Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школаў зь беларускай мовай навучаньня ўсё меней


Міхал Стэльмак, Менск Міністэрства адукацыі абнародавала статыстыку пра мовы навучаньня ў школах. Ад першага верасьня колькасьць школ зь беларускай мовай навучаньня паменшыцца.

Праз два тыдні ў краіне пачнуць працу 4006 школ. Расказвае намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно:

(Фарыно: ) “Зь іх 2313, то бок 57 працэнтаў, маюць статус школ зь беларускай мовай навучаньня. 1432, альбо 35,7 працэнта, маюць статус з расейскай мовай навучаньня”.

Апроч таго, 258 школ будуць дзьвюхмоўнымі – гэта каля 6,5 працэнта. Міністэрства адукацыі не падае леташняй статыстыкі. Аднак яна ёсьць у справаздачы Міністэрства замежных спраў “Аб сучасным становішчы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь”. Паводле гэтага дакумэнту, тады амаль 60 працэнтаў школ аддавалі перавагу роднаму слову, а 33 працэнты –расейскаму. Такім чынам, за год адбыліся перамены не на карысьць беларускамоўнага навучаньня.

(Лозка: ) “З году ў год памяншаецца колькасьць школ зь беларускай мовай навучаньня. У 2000 годзе было 61,9 працэнта школ зь беларускай мовай навучаньня. Мы бачым такое падзеньне сёньня.Школы зь беларускай мовай навучаньня закрываюцца”.

Так пракамэнтаваў сытуацыю старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка. Ён зьвяртае ўвагу й на такі чыньнік:

(Лозка: ) “Працэнтаў як бы й больш школ зь беларускай мовай выкладаньня, а дзяцей у іх навучаецца на беларускай мове менш”.

Дарэчы, гэта пацьвярджае й афіцыйная статыстыка.

(Фарыно: ) “Суадносіны наступныя. Зь беларускай мовай навучаньня па колькасьці навучэнцаў каля 24 працэнтаў ад агульнай колькасьці навучаюцца на беларускай мове”.

Паводле зьвестак Міністэрства адукацыі, найгоршае становішча ў Менску. Тут па-беларуску навучаюць усяго 2 працэнты ўстаноў. Аднак спадар Фарыно пераконваў: прычына не ў дзяржаўнай палітыцы, а ў стаўленьні бацькоў, чый выбар нібыта й вызначае мову навучаньня. У сяброў Таварыства беларускай школы іншае меркаваньне:

(Лозка: ) “Выбар бацькоў быў бы, безумоўна, іншы. Бо бацькоў падводзяць да гэтага. Яны бачаць, што беларуская мова прыніжаецца. Калі паглядзець на статыстыку, то яна сьведчыць зусім пра іншую тэндэнцыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG