Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевыя актывісты апазыцыі арыштаваныя на 15 і 10 сутак


Любоў Лунёва, Менск Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў арыштам двух моладзевых актывістаў Партыі БНФ: Алеся Каліту – на 15 сутак, Паўла Серадзенку – на 10. Партыйных актывістаў затрымалі спэцназаўцы 3 ліпеня і абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Адміністрацыйныя справы Алеся Каліты і Паўла Серадзенкі разглядала судзьдзя Тацяна Паўлючук. У кабінэт судзьдзі трапілі ня ўсе ахвотныя, якія ад 9 раніцы чакалі хлопцаў каля будынку суду (гэта былы будынак Коласаўскага ліцэю).

Суд Цэнтральнага раёну Менску, працэс над моладзевымі актывістамі Партыі БНФ Салідарныя з затрыманымі – каля кабінэту судзьдзі Тацяны Паўлючук

Першым судзілі Паўла Серадзенку. Ён заявіў, што 3 ліпеня быў у сядзібе Партыі БНФ, калі пачуў з вуліцы крыкі Насты Александровіч аб дапамозе. Павал апавёў, што паглядзеў у акно і ўбачыў, як невядомыя мужчыны цягнуць Насту ў машыну. Павал і Алесь Каліта пабеглі ратаваць дзяўчыну. У выніку хлопцаў саміх затрымалі. Іх адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну. Там на Паўла і Алеся склалі пратаколы, абвінаваціўшы іх у дробным хуліганстве. Ноч хлопцы правялі ў турме на вуліцы Акрэсьціна. У суд іх прывезьлі сёньня толькі ў 15 гадзінаў.

Моладзевы актывіст Партыі БНФ Павал Серадзенка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску Павал Серадзенка – пад міліцэйскім канвоем

Сьведка з боку міліцыі спэцназавец Гвардзейцаў у судзе паведаміў, што з камітэту, якому яны падпарадкоўваліся, далі каманду затрымліваць маладых людзей, якія выходзяць з управы Партыі БНФ у іхны бок. Гвардзейцаў казаў, што спэцназаўцаў папярэдзілі аб тым, што маладыя людзі могуць мець пры сабе дыскі і агітацыйную літаратуру.

Судзьдзя Тацяна Паўлючук пакарала Паўла арыштам на 10 сутак. Яна патлумачыла, што да сьведчаньняў Насты Александровіч трэба ставіцца крытычна.

Моладзевая актывістка Наста Александровіч у судзе Цэнтральнага раёну Менску Наста Александровіч – чакаючы рашэньня ў судзе

Наступным судзілі Алеся Каліту. Ён заявіў хадайніцтва, патрабуючы перакладчыка. На думку назіральнікаў, гэта раззлавала судзьдзю. Перакладчыка выклікалі, але Алеся пакаралі арыштам на максымальны тэрмін – 15 сутак арышту.

Алесь Каліта заявіў у судзе, што лічыць затрыманьне прэвэнтыўнай мерай і як доказ прывёў паказаньні спэцназаўца.

Кіраўнік моладзевай камісіі Партыі БНФ Алесь Каліта у судзе Цэнтральнага раёну Менску Алесь Каліта – пасьля пакараньня арыштам

Хлопцаў адводзілі ў міліцэйскі “варанок” пад воплескі прысутных. Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” выказалі сваю салідарнасьць з моладзевымі актывістамі Партыі БНФ. Яны паведамілі “Свабодзе”, што будуць ладзіць пікеты каля будынку турмы на вуліцы Акрэсьціна.

• Ля ўправы БНФ затрыманыя два моладзевыя актывісты , 03.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG