Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску брутальна зьбіты чэскі журналіст


Радыё Свабода Рэпартэра чэскай газэты “Млада фронта Днэс” Яна Рыбаржа у начы на панядзелак брутальна зьбілі і абакралі невядомыя нападнікі ў цэнтры Менску. Чэскія дыпляматы кажуць, што за нападам могуць стаяць беларускія спэцслужбы.

“Ня думаю, што гэта былі рабаўнікі. Акалічнасьці, дзе, калі і як гэта здарылася, такое хутчэй выключаюць”, – паведаміў Ян Рыбарж па прылёце зь Менску ў Прагу. “Яны крычалі: “Дзе дакумэнты?” На дзіва, грошы іх не цікавілі”.

Рыбарж думае, што зьвярнуў на сябе ўвагу нападнікаў, калі падчас дэманстрацыі пісаў на пераносным кампутары рэпартаж і адсылаў яго з дапамогай спадарожнікавага тэлефона.

Пасьля заканчэньня мітынгу перад палацам Рэспублікі ў цэнтры Менску журналіст пайшоў разам зь людзьмі па цэнтры места. “На хвілінку я зайшоў у цёмны пад’езд, і там гэта здарылася”. Шлях яму заступілі два мужчыны. Пасьля нападу па яго прыехала хуткая дапамога.

У панядзелак з дапамогай чэскіх дыпляматаў Рыбарж пакінуў Менск. На ягоным твары відаць яўныя сьляды зьбіцьця. У Рыбаржа страсеньне мозгу, зламаны нос.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG