Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ядзерны цугцванг Аляксандра Лукашэнкі


Юры Дракахруст, Прага Ужо каторы дзень у Беларусі і за яе межамі працягваецца абмеркаваньне сэнсацыйнага інтэрвію “Інтэрфаксу” пасла Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, у якім ён намякнуў на магчымасьць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі ў адказ на разьмяшчэньне ў Чэхіі і Польшчы элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы СПА.

Сказаць усё, не сказаўшы нічога

Ці сапраўды Масква зьбіраецца разгарнуць свае ракеты на тэрыторыі Беларусі, ці пагодзіцца на гэта Менск, якія могуць быць міжнародныя наступствы такога кроку – вэрсіям і гіпотэзам няма канца. Алею ў агонь падлілі таксама тлумачэньні і контартлумачэньні самога пасла і расейскага пасольства ў Менску, якія канчаткова заблыталі і бяз гэтага цьмяны сэнс інтэрвію спадара Сурыкава.

Каб ня быць яшчэ адным абвінавачаным у скажэньні словаў паважанага дыплямата, працытую цалкам пытаньне “Інтэрфаксу” і адказ пасла.

Інтэрфакс: “Ці будзе Расея разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі новыя вайсковыя аб’екты (у сувязі з разьмяшчэньнем амэрыканскай СПА ў Эўропе?)”

Сурыкаў: “Гэта залежыць ад узроўню нашай палітычнай інтэграцыі, а таксама ад пунктаў гледжаньня экспэртаў, дыпляматаў, вайскоўцаў: трэба, можна, калі, як. Я маю на ўвазе аб’екты, якія маюць дачыненьне да ядзернай зброі”.

Вы што-небудзь зразумелі? Вось і ніхто не зразумеў. Калі разумець сказанае літаральна, то дыплямат заўважыў толькі тое, што калі б Расея захацела разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю, гэта трэба было б усебакова абмеркаваць, у тым ліку і зь беларускім бокам. Гэта меркаваньне справядлівае, але абсалютна пустое, і ня дзіўна, што яго пачалі інтэрпрэтаваць і так і гэтак.

Між тым выглядае, што менавіта на гэта і быў разьлік, і адказ пасла быў знарок сфармуляваны скрайне няўцямна.

Калі б Расея сапраўды мела намер перасунуць свае ракеты ў Беларусь, то інтэрвію пасла было б беспрэцэдэнтным парушэньнем тэхналёгіі міждзяржаўных дачыненьняў. Такія сур''ёзныя праблемы, а ядзерная зброя – хіба ня самая сур''ёзная праблема ў сьвеце, спачатку вырашаюцца на самым высокім узроўні ў канфідэнцыйным парадку, і потым згода абвяшчаецца urbi et orbi гэтымі самымі найвышэйшымі асобамі. Агучваць да ўсялякай згоды такія намеры вуснамі другараднага чыноўніка – ставіць пад вялікі сумнеў іх рэалізацыю. Але ўсё ўстае на свае месцы, калі размова ідзе пра чыста інфармацыйную атаку, пра славуты піяр. Пры гэтым відавочнымі робяцца дзьве мэты гэтай атакі.

Першая мэта атакі

Першая – Эўропа. У Старым Сьвеце стаўленьне да амэрыканскай супрацьракетнай ініцыятывы вельмі неадназначнае, яно неадназначнае і ў Польшчы ды Чэхіі, дзе радар і супрацьракеты мяркуецца разьмясьціць.

Эўропу ўжо вельмі ўстрывожыла пагроза Ўладзімера Пуціна накіраваць расейскія ракеты на эўрапейскія сталіцы. Заява пасла Сурыкава – яшчэ адзін удар у тым жа накірунку.

Але псыхалягічная вайна мае свае законы. Лабавы ціск, грубыя пагрозы могуць выклікаць адваротную рэакцыю – няшмат людзей у Эўропе гатовыя вызнаваць прынцып паражэнцаў часоў “халоднай вайны”: “Лепш быць чырвоным, чым мёртвым”.

Менавіта каб прадухіліць гэтую адваротную рэакцыю, заява пасла была сфармуляваная гэтак няўцямна. А хто казаў пра разьмяшчэньне ядзернай зброі? Ды ніхто, гэта СМІ так інтэрпрэтавалі. Пасол нічога такога на ўвазе ня меў, нікому не пагражаў, проста прыгадаўся чамусьці яму гэты від узбраеньняў. Але ўсё ж прыгадаўся, так што думайце, шаноўныя эўрапейскія партнэры.

Другая мэта атакі

Другая мэта апэрацыі ў духу псыхалягічнай вайны – кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. У шахматах ёсьць такое паняцьце “цугцванг” – становішча, у якім любы ход пагаршае пазыцыю. Лепш бы прапусьціць ход, але ў шахматах гэта немагчыма. Як і ў палітыцы. Вось у такі палітычны цугцванг Масква і паспрабавала загнаць саюзьніка заявай свайго пасла.

Калі Лукашэнка скажа “так”, то яскрава прадэманструе сваю васальную залежнасьць, пакажа, што ўказаньні яму аддае ўжо нават ня Пуцін, а ягоныя чыноўнікі. Да таго ж, любая, нават тэарэтычная, магчымасьць якога б там ні было наладжваньня дачыненьняў з Захадам, з Эўропай проста зьнікне. Ядзерная зброя – справа куды больш сур''ёзная, чым парушэньні правоў чалавека і нават энэргетычныя праблемы. А ў Масквы пры гэтым застанецца свабода манэўру – яна ж нічога такога ня мела на ўвазе, і, як патлумачыў спадар пасол, нават не прапаноўвала. А згода Лукашэнкі, які сваімі рукамі зачыніў сабе ўсе альтэрнатыўныя варыянты зьнешняй палітыкі, застаецца карысным козырам.

Калі Лукашэнка адмаўляецца – гэта таксама карысны для Крамля вынік. Беларускі кіраўнік карыстаецца пэўным рэспэктам і сярод расейскага насельніцтва, і асабліва сярод расейскіх вайскоўцаў. Адмоўным адказам ён як раз і зьнішчыць значную частку гэтага рэспэкту. Як махаць рукамі і рабіць грозныя антыамэрыканскія заявы – дык быў сьмелым, а як прапанавалі сапраўды прыйсьці на дапамогу саюзьніку-брату – дык і ў кусты. Так ці прыкладна так будзе разважаць нямала расейцаў як у пагонах, так і бязь іх. Гэта не адпавядае інтарэсам Беларусі? А інтарэсам Расеі адпавядае газ для Беларусі па 100 даляраў за 1000 кубамэтраў?

Такім чынам рыхтуецца ідэалягічная і прапагандысцкая пляцоўка для чарговага газавага, нафтавага (далей паўсюль) наступу. Такога саюзьнічка чаго шкадаваць?

Лепш за ўсё было б неяк прапусьціць ход, прамаўчаць, каб гэта не было ні станоўчым, ні адмоўным адказам. Але правілы не дазваляюць. Цугцванг, як і было сказана.

ЗША камэнтуюць заяву пасла Расеі ў Беларусі, 29.08.2007 Ці магчымае, нават тэарэтычна, разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі?, 29.08.2007 Амбасадар Сурыкаў абвяргае самога сябе, 28.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG