Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Тарасаў звольнены з Інстытуту гісторыі


Ганна Соўсь, Менск Кандыдата гістарычных навук археоляга Сяргея Тарасава звольнілі з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі з фармулёўкай “за сыстэматычнае невыкананьне службовых абавязкаў”. Частка калегаў навукоўца тлумачыць звальненьне грамадзянскай і навуковай пазыцыяй спадара Тарасава. Гэтак лічыць і сам звольнены.

У пятніцу быў апошні працоўны дзень у Інстытуце гісторыі для загадчыка аддзелу сярэднявечнай археалёгіі кандыдата гістарычных навук Сяргея Тарасава. Намесьнік дырэктара інстытуту Вячаслаў Даніловіч патлумачыў Радыё Свабода, што звальненьне — унутраная справа інстытуту.

(Даніловіч: ) “Камэнтароў ня будзе“.

Сам жа спадар Тарасаў кажа, што фармальнай падставай для звальненьня стала гісторыя з археалягічнымі матэрыяламі Менску, якія захоўваліся на вуліцы Кірыла і Мятода, 8, і падчас транспартыроўкі частка зь іх згубілася.

(Тарасаў: ) “За дваццаць чатыры гады працы ў інстытуце Акадэміі ў мяне не было ніводнай вымовы, толькі адныя падзякі. Тут жа ў выніку расьсьледаваньня факту зьнікненьня часткі менскіх матэрыялаў з вуліцы Рыбалкі, пасьля таго, як было пастанаўленьне пракуратуры, мне вынесьлі менш як месяц таму першую вымову за нядбайнасьць. Потым для кіраўніцтва інстытуту стала нечаканасьцю, што частка гэтых матэрыялаў захоўвалася ў тым месцы, адкуль іх вывозілі, і не была зьнішчаная, як астатняе, што трапіла на Рыбалкі, 2. І ў выніку мне гэта ўсё інкрымінавалі, што я не паведаміў кіраўніцтву, і пасьля гэтага звольнілі”.

Калегі Сяргея Тарасава зьвяртаюць ўвагу на тое, што магчыма, археоляг у пэўнай ступені нясе адказнасьць за тое, што здарылася з калекцыяй, але мера пакараньня была неадэкватна жорсткая.

Сам Сяргей Тарасаў лічыць, што прычына ягонага звальненьня іншая:

(Тарасаў: ) “Пэўныя людзі хочуць у сваіх руках сканцэнтраваць усю ўладу — відаць, ня толькі над археалёгіяй, а, можа, і над усёй гісторыяй. Спрабуюць такім чынам пазбавіцца ад людзей, якія ім нязручныя, якія не прыручаюцца”.

Паводле Сяргея Тарасава, многія калегі выказалі яму сваю салідарнасьць. Кандыдат гістарычных навук, вядомы беларускі археояг Мікола Крывальцэвіч гэтак ацэньвае прафэсійныя якасьці спадара Тарасава:

(Крывальцэвіч: ) “Сяргей Тарасаў, безумоўна, адзін з найлепшых беларускіх археолягаў. Ягоны ўнёсак у дасьледаваньне сярэднявечнай спадчыны Беларусі вельмі вялікі. Звальненьне Сяргея, безумоўна, вялікая страта для інстытуту і для археалёгіі”.

За апошнія гады з Інстытуту гісторыі з розных прычынаў былі звольненыя такія вядомыя дасьледчыкі, як Тацяна Процька, Ніна Стужынская, Андрэй Кіштымаў, Юры Грыбоўскі, Генадзь Сагановіч. Апошні памянёную сытуацыю характарызуе як выгнаньне навукі з Акадэміі навук:

(Сагановіч: ) “Відавочна, з прычыны грамадзянскай і навуковай пазыцыі. Гэта зьнішчэньне Інстытуту гісторыі”.

Кандыдатка гістарычных навук Ніна Стужынская, звольненая ў 2003 годзе з Інстытуту гісторыі за тое, што ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі, мяркуе, што насьпеў час стварыць суполку рэпрэсаваных гісторыкаў.

(Стужынская: ) “Цяпер у інстытуце настолькі рэпрэсіўны рэжым, што жахліва. Я сустракаюся з калегамі, і многія зь іх у роспачы. Інстытут выкідвае найлепшых. Думаю, што ўсё ж трэба ствараць нейкую недзяржаўную ўстанову, інакш мы згубім шмат чаго, што назапашвалі ў 90-я гады”.

Каля дваццаці гадоў археоляг Сяргей Тарасаў прысьвяціў дасьледаваньню старажытнага Полацку, шмат праводзіў раскопак у Менску — на Нямізе й вуліцы Гандлёвай, рабіў археалягічны нагляд на будаўніцтве гатэлю “Эўропа” ды іншых аб’ектах. Адзін з удзельнікаў міжнароднай праграмы экспэрымэнтальнага плаваньня на копіях старажытных караблёў па Дзісьне, Дняпру і Нёмне. Шмат гадоў вёў на тэлебачаньні навукова-папулярную гістарычную праграму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG