, а ў шмат якіх сфэрах нават яшчэ больш дыстанцыявалася ад Масквы.

Тэму ўлады і палітычнае апазыцыі працягвае яшчэ адзін наш менскі слухач спадар Лясовіч. Ён лічыць, што незалежныя журналісты, у тым ліку і некаторыя супрацоўнікі Свабоды, перабольшваюць колькасьць прыхільнікаў Лукашэнкі.

“Тыя, хто сьцьвярджае, што народ падтрымлівае дыктатуру, а не апазыцыю, — гаворыцца ў лісьце, — дапамагаюць дыктатуры, хочуць яны гэтага або не”.

У полі зроку слухачоў Свабоды застаюцца парушэньні правоў беларускіх грамадзянаў. Спадар Зіноўеў са Смаргоні, напрыклад, упэўнены, што ў ягонай кватэры быў зроблены ня проста незаконны, а таемны ператрус.

“Цяпер я лепей стаў разумець матывы эміграцыі лідэра нашай апазыцыі, — прызнаецца слухач”.

Пра безабароннасьць перад чынавенствам ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС расказвае ў сваім допісе Віктар Буто:

“Гэтым людзям часта не дапамагаюць ужо і самыя моцныя абязбольвальныя сродкі. Якраз такіх у першую чаргу звальняюць з працы і ў апошнюю чаргу працаўладкоўваюць, да чаго яшчэ трэба дажыць”, — з болем піша наш слухач.

Цяжка не пагадзіцца і з вашымі, спадар Буто, думкамі пра тое, што катастрафічна вялікая колькасьць нашых грамадзянаў застаецца юрыдычна непісьменнай. Безумоўна, чалавек дасьведчаны ў законах, здолее лепей абараніць свае правы. Але толькі ў такой дзяржаве, дзе закон шануецца, а суды — незалежныя. На жаль, мы пакуль жывем ва ўмовах, дзе ледзь ня штодня над законам чыніцца непрыкрыты зьдзек, а справядлівыя прысуды, напрыклад, апраўдальная пастанова, вынесеная нядаўна ў дачыненьні старшыні БХК Тацяны Процькі, успрымаюцца як сэнсацыі. А вось наш даўні слухач з Рыгі Міхаіл Леках трымаецца іншай думкі. Ён спрабуе давесьці, што ў Беларусі правы грамадзянаў забясьпечаныя лепей, чым у некаторых краінах, нядаўна прынятых у Эўразьвяз.

Спадар Леках заклікае журналістаў Свабоды да карэктнасьці ў параўнаньнях і засьцерагае ад падвойных стандартаў:

“Хіба карэктна параўноўваць праваахоўчую сыстэму найбагацейшай у сьвеце краіны ЗША з такой самай сыстэмай у небагатай Беларусі? У ЗША адных адвакатаў болей, чым у астатніх краінах, разам узятых”.

Сапраўды, жыхарам Злучаных Штатаў у гэтым сэнсе застаецца адно пазайздросьціць. Толькі ваш заклік да карэктнасьці, здаецца, датычыць і вас самога, спадар Леках. Вы чамусьці вырашылі параўнаць сытуацыю з правамі асобаў без грамадзянства ў вашай краіне са становішчам, у якім апынуліся ў нацысцкай Нямеччыне габрэі. Тых, як вядома, проста фізычна зьнішчалі. Немагчыма даць веры, што нешта падобнае пагражае расейскамоўным жыхарам Латвіі.

Трэцім аб’ектам аналізу вам служыць Беларусь. Тут у вашым уяўленьні пануе амаль ідылія: няма абмежаваньняў абіраць і быць абраным, адсутнічаюць забароны на прафэсіі… Наконт апошняга дазвольце не пагадзіцца. У 1997 годзе я сам з прычыны палітычных поглядаў быў звольнены зь дзяржаўнага выдавецтва з надзвычай займальнай фармулёўкаю — “за выпуск гістарычнай ды іншай сумніцельнай літаратуры”. Праз непрыняцьцё курсу цяперашняй улады пазбавіліся працы тысячы і тысячы беларускіх грамадзянаў.

Вы пішаце, што абедзьве дзяржаўныя мовы нашай краіны маюць аднолькавыя магчымасьці для разьвіцьця. Напэўна, вы карысталіся тымі самымі крыніцамі, адкуль узялі зьвесткі пра мітычную сыстэму беларускамоўнай вышэйшай адукацыі.

Адрозна ад спадар Лекаха наш слухач Мікалай Худалееў жыве ў Гомелі, таму глядзіць на беларускую рэальнасьць больш адэкватна. Яго абурае, як дзяржаўнае тэлебачаньне адлюстроўвае дзейнасьць апазыцыі.

“Ні ў адной краіне сьвету СМІ не зьневажаюць прадстаўнікоў свайго ж народу за тое, што тыя трымаюцца іншых, а не афіцыйных поглядаў. У нас жа адны беларусы імкнуцца пераканаць другіх, што нашая апазыцыя, таксама беларусы, — ня больш ня менш як фашысты”.

Адзін ліст трапіў на наш адрас, здаецца, памылкова. У ім жыхары некалькіх сталічных дамоў запрашаюць на сустрэчу намесьніка старшыні гарвыканкаму. Гэты ліст можна было бы пакінуць без камэнтару, каб не адна акалічнасьць. У адрасе фігуруюць завулак Мэліяратыўны і вуліца Тыражная. Як шмат гавораць падобныя назвы розуму і сэрцу! І такіх у сталіцы многія дзясяткі. Нядаўна некалькі грамадзкіх арганізацыяў прапаноўвалі назваць вуліцу Калектарную, што ў самым цэнтры Менску, імем Эўфрасіньні Полацкай. Калектарная аказалася чыноўнікам бліжэй да душы.

Дарагія жыхары Тыражнай! Запытайцеся пры нагодзе ў прадстаўніка гарвыканкаму, у гонар якога тыражу названая вашая вуліца.

Дзякуй усім, хто напісаў на Свабоду! Чакаем вашых новых лістоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG