Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне на менскіх вуліцах: “Што такое Галакост?”


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўніцтва Польшчы і лідэры шэрагу эўрапейскіх краінаў рыхтуюцца да памінальнай імпрэзы да 60-годзьдзя вызваленьня канцэнтрацыйнага лягеру Асьвенцім. Там сьмерць напаткала тысячы людзей розных нацыянальнасьцяў. Асаблівы этнацыд цярпелі габрэі. Такая зьява як Галакост была характэрная для акупаванай нацыстамі ўсёй тэрыторыі Эўропы. Ці ведаюць, што такое Галакост цяперашнія жыхары Беларусі?

(Карэспандэнтка: ) “Што такое Галакост — ці ведаеце?”

(Спадар: ) “Гэта ж вядома кожнаму дзіцяці: зьнішчэньне габрэеў нацыстамі”.

(Юначка: ) “Ня чула, нават не ўяўляю, што гэта такое”.

(Юнак: ) “Галакост — ведаю, што такое, але гэта мяне ня тычыцца. Гэта масавае зьнішчэньне габрэяў у канцэнтрацыйных лягерах у часе мінулай вайны. Па ўсёй Эўропе: і ў Асьвенціме, і ў Беларусі, шмат габрэеў было зьнішчана”.

(Юначка: ) “Галакост — гэта шавінізм. Да прыкладу, у адносінах да габрэяў”.

(Спадар: ) “Галакост — гэта нешта зьвязанае з анкалягічна хворымі. Чуў, што ў Беларусі ёсьць такая праблема, але больш нічога пра гэта ня ведаю”.

(Юначка: ) “Не, ня ведаю. Ніколі не сустракала”.

(Спадар: ) “Па-мойму, гэта мэтанакіраванае вынішчэньне габрэяў як нацыянальнасьці ў часе другой усясьветнай вайны. Тут нават у Менску ёсьць такія месцы, дзе адбываліся масавыя забойствы. І, па-мойму, там заўжды зьбіраюцца тыя, хто гэта помніць і тыя, хто пацярпеў. Вось і ўсё, што я ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце, што такое Галакост, ці чулі нешта пра гэта?”

(Спадар: ) “Так, нешта чуў. Па-мойму, гэта зьнішчэньне габрэяў падчас вайны”.

(Спадар: ) “Ведаю, канечне, паводле розных публікацыяў, што гэта было зьнішчэньне людзей. Ня толькі габрэяў, але і іншых нацыяў. І гэта доўжылася ўсю вайну, да 1945 году”.

(Спадарыня: ) “Чаму ж ня ведаю? Усе людзі павінны ведаць, асабліва нашае пакаленьне, бо нашыя бацькі — нехта на фронце быў, нехта ў канцлягер патрапіў. Я лічу, што гэта для ўсіх страшэнная трагедыя, і забывацца пра гэта проста недапушчальна. Я лічу, што павінна быць нададзена шмат увагі ўсім загінулым, а тым, хто выжыў — для іх трэба зрабіць усё, што можна. Гэтых жа людзей зусім мала засталося. Але ж гэта залежыць ад нашага ўраду, а не ад нас. Але ў нас проста забываюцца на гэта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG