Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіно: беларуская дысыдэнтка ўзяла ў закладніцы жонку прэзыдэнта


Алена Струвэ, Менск Гэтымі днямі па нямецкім тэлебачаньні ідзе новы сэрыял, у якім, паводле сцэнару, дзейнічае беларуская тэрарыстка. Гэта стала падставай для гутаркі нашай карэспандэнткі з адным з кіраўнікоў Інстытуту дасьледаваньня тэрарызму і бясьпекі ў нямецкім горадзе Эсэне Рольфам Тапгофэнам.

Тэлесэрыял, які гэтымі днямі трансьлюецца на нямецкім тэлеканале Sat1, прысьвечаны нямецкаму антытэрарыстычнаму фармаваньню “GSG-9”. Адна з сэрыяў фільму называецца “Амбасада”. Размова ідзе пра тое, як на тэрыторыі нямецкай амбасады ў Менску здараецца нечаканае. Беларуская дысыдэнтка Яніна бярэ ў закладніцы... жонку нямецкага прэзыдэнта. Пэрсанальныя ахоўнікі ня могуць нічога зрабіць. І тады на дапамогу ў Менск ляціць група GSG-9. Антытэрарыстычная апэрацыя праводзіцца ў супрацоўніцтве з групай беларускага спэцназу на чале з генэралам Сючэнкам. З тэрарысткай вядуцца даўгія перамовы. Закладніцу, зразумела, вызваляюць.

Адзін з кіраўнікоў Інстытуту дасьледаваньня тэрарызму і бясьпекі ў нямецкім горадзе Эсэне Рольф Тапгофэн нярэдка запрашаецца ў якасьці кансультанта на падобныя сэрыялы. Так было і зь фільмам “GSG-9”. Вядучы эўрапейскі экспэрт у галіне тэрарызму называе сюжэт поўнай лухтой:

“Вы ведаеце, такую сытуацыю я разглядаю як вельмі і вельмі неверагодную. Такога ў Менску здарыцца не магло. Я адмовіўся ад кансультацыі і сказаў аўтарам, што яны мусяць мець рэалістычныя сцэнары. Наколькі я ведаю, група спэцыяльнага прызначэньня GSG-9 ня надта шчасьлівая ад такога кіно. Сам я з прычыны свайго пастаяннага цэйтноту гэты фільм не глядзеў”.

У Менску ёсьць вуліца імя Сьцяпана Халтурына, расейскага народавольца, які пры канцы 1880-х забіў адэскага пракурора Стрэльнікава; вуліца рэвалюцыянэра Івана Пуліхава, які на пачатку 1900-х ажыцьцявіў замах на менскага губэрнатара Курлова; вуліца імя Міхаіла Бакуніна – у гонар ідэоляга анархізму і ягонай “філязофіі бомбы”.
Рольф Тапгофэн аднолькава ставіцца як да наяўнасьці такіх фільмаў, так і да шанаваньня памяці тэрарыстаў – калі іхнымі імёнамі называюць вуліцы ці плошчы. Паводле экспэрта, зьява тэрарызму надзвычай сур’ёзная. У мэтах барацьбы зь ёй трэба вывучаць як сучасныя формы тэрарызму, так і яго гістарычныя вытокі. У любым выпадку ніяк не рамантызаваць.

“Тэрарысты былі і ў расейскай, і ў беларускай гісторыі, – разважае Тапгофэн. – Трэба ўзгадаць анархіста Бакуніна і ягоную філязофію бомбы. Як і раней, тэрарызм на тэрыторыі былога СССР, найперш у Расеі, мае гэтак званае хатняе паходжаньне. Цяпер ён выкліканы пуцінскай палітыкай ў каўкаскім рэгіёне. Арганізатары тэрактаў вельмі пераканаўча апэлююць да рэлігійна-фудамэндалісцкіх пачуцьцяў выканаўцаў і навязваюць ім матывацыю помсты.”

Як высьвятляецца з размовы, нямецкія адмыслоўцы ў галіне барацьбы з тэрарызмам уважліва вывучаюць досьвед спецыялізаваных фармаваньняў іншых краін. Аналізуючы тэракт у маскоўскім тэатры на Дуброўцы, дзе сярод закладнікаў былі і беларускія грамадзяне, Тапгофэн узгадвае недапушчальна вялікую колькасьць ахвяраў у часе захопу:

“Тое, як рабіўся захоп маскоўскага тэатру, калі выкарыстоўваўся моцны газ малавядомага паходжаньня, ці прыклад Беслану – усё гэта ёсьць доказам таго, што гэткія рэчы вырашаюцца з гледзішча інтарэсаў груп захопу...”

Паводле нямецкага экспэрта, галоўную ролю ў тактыцы нямецкай групы захопу ў падобных выпадках адыгрываюць бясьпека і жыцьцё закладнікаў”.

У Крымінальным кодэксе Беларусі тэрарызм апісваецца як “ажыцьцяўленьне выбуху, падпалу або іншых дзеяньняў, якія вядуць да сьмерці людзей ды іншых цяжкіх наступстваў у мэтах дэстабілізацыі грамадзкага парадку”. Мінімальны прысуд – 8 гадоў турмы. Максымальны – пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне. Летась, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заяўляў, што “экстрэмісцкія элемэнты” падрыхтавалі тэракты, падпалы і атручваньне водаправоду дохлымі пацукамі. Па тэлебачаньні быў паказаны чалавек, які нібыта праходзіў падрыхтоўку ў спэцлягерах на захадзе. Далейшага разьвіцьця гэтая тэма не атрымала.


• “Захапіўшы ў закладнікі 15 дзяцей, ён запатрабаваў прыбыцьця супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта і праваахоўных органаў” (1996), 19.06.2006 • “Улада не такая моцная, калі палохае людзей прыдуманай пагрозай тэрактаў”, 17.03.2006 • Хто выступае ад імя "Беларускага народна-вызвольнага войска"?, 05.10.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG