Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі баяцца 11 % палякаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Паводле дадзеных апытаньня, якое ладзіў аўтарытэтны польскі Цэнтар дасьледаваньняў грамадзкай думкі, Беларусі баяцца 11 % палякаў.

Галоўнай мэтай працы сацыёлягаў было даведацца, што палякі думаюць аб прымірэньні Польшчы зь Нямеччынай і Ўкраінай, дачыненьнях з Расеяй, а таксама, якіх краінаў трэба баяцца і хто зьяўляецца найвялікшым саюзьнікам Польшчы.

Аказалася, што ў прымірэньне зь Нямеччынай вераць аж 80% палякаў – гэта амаль удвая больш, чым у 1990 годзе, а з Украінай – 77%, тут, паводле адмыслоўцаў, працэнтаў дадала аранжавая рэвалюцыя.

Што да Расеі, дык большасьць палякаў лічаць, што партнэрскія дачыненьні з гэтай краінай “хутчэй магчымыя”, адначасова Расеі баяцца аж 59% апытаных, на другім месцы ў гэтым сьпісе знаходзіцца Нямеччына – 23%, а на трэцім – Беларусь – 11% і потым ужо арабскія краіны.

Адмыслоўцы Цэнтру лічаць, што калі на такія адносіны да Расеі і Нямеччыны ўплываюць перадусім гістарычныя фактары, дык што да Беларусі, тут пераважае сучасная палітычная сытуацыя ў гэтай краіне.

Аб тым, што Польшча ўвогуле ня мае ворагаў, заяўляюць толькі 7% апытаных.

Адметна, што найвялікшым саюзьнікам палякі лічаць ЗША – шточацьверты апытаны, потым ідзе Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя і Ўкраіна – 6%.

Паводле адмыслоўцаў, увогуле цягам апошніх гадоў у стаўленьні палякаў да суседніх краінаў пачаў пераважаць больш эўрапейскі лад мысьленьня. Вынікі апошняга апытаньня падобныя да тых, што сацыёлягі атрымліваюць і ў іншых краінах Эўрапейскага Зьвязу.

Экспэрты згодныя, што ў цэлым погляд палякаў на сваіх суседзяў, асабліва ў параўнаньні з тым, што было 17 гадоў таму, можна назваць аптымістычным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG