Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Італьянскія карабінэры знайшлі Віку Мароз


Радыё Свабода 10-гадовую Віку Мароз знайшлі сёньня ля мястэчка Валь да Оста на мяжы з Францыяй. Пра гэта заявілі адвакаты сям’і Джуста й Барначын. Паведамляюць, што зь дзяўчынкай былі абедзьве бабулі — маці Алесандра Джуста й Марыі Барначын. Куды далей павезьлі Віку, не паведамляюць. Вядома, што яе суправаджаюць карабінэры.

Італьянскія агенцыі перадалі, што тысячы прадстаўнікоў мясцовых чарнобыльскіх асацыяцыяў, якія сабраліся сёньня ў Рыме перад будынкам італьянскага парлямэнту, аплядысмэнтамі віталі гэтую навіну.

У чацьвер мае адбыцца паседжаньне апэляцыйнага суду ў Генуі, які вынесе вэрдыкт адносна лёсу Вікі Мароз.

Напярэдадні сям’я Джуста—Барначын зрабіла па італьянскім тэлебачаньні заяву: “Мы давяраем італьянскай юстыцыі, будзем вітаць яе кожнае рашэньне. Вяртаньне Вікі магчымае, калі яно ў інтарэсах дзяўчынкі. Аднак яно ня мусіць быць гвалтоўным. Самі мы можам выцерпець многае, аднак ня хочам трываць зла, што могуць прынесьці дзяўчынцы ды іншым беларускім дзецям”.

З нагоды заўтрашняга Генуэскага суду некаторыя ўплывовыя італьянскія палітыкі й прадстаўнікі грамадзкіх рухаў зрабілі заявы.

Дэпутатка італьянскага парлямэнту ад руху “Наперад, Італія!” Стэфанія Прэстыджакама праз папулярную ў Італіі газэту “Corriere della Sera” зьвярнулася да сям’і Джуста й Барначын. Пра гэта мне паведаміла з Рыму журналістка Радыё Ватыкан Алена Мартэцкая.

(Мартэцкая: ) “Стэфанія Прэстыджакама, да нядаўняга часу міністар ва ўрадзе Бэрлюсконі, якая адказвала за пытаньні ўсынаўленьня, зьвярнулася да бацькоў Джуста й Барначын, каб тыя вярнулі дзяўчынку. Гэтая ўплывовая італьянская дзяячка заклікала таксама ўрад краіны, каб той грунтоўна разгледзеў пытаньне арганізацыі чарнобыльскага адпачынку.

Працытую спадарыню Прэстыджакама: “Гэта (чарнобыльскі адпачынак) сталася бізнэсам, выгаднай справай для некаторых беларусаў. Дзеці працягваюць езьдзіць туды і назад, без усялякай надзеі на ўсынаўленьне. Для іх гэта толькі вялікія ілюзіі. Неабходна разгледзець гэтую падзею на агульнаэўрапейскім узроўні. Трэба неадкладна прымаць меры. Нельга плаціць коштам дзіцячых жыцьцяў”.

Што да канкрэтнага выпадку зь Вікай Мароз, якую італьянцы завуць Марыяй — то, натуральна, большасьць сем’яў хоча, каб Джуста й Барначын усё ж вярнуліся ў прававое поле. Выглядае, што італьянцы згодныя, каб гэтае пытаньне вырашалася ў адпаведнасьці зь міжнародным правам, і каб гэтую дзяўчынку, якая да таго ж вельмі хворая, усё ж удачарылі. У тым ліку, магчымае ўдачарэньне на дыстанцыі — гэта практыкуецца ў Італіі”.

Міністэрства замежных справаў Беларусі пацьвердзіла інфармацыю аб тым, што праваахоўныя органы Італіі знайшлі Віку Мароз. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў заявіў, што беларускі амбасадар у Італіі Аляксей Скрыпка ў дадзены момант знаходзіцца ў Генуі і “ўзаемадзейнічае з праваахоўнымі органамі”.

На здымку: "бабулі" Вікі - Элена Даніна і Марыя Бродзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG