Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымболіка печы ў традыцыйнай культуры беларусаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Танцаваць трэба ад печкі, кажуць беларусы. І маюць на ўвазе, што любая справа і падзея ў жыцьці чалавека, сям’і распачынаецца менавіта тут, ля печы”.

(Тацяна Валодзіна: ) “Сымбалічная роля печы ва ўнутранай прасторы дому проста выключная. Яна пазначае цэнтар Сусьвету, дзе аб’ядноўваюцца ўсе часткі космасу, перакрыжоўваюцца восі гарызанталі і вэртыкалі, прасторы і часу. Печ — прасторавая мадэль уласна дому, жытла. Яна ўспрымалася як утаймавальніца прыроднага агню і адначасна яго захавальніца. Важна і тое, што тут гатуецца страва, а значыць, прыродны прадукт пераўтвараецца ў культурны аб’ект, сырое — у гатаванае альбо смажанае. Печ лучыць нас з прыродаю і адкрывае сьцяжынку да цывілізацыі”.

(Ракіцкі: ) “Проста паглядзеўшы на печ, мы бачым тры асноўныя зоны: чалесьнікі, комін і падпечак. Наколькі выпадковай ёсьць такая канструкцыя і якія яе сымбалічныя наступствы?”

(Валодзіна: ) “Вэртыкаль печы прыпадабняе яе да мадэлі Сусьвету і сусьветнага дрэва: верх — неба — комін; сярэдзіна — чалесьнікі, а ніз — падпечак — падзем’е. Гэткую ж трохчастковую структуру маюць і хата, і сам чалавек, прычым усе гэтыя зьвёны цела — печ — дом — космас знаходзяцца ў дачыненьнях узаемазамяшчэньня і ўзаемаперакадыроўкі”.

(Ракіцкі: ) “Відавочна, кожная з частак печы мела свае, адмысловыя функцыі і сымболіку. Пачнем з падпечку. Якім увайшоў ён у народную культуру?”

(Валодзіна: ) “Існуюць сьведчаньні яшчэ з часу палеаліту і нэаліту пра пахаваньні пад печчу, як рэшткі таго — закопваньне там дзіцячага месца нават у 20 стагодзьдзі. Адбываецца ўзаеманакладваньне культу агню, хатняга агменю і культу продкаў. А падпечак стаў успрымацца як прытулак хатняга духу — дамавіка. “Сьпіць Дамавік на печы ці пад печчу, таму яго часам называюць Падпечнікам. Устае ён рана і палохае пеўня, штурхаючы яго. Певень зь перапуду лопае крыламі і крычыць, чым будзіць гаспадароў на працу. Запечны кут — улюбёнае яго месца, дзе Падпечнік бавіць час з мышамі і курамі. Але бяда таму, хто Дамавіку не даспадобы. Будзе кідаць з качарэжніка дравамі й вуглямі...”

Дарэчы, і качарэжнік як месца знаходжаньня пячнога начыньня бачыўся прытулкам хатніх духаў”.

(Ракіцкі: ) “Да гэтага часу жывы звычай кідаць выпаўшы дзіцячы зубік на печку. Жыве бацькоўская традыцыя, толькі дзеля чаго гэта робіцца, мы даўно забыліся. І сапраўды, дзеля чаго?”

(Валодзіна: ) “І я памятаю, як тата ўрачыста абводзіў зубікам вакол галавы і кідаў яго за каптур са словамі: “Мышка-мышка, на табе лубяны, а нам дай касьцяны”. Я дзівілася, як мышка жыве на печы, і толькі цяпер шляхам вучоных рэканструкцыў успрымаецца мышка як адна з іпастасяў таго ж дамавіка. Кідалі яму зуб як ахвяру і чакалі спрыяньня пры росьце новых, касцяных і здаровых зубоў”.

(Ракіцкі: ) “Калі казаць пра комін, адразу ж згадваюцца і літаратурныя творы, і ілюстрацыі, дзе з трубы ўецца дымок альбо вылятаюць ведзьмы, на мётлах. Якая роля коміна ў гэтай мітапаэтычнай сыстэме?”

(Валодзіна: ) “Комін — спэцыфічнае выйсьце з хаты, аднак, прызначанае для звышнатуральных істотаў альбо дзеля кантактаў зь імі. Закрывалі комін у навальніцу, бо баяліся, што туды схаваецца чорт і пярун стрэліць па ім; а вось калі прападала жывёла, яе клікалі ў комін. Адкрывалі юшку, калі паміраў чарадзей, каб яго душы была “цяга”, адкрывалі юшку і на Дзяды, каб выслабаніць дарогу душам памерлых. Наагул, печ станавілася зонай сустрэчы з інфэрнальнымі сіламі”.

(Ракіцкі: ) “Раз праца ля печы разумелася як кантактаваньне з засьветамі, то і гарэньне агню, дровы і што там яшчэ мусілі б быць вестунамі і сыгналамі? Толькі пра што можна было наваражыць у печы?”

(Валодзіна: ) “А пра самыя розныя падзеі ў жыцьці. Ужо сам выгляд агню ўспрымаўся вестуном падзеяў будучых. За добрую прыкмету ўважалася вясёлае гарэньне агню ў печы, а калі яшчэ пры гэтым успыхвалі іскаркі, верылі, што гаспадыню чакае падарунак.

“Калі вугаль выпаў зь печы ў час распальваньня на сярэдзіну хаты і ў кут, то трэба чакаць госьця з таго ж прыблізна боку; калі ж вугаль упаў на парог ці за парог, то трэба чакаць нябожчыка ці весткі пра яго. Госьця трэба чакаць і тады, калі вугаль упаў у страву, пакуль яна гатавалася ў печы. Вестак ці гасьцей чакаюць і калі ў запаленай печы верхняе палена скоціцца да чалесьнікаў і гатовае будзе выпасьці”.

Усё гэта паказвае на тое, што ўваход у печ у традыцыйных уяўленьнях сымбалічна раўнаваўся да ўваходу ў іншыя прасторы. Верылі, калі ў запаленай печы моцна гудзе, гэта душы памерлых сваякоў ці просяць дапамогі, ці замест пекла пакутуюць у хатняй печы”.

(Ракіцкі: ) “Ці не азначае гэта, што печ мае нейкае дачыненьне і да пекла?”

(Валодзіна: ) “Калі зыходзіць з павер’яў беларускіх сялянаў, то печ — нават аналяг альбо мадэль пекла зь яго агнём. Верылі, што пасьля сьмерці давядзецца пераходзіць на той сьвет праз прорву з кіпучай смалою. Каб мець надзейны мосьцік, трэба пакідаць у вытапленай печы хаця б адно паленца. Акрамя таго, дастаўшы хлеб зь печы, хуценька аблівалі яго халоднай вадою, каб у пекле для душаў не шкадавалі вады. У Жыткавіцкім раёне ў пустую печ клалі некалькі паленцаў, бо там “мёртвыя душы астываюць”.

(Ракіцкі: ) “Пакуль мы гаворым пра печ як зону сьмерці, кантакту з тым сьветам. Але ж у печы гарыць жывы агонь, гатуецца страва, разыходзіцца цяпло. Ля печы завіхаецца гаспадыня. Гэта проста вельмі жывая, жаночая прастора, як кажуць: бабе дарога — ад печы да парога”.

(Валодзіна: ) “І месца ля печы называецца — бабін кут. Дый сама печ мэтафарызуецца ў народнай культуры і мове як жанчына, як у загадках: маці-таўстуха, дачка-краснуха. У час заручынаў на печы сядзела дзяўчына і злазіла, толькі калі давала згоду на шлюб. Пераступіўшы парог хаты маладога, нявеста кідала на печ свой пояс”.

(Ракіцкі: ) “Мэтафара печ — жанчына, відаць, мяркуе і кантэксты са шлюбнай, эратычнай сымболікай. Хто ж тады выступае ў якасьці мужчынскага партнэра?”

(Валодзіна: ) “Як шлюбныя дачыненьні ў загадках, вясельнай паэзіі асэнсоўваюцца працэс падтрыманьня агню і выпяканьне хлеба, згадаем: “Печка рагоча, караваю хоча”, а таксама дзеяньні з качаргой і хлебнай лапатай. Фармаваньне плода ў мацярынскім улоньні гэтаксама прыпадабняецца да выпяканьня хлеба. Нездарма мы кажам пра асобных людзей — недапечаны; а пра сэксуальна актыўных пажылых людзей — і ў старай печы д’ябал паліць. Ну, а заслонка ў печы натуральна прыпадабняла яе да цнатлівай дзяўчыны. Але сама відавочная жаночая сымболіка чалесьнікаў выступае ў рытуалах так званага перапяканьня дзіцяці:

“То апошні сродак вылечыць хворае дзіцятко. Калі пякуць хлеб, маці саджае дзіця на хлебную лапату, абмывае, загладжвае яго хлебнаю вадою i нясе да печы з намерам пасадзіць туды разам з хлябамі, але спыняе лапату на “загнетцы”. Гэты момант падпільноўвае другая блізкая жанчына, імкліва адчыніўшы дзьверы, яна пляскае рукамі i гнеўна гаворыць: — Што ты poбiш? — Ня ты ня відзіш: сушчы пяку — во што я раблю! — адказвае маці. — А, сушчы! Дык пячы, пячы ix, каб нi було! — дапаўняе тая, што ўвайшла, i здымае дзіця з лапаты”.

(Ракіцкі: ) “Гэты звычай можна зразумець як зьнішчэньне хваробы альбо як перавод дзіцяці празь смерць. Ці не назіраем мы тут зноў унівэрсальнае спляценьне Эрасу і Танатасу — памерці і нарадзіцца?”

(Валодзіна: ) “Якраз гэтая ідэя сьцьвярджаецца сымболікай печы. Сымбалізуе яна і магілу, пекла, той свет, і адначасна жаночае ўлоньне. Хаця і ўласна на жанчыну погляды такія ж, калі мяжуюць спакуса і страх. Ідэі сьмерці абапіраюцца і на разуменьне печы як лёкусу продкаў, таму сядзеньне на печы, ля печы ў казках шыфруецца як знаходжаньне пад апекаю звышнатуральных сілаў. Казачныя героі, што дасягнулі жыцьцёвых вяршыняў, неістотна — у барацьбе са Змеем, як Іванька-дурачок, на ратным полі, як Ілюшка Мурамец, у каханьні, як Папялушка, — усе яны пачыналі свой жыцьцёвы шлях на альбо каля печы. Згодна зь меркаваньнямі дасьледнікаў, зь верхам чэрпалі яны ля печы засьветавую мудрасьць і сілы”.

(Ракіцкі: ) “Калі ж зьвярнуцца ўласна да словаў: чалесьнікі, вусьце ды параўнаць іх з, напрыклад, расейскімі — “челюсти”, “уста”, то печ хутчэй падасца як вялізная галава”.

(Валодзіна: ) “І такая сымбалізацыя мае месца. Прычым, шэраг словаў, што скарыстоўваюцца як для найменьня частак чалавека, так і печы, можна прадоўжыць: “каптур” — верхняя частка печы і галаўны ўбор, “шчока” — сьценка ў печы паміж подам і прыпечкам і шчака; “паднябеньне” ў роце і печы, “юшка” — засаўка ў коміне і рот, зяпа. Адметная зашыфраванасьць роту як часткі печы, падпечка ў загадках: “Поўны падпечак белых авечак” — зубы, “Пад прыпечкам рубяжы, хто ведае, не кажы” — пацеркі. Сымбалічнае асэнсаваньне печы як галавы чалавека, часьцей жанчыны, прадвызначыла цэлы шэраг бытавых прадпісаньняў. Пасьля выпяканьня хлеба гаспадыня мусіла закрыць чалесьнікі заслонкай, інакш, калі яна памрэ, у яе рот будзе разяўлены: “як хто атходзіць, заслонку надо закрываць, каб ніхто ні разяваўся”.

(Ракіцкі: ) “І цяпер у многіх вясковых хатах, дзе зьявілася ўжо цэнтралізаванае ацяпленьне, стаяць печы — як дэкор і як крэпасьці, крэпасьці тых духоўных памкненьняў і ведаў, што лучылі між сабою дзядоў і ўнукаў, жывых і памерлых, зямлю і недасяжны космас”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG