Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя МАП праверыць выкананьне правоў незалежных прафсаюзаў


Радыё Свабода У Менск з афіцыйным візытам прыбывае місія МАП. Дэлегацыю з трох чалавек узначальвае выканаўчы дырэктар Міжнароднага бюро працы МАП Кары Тапіёла. Гэта кантрольная місія, якая мае праверыць, як урад Беларусі выконвае рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы дзеля выпраўленьня стану з правамі незалежных прафсаюзаў.

Міжнародная арганізацыя працы засьведчыла шэраг парушэньняў правоў незалежных прафсаюзаў і прапанавала ўладам Беларусі выправіць іх яшчэ да 1 чэрвеня 2005 году. Аднак гэта зроблена не было, таму тэрмін працягнулі. І цяпер місія намерваецца пракантраляваць, што за гэты час зроблена. Кантрольны візыт МАП намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Мікалай Беланоўскі пракамэнтаваў “Свабодзе” гэтак:

(Беланоўскі: ) “Я пазытыўна стаўлюся да любога візыту ў нашую дзяржаву, бо людзі маюць магчымасьць на свае вочы пабачыць, як і што робіцца, як жывуць, як працуюць. Я шмат сустракаўся з гэтымі камісіямі — добра размаўлялі, але не заўжды тое, што гаварылася, затым адлюстроўвалася на паперы. Гэта крыху неяк крыўдна, але што ж рабіць? Мы ж разумеем, што ў нас адбываецца, што ў той жа місіі. Я лічу, што любы візыт — гэта станоўчая зьява для цяперашняй Беларусі”.

Спадар Беланоўскі не паведаміў, якая праграма сустрэчы дэлегацыі МАП з кіраўніцтвам Фэдэрацыі прафсаюзаў. Ніякіх падрабязнасьцяў не падаюць таксама ў іншых структурах. Аднак, паводле афіцыйнай інфармацыі, заплянаваныя сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта, міністэрствах юстыцыі і працы, а таксама Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў. Вось што кажа пра магчымыя вынікі кантрольнай місіі лідэр прафсаюзнага аб’яднаньня Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Якія могуць быць наступствы? На вялікі жаль, нашыя ўлады прызвычаіліся да таго, што чарговы раз пагамоняць — і на гэтым усё скончыцца. Насамрэч, міжнародная арганізацыя працы выкарыстала амаль усе інструмэнты ўплыву на сытуацыю ў краіне. Я лічу, што самым прамым вынікам такой місіі можа стаць поўная ізаляцыя, якая будзе падставай для далейшых нэгатыўных наступстваў у выглядзе санкцыяў”.

Міжнародная арганізацыя працы ёсьць структурным падразьдзяленьнем Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Сябрамі МАП зьяўляюцца 178 краінаў сьвету, у тым ліку і Беларусь. У 2004 годзе сэсія Міжнароднай арганізацыі працы пастанавіла ўжыць да Беларусі адмысловы параграф, што зьяўляецца адной з самых жорсткіх і надзвычайных мераў пакараньня, прадугледжаных статутам гэтай арганізацыі. У Беларусь была скіраваная камісія дасьледаваць стан з правамі прафсаюзаў. Яна прызнала сапраўднымі факты парушэньня правоў незалежнага прафсаюзнага руху паводле 12 параграфаў. Да 1 чэрвеня 2005 году гэтыя рэкамэндацыі мусілі быць выкананы. Паводле разгляду вынікаў працы беларускага ўраду ў гэтым кірунку, 93-я сэсія Міжнароднай арганізацыі працы пакінула адмысловы параграф па Беларусі бязь зьменаў і накіравала ў Беларусь цяперашнюю кантрольную місію. Таксама ў зьвязку з парушэньнем правоў незалежных прафсаюзаў уладамі, Эўразьвяз не выключае, што адменіць прэфэрэнцыі ў гандлі з Беларусьсю. Для Беларусі гэта азначае эканамічныя страты на 250 мільёнаў эўра штогоду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG