Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энцыкляпэдыя беларускай дыяспары – новы праект беларускіх навукоўцаў з замежжа і бацькаўшчыны


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 02.08.2005) Новая перадача сэрыі “Беларусы за мяжой”. Удзельнічаюць Вітаўт Кіпель (ЗША), Лявон Юрэвіч (ЗША), Алена Макоўская (Беларусь), Алег Гардзіенка (Беларусь).

На чацьвёртым зьезьдзе беларусаў сьвету, які адбыўся ў Менску ў сярэдзіне ліпеня, была выказана прапанова аб выданьні Энцыкляпэдыі беларускай дыяспары. Гэтай тэме быў прысьвечаны адмысловы даклад дырэктара Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНіМ) Вітаўта Кіпеля зь Нью-Ёрку.

Я запрасіла да размовы прадстаўнікоў тых арганізацый, якія ня толькі ініцыявалі і зьбіраюцца практычна рэалізаваць гэты праект. Пэўна, найбольш вядомым навуковым цэнтрам у беларускім замежжы зьяўляецца Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ). Менавіта там і абмяркоўвалася ідэя прыступіць да выданьня энцыкляпэдыі, патрэба ў якой ужо насьпела.

(Вітаўт Кіпель: ) “У нас ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва цэлая група людзей прыйшла да пагадненьня, што трэба гэта пачынаць. Ідэя ўзьнікла ў Менску яшчэ 15 гадоў таму, і яе трэба рэалізаваць. Мы нават склалі слоўнік – з чаго мае складацца такая энцыкляпэдыя. Я зрабіў гэта на падставе маіх гаворак з Галінай Сяргеевай некалькі гадоў таму, і зь іншымі. Галіна Сяргеева была старшынёй групы ў інстытуце гісторыі па вывучэньню эміграцыі, цяпер яна жыве ў Канадзе.

Мы лічым, што нашае супрацоўніцтва ў гэтай справе якраз павінна ісьці з "Бацькаўшчынай". Не Акадэмія навук, а якраз "Бацькаўшчына" нам больш адпавядае ў супрацоўніцтве дзеля стварэньня такога даведніка”.

Дзеля таго, каб падключыць да гэтай працы ня толькі “Бацькаўшчыну”, але і беларускія суполкі ў замежжы, Вітаўт Кіпель і падрыхтаваў сваё выступленьне на чарговым зьезьдзе беларусаў сьвету. Удзельнікам зьезду была прапанаваная таксама брашура з праектам канцэпцыі выданьня, якую распрацаваў сябра Інстытуту Лявон Юрэвіч.

(Юрэвіч: ) “Ідэя была выдаць гэтую публікатку, такую маленькую канцэпцыю да гэтага зьезду беларусаў сьвету, каб не мы хадзілі да суполак, а каб самі суполкі выявілі жаданьне ўзяць удзел у гэтай справе. Яны мусяць быць самі зацікаўлены ў тым, каб спрычыніцца да гэтага і каб быць зафіксаванымі ў энцыкляпэдыі, каб пасьля не наракалі, што некага там няма. Яны мусяць ужо сёньня пра гэта думаць.

Гэта такая пробная канцэпцыя зь нейкімі ідэямі, зь якімі можна потым згадзіцца ці не згадзіцца, зьмяніць нешта. Напэўна, было лепш напачатку, каб яна ішла ад аднаго чалавека. А потым, я думаю, калі яна будзе дапрацаваная, удакладненая, тады гэта ўжо будзе ісьці ад імя рэдакцыйнай калегіі”.

Лявон Юрэвіч мяркуе, што асноўная арганізацыйная праца павінна праводзіцца ў Менску.

(Юрэвіч: ) “Цэнтар найлепш каб быў у Менску. Цэнтар – гэта Менск, гэта "Бацькаўшчына”, гэта ўжо сумесны праект, і я спадзяюся да нас далучацца беларусісты на чале зь Сяргеем Запрудзкім і Адам Мальдзіс”.

Вітаўт Кіпель паведаміў, што Адам Мальдзіс ужо паабяцаў перадаць “Бацькаўшчыне” для працы над энцыкляпэдыяй сваю картатэку, сабраную ім пры падрыхтоўцы “Кантактаў і дыялёгаў”.

(Сурмач: ) “Спадар Лявон, наколькі рэальным Вам бачыцца гэты праект?”

(Юрэвіч: ) “Я думаю, што ён цалкам зьдзяйсьняльны. Іншая рэч – колькі гэта часу возьме, колькі грошай, наколькі гэта будзе ўдалае выданьне. І найперш тут будзе праблема з аўтарамі.

Першае, што патрэбна, сабраць гэты касьцяк – тую рэдакцыйную калегію, якая будзе гэтым непасрэдна займацца. Другі крок – гэта пачаць складаць картатэку тых імёнаў, установаў, выданьняў, усяго, што там мусіць быць. І далей патроху пачынаць пісаць артыкулы. Тое, што можам, будзем пісаць самі, будзем запрашаць іншых аўтараў.

Гэта абсалютна рэальная справа, столькі напісана, што ўжо наступным крокам, насьпелым крокам, мусіць быць энцыкляпэдыя. Людзі, якія пішуць пра эміграцыю, часам ня ведаюць пра першакрыніцы, яны робяць памылкі.

У кожнага, хто гэтым займаецца, набіраецца свая картатэка. Таксама тое, што робіць "Бацькаўшчына" у сваіх бюлетэнях, калі падаюць біяграфіі, гэта ўсё стане базаю. Пры такіх ужо фундамэнтальных працах, як "Беларусы з ЗША" Вітаўта Кіпеля, "Беларусы Аўстраліі" Натальлі Гардзіенкі, гэта таксама ўжо падваліны гэтай энцыкляпэдыі”.

(Сурмач: ) “На Ваш погляд, выданьне павінна арыентавацца на выдадзеныя беларускія энцыкляпэдыі ў дзяржаўным выдавецтве ў Беларусі?”

(Юрэвіч: ) “Не арыентавацца немагчыма, бо ў іх багаты вопыт, але будзем арыентавацца і на свае ўласныя матэрыялы, якія назапашаныя, і на свае трактоўкі падзеяў”.

(Сурмач: ) “Вы працуеце ў Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы, дзе ёсьць сусьветна вядомыя энцыкляпэдычныя выданьні. Ці нешта будзе выкарыстана з сусьветнага, замежнага вопыту для гэтай энцыкляпэдыі?”

(Юрэвіч: ) “Цяпер я спрабую азнаёміцца з вопытам украінскіх калегаў. Яны таксама выдалі пакуль што адзін том такой энцыкляпэдыі, прысьвечаны ўкраінцам Аўстраліі. Былі кансультацыі зь імі, зь іхным Інстытутам імя Шаўчэнкі.

Браць усю тую мэханіку, якая характэрная для амэрыканскіх энцыкляпэдый, нам не падыходзіць, гэта зусім розныя памеры. Увогуле, зарана пра гэта яшчэ канкрэтна гаварыць. Хацелася б, каб была сфармаваная напачатку калегія, і далей мы ўжо вырашым прынцыповыя рэчы”.

(Сурмач: ) “Вы сказалі, што ўкраінцы выдалі першы том, а якія народы яшчэ маюць падобную энцыкляпэдыю?”

(Юрэвіч: ) “Дакладна такой энцыкляпэдыі няма, але ёсьць шэраг выданьняў трохі іншага пляну, напрыклад, у расейцаў”.

Дарэчы з аднаго з расейскіх выданьняў лічыць патрэбным пераняць досьвед Вітаўт Кіпель.

(Кіпель: ) “Я нядаўна рабіў рэцэнзію на кніжку пра расейскую эміграцыю ціхаакіянскага рэгіёну і налічыў там каля 50 беларускіх прозьвішчаў. Гэта новы аспэкт, які мы лічым важным, што трэба будзе ўключыць зьвесткі і пра далёкаўсходнюю эміграцыю і зь ціхаакіянскага рэгіёну.

А таксама Новая Зэляндыя, Сахалін, Чукотка, а з другога боку – Каліфорнія і Аляска. Асабліва Аляска, бо праз Аляску ішло шмат эміграцыі”.

Вітаўт Кіпель адзначыў, што другой адметнасьцю выданьня можа быць тое, што там будзе падавацца больш шырокая інфармацыя пра дыяспару.

(Кіпель: ) “Гэта будуць ня толькі біяграфічныя зьвесткі, але і даведкі аб прычынах эміграцыі, пра хвалі эміграцыі, аналіз – як наш чалавек у вёсцы прыходзіў да думкі, пазнаваў, што яму можна эміграваць.

Да гэтага часу мы вывучалі толькі дзейнасьць суполак, але сама эміграцыя пачыналася на Бацькаўшчыне, і як яна пачыналася, вось гэта таксама цікава. Мы перагледзелі за мінулыя 5-6 гадоў некаторыя міграцыйныя архівы ў Расеі, і мы бачылі, што сярод эмігрантаў з часоў Расейскай імпэрыі былі і сьведамыя людзі. Яны запаўнялі анкеты, і там у некаторых была зробленая такая заўвага, што яны беларусы”.

(Сурмач: ) “Спадар Вітаўт, вядома, што дзяржаўнае выдавецтва ў Беларусі сёньня робіць адбор, рэцэнзаваньне інфармацыі, каго ўключаць у энцыкляпэдыі, а пра каго – замоўчваць. Які будзе падыход да адбору інфармацыі ў складальнікаў гэтай энцыкляпэдыі?”

(Кіпель: ) “Мы будзем уключаць усіх, незалежна ад іх палітычных поглядаў, калі чалавек абазначыўся неяк у дачыненьні да Беларусі”.

Лявон Юрэвіч таксама выказваецца за гэты падыход:

(Юрэвіч: ) “Менш за ўсё хацелася б рабіць гэтую энцыкляпэдыю палітычнай. Калі ёсьць сьведамая эміграцыя і пралукашэнкаўская – гэта ўсё роўна дыяспара, і яны ўсе мусяць быць зафіксаваныя, на мой погляд, у гэтай энцыкляпэдыі з адпаведнымі акрэсьленьнямі іх скіраванасьці, але безь ніякай ацэнкі. Нейкім крытэрыем можа быць тое, што чалавек зрабіў не ў Беларусі, а ў дыяспары”.

(Сурмач: ) “Спадар Вітаўт, на Вашу думку, колькі часу будзе патрэбна для падрыхтоўкі першага тома?”

(Кіпель: ) “Некалькі гадоў, 3-4 гады мінімальна”.

Вынікі працы над падрыхтоўкаю выданьня можна было б давесьці да карыстальнікаў і раней. Лявон Юрэвіч мае такую прапанову.

(Юрэвіч: ) “Мая ідэя была такая – выдаваць напачатку энцыкляпэдычныя сшыткі. Што гэта такое? Гэта, скажам, набіраецца пэўная колькасьць артыкулаў на нейкія тэмы, і іх можна выдаць. Потым можна ўносіць папраўкі ў гэтую інфармацыю, зьмены, удакладненьні да ўключэньня ў тэкст сапраўднай энцыкляпэдыі. Гэта як бы да выданьня энцыкляпэдыі будзе праходзіцца гэты шлях апрацоўкі і ўзгадненьня матэрыялаў. Гэтыя сшыткі нашмат таньнейшыя, больш апэратыўныя, іх можна выдаваць раз на месяц і гэта таксама будзе стымулам для астатніх, яны будуць бачыць, што праца ідзе, будуць удзельнічаць. Гэта мая прапанова, не ведаю, ці пагодзяцца з ёю астатнія”.

(Сурмач: ) “Хто мог бы выдаваць гэткія сшыткі?”

(Юрэвіч: ) “Выдаваць можа БІНіМ разам з "Бацькаўшчынай"”.

***

(Сурмач: ) “А зараз я зьвяртаюся з пытаньнямі да Алены Макоўскай – старшыні Рады “Бацькаўшчыны” ў Менску.

Спадарыня Алена, ці гатовая “Бацькаўшчына” да таго, каб узяцца за гэтую працу і стаць, як сказаў спадар Юрэвіч, цэнтрам падрыхтоўкі энцыкляпэдыі?”

(Макоўская: ) “Я хачу сказаць, што "Бацькаўшчына" ўжо даўно гатовая да гэтай дзейнасьці і намі зроблена пэўная праца ў гэтым кірунку. Адзінае, што гэта рабілася як бы не для энцыкляпэдыі. У 2001 годзе, калі мы заснавалі інфармацыйны цэнтар, мы вырашылі сабраць як мага больш інфармацыі пра беларускія асяродкі за мяжой, менавіта такога энцыкляпэдычнага характару. Мы даслалі анкеты ў асяродкі дыяспары. Вядома, што адказалі нам ня ўсе, адазвалася недзе 40%. Мы гэтую інфармацыю апрацавалі і разьмясьцілі на нашым сайце.

Мы вельмі задаволеныя, што цяпер у гэтай працы мы аб''ядналіся з БІНіМ’ам, пры іх навуковай падтрымцы, бо канцэпцыя энцыкляпэдыі належыць ім, мы ўжо больш прафэсійна будзем працаваць.

Сапраўды, "Бацькаўшчына" сёньня валодае ўнікальнай інфармацыйнай базай пра беларускія асяродкі за мяжой. І гэта абсалютна лягічна, што пасьля збору інфармацыі мы ўжо нарэшце падыходзім да стадыі апрацоўкі гэтай інфармацыі і да непасрэднага стварэньня пэўнага інтэлектуальнага прадукту. Гэта вельмі добра, гэта якраз сьведчыць пра разьвіцьцё арганізацыі”.

(Сурмач: ) “Як будзе арганізавана праца, як будуць далучаныя суполкі?”

(Макоўская: ) “Вядома, што напачатку трэба стварыць рэдакцыйную раду, якая будзе непасрэдна займацца апрацоўкай інфармацыі і распрацоўкай канцэпцыі.

Пакуль пачатак бачыцца так – складаньне анкетаў і дасылка іх у арганізацыі з мэтай збору інфармацыі. Я думаю, што трэба будзе і па тэлефоне камунікаваць з кіраўнікамі суполак, ліставацца. Я думаю, што працэс пойдзе. Мы будзем інфармаваць, як разьвіваецца справа праз наш бюлетэнь, які сёньня дасылаецца беларускім суполкам. Гэта, канечне, ня простая праца, і збор будзе ісьці не адзін год. Але мы бачым, што ўжо ёсьць падмурак і мы спадзяемся на добрыя вынікі”.

(Сурмач: ) “Як матэрыяльна, фінансава, будзе забясьпечаны праект?”

(Макоўская: ) “Сёньня "Бацькаўшчына" можа самастойна пачаць працу, разаслаць звароты да беларускіх арганізацый. Пакуль што разглядаецца ў фінансавым пляне той жа варыянт, які мы выкарыстоўваем пры выданьні нашых кніг пра дыяспару. Аўтарства – на грамадзкіх пачатках. Пакуль што і сябры нашай Рэдакцыйнай Рады таксама будуць працаваць на грамадзкіх пачатках. Магчыма, што будзем далей зьвяртацца да беларускіх асяродкаў у замежжы і прасіць іхнай падтрымкі. Калі ўжо будуць рэальныя напрацоўкі, калі будзе бачны аб''ём выданьня, тады, я думаю, будзе лягчэй знайсьці фінансавую падтрымку. Праект толькі напачатку сваёй рэалізацыі і яшчэ цяжка гаварыць пра канкрэтныя затраты”.

(Сурмач: ) “Ці з усімі беларускімі суполкамі ў замежжы будзеце супрацоўнічаць?”

(Макоўская: ) “Мы будзем дасылаць зварот да ўсіх дзеючых арганізацыяў беларускай дыяспары. Мы абсалютна адкрытыя да супрацоўніцтва з рознымі арганізацыямі. Гэта будзе навуковы праект, ён ня мае палітычнай падаплёкі. Будзем зьвяртацца і да беларускіх амбасадаў у розных краінах”.

***

З боку “Бацькаўшчыны” непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы энцыкляпэдыі прымуць гісторыкі, сябры Рады Згуртаваньня Натальля і Алег Гардзіенкі. Абодва яны вядомыя сваімі публікацыямі пра беларускае замежжа, а Натальля і сваёй кнігаю пра беларусаў Аўстраліі.

(Сурмач: ) “Спадар Алег, у чым бачыцца Вам асаблівасьць выданьня? Ці будзе нешта якасна новае”

(Гардзіенка: ) “Выданьне будзе і традыцыйным, і нетрадыцыйным. Нетрадыцыйнасьць у тым, што мы мяркуем падаць у гэтай энцыкляпэдыі ня толькі імёны, але і месцы, зьвязаныя зь беларусамі ў сьвеце. Напрыклад, Монтэ Касына, беларускі Нью-Ёрк, магчыма, месцы генацыду беларусаў – Калыма, Варкута”.

(Сурмач: ) “Каго з навукоўцаў, вядомых дзеячаў будзеце запрашаць да гэтай працы?”

(Гардзіенка: ) “Будзем кансультавацца, напрыклад, з Адамам Мальдзісам. Спадзяемся на дапамогу Сяргея Запрудзкага, старшыні Асацыяцыі беларусістаў. Спадзяемся на дапамогу беларусаў з Польшчы. Будзем зьвяртацца да беларусаў у розных краінах. Гэта вялікая праца і зразумела, што без дапамогі як унутры Беларусі, так і вонкі, мы не выцягнем”.

(Сурмач: ) “А дзяржаўныя структуры Беларусі будуць неяк далучаныя?”

(Гардзіенка: ) ”Калі дзяржава будзе ісьці нам насустрач, калі зьменіцца сытуацыя, мы былі б радыя дапамозе дзяржавы, але ў дзяржавы цяпер вельмі вялікая цэнзура, яны ўсяго баяцца. Напрыклад, у той жа энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі не ўключылі асобу Івонкі Сурвілы, старшыні Рады БНР”.

(Сурмач: ) “Ці можна казаць, што гэта цалкам грамадзкі праект?”

(Гардзіенка: ) “Так, пакуль што, можна сказаць, грамадзкі”.

(Сурмач: ) “На маю спробу пазычыць посьпеху ініцыятарам праекту і будучым выканаўцам адзін з суразмоўцаў Лявон Юрэвіч адрэагаваў так:”

(Юрэвіч: ) “Трэба ня толькі жадаць нам посьпеху, але і дапамагаць. У нас ужо ёсьць кандыдатуры, ёсьць людзі, якія мы б хацелі, каб ўзялі ўдзел у гэтай працы. Але калі нехта сам выявіць жаданьне, і ён можа прыкласьці свае рукі, то, калі ласка. Калі вы ўсе нам дапаможаце, то будзе нашмат прасьцей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG