Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст трапіў у шпіталь праз атручэньне турэмнай ежай на Акрэсьціна


Любоў Лунёва, Менск Цягам тыдня сьпіс палітвязьняў значна павялічыўся. У турме на вуліцы Акрэсьціна знаходзяцца каля двух дзесяткаў чалавек, якіх прэвэнтыўна затрымалі напярэдадні сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці. Паплечнікі Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Аляксандра Казуліна і Андрэя Клімава падтрымліваюць палітвязьняў лістамі. Але турэмныя адміністрацыі забіраюць зь лістоў раздрукоўкі з інтэрнэту.

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Сяржук Клюеў знаходзіцца ў інфэкцыйным шпіталі. Хлопца арыштавалі ў судзе Савецкага раёну на 10 сутак. Яго затрымалі за распаўсюд улётак з заклікам удзельнічаць у акцыі 27 ліпеня, але ў міліцыі абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.

У турме на вуліцы Акрэсьціна, пасьля таго як Сяржук зьеў катлету і кашу, яму стала кепска. Лекарка выклікала “хуткую”, і хлопца адвезьлі ў інфэкцыйны шпіталь. Там двое сутак зь ім былі канваіры.

“Мяне прыкавалі кайданкамі да койкі і сказалі спаць”

Сяржук апавёў, як гэта было:

“Я зьеў катлету, мне стала кепска. Лекарка выклікала хуткую дапамогу. Ёй на Акрэсьціна сказалі, што мне патрэбен канвой. Калі мяне прывёз канвой, мне надзелі кайданкі і завялі ў шпіталь. Прыкавалі кайданкамі да койкі і сказалі спаць. Калі я прасіўся ў прыбіральню, яны адчынялі гэтыя замкі, а потым зноў зачынялі”.

Мэдыкі робяць аналізы, і пасьля гэтага, магчыма, стане вядома, чым атруціўся ў турме Сяржук Клюеў.

Барыс Гарэцкі не аднойчы адбываў арышты. Ён прыгадаў, што так званыя “палітычныя” пазьбягалі турэмнай ежы. Яны харчаваліся зь перадачаў ад сваякоў і сяброў.

“Самы яскравы выпадак – Сяржук Клюеў. Цяпер, на жаль, перадачы забароненыя, таму яму прыйшлося есьці тое, што там давалі. У рэшце рэшт, хлопец ляжыць у інфэкцыйным шпіталі. Колькі б людзей не праходзіла праз Акрэсьціна, ніводны чалавек з тых, якія там са мной знаходзіліся, ніколі ня еў турэмную ежу. Звычайна ядуць тое, што ім перадаюць звонку, і ніколі ніякіх выпадкаў атручваньня не было.

У турме на вуліцы Акрэсьціна знаходзяцца каля двух дзесяткаў чалавек, якіх прэвэнтыўна затрымалі напярэдадні і ў дзень правядзеньня акцыі 27 ліпеня.

Бацькі З.Дашкевіча спадзяюцца на спатканьне з сынам напачатку жніўня

Маладафронтаўца Артура Фінькевіча, які адбывае пакараньне на “хіміі” у Магілёве за палітычныя графіці, больш за месяц на выходныя не адпускаюць са спэцінтэрнату. Яго штодня возяць на працу ў Шклоў на будаўніцтва папяровай фабрыкі. Увечары Артур таксама вымушаны знаходзіцца ў інтэрнаце. З агульнай колькасьці людзей, якія адбываюць пакараньне ў магілёўскай камэндатуры, Артур Фінькевіч адзіны, каму забаронены выхад у горад.

Бацькі сустаршыні “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча перадалі сыну харчовую перадачу. Яны спадзяюцца, што напачатку жніўня ім дазволяць доўгатэрміновае спатканьне з сынам. Гаворыць бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч:

“Перадачу завезьлі. Яго сябры самі арганізавалі гэтую перадачу і самі завезьлі, пабылі ў начальніка. Перадачу не дазвалялі, таму што яшчэ не наступіў тэрмін. Начальнік калёніі дазволіў – у кошт будучай перадачы”.

Казуліну не дазваляюць мець DVD-плэер і чытаць раздрукоўкі з інтэрнэту

Аляксандр Казулін, палітвязень, які адбывае самы доўгі тэрмін пакараньня – пяць з паловай гадоў зьняволеньня – скардзіцца ў сваіх лістах на недахоп інфармацыі. Адміністрацыя калёніі вымае з лістоў раздрукоўкі з інфармацыйных інтэрнэт-сайтаў. Перад гэтым сваякам адмовілі ў перадачы палітвязьню DVD-плэера.

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў дачцэ Казуліна Вользе патлумачылі, што ён для іх звычайны “зэк”. Але пры гэтым адмовіліся адказаць на пытаньне, чаму звычайным “зэкам” дазваляецца мець тэлевізары, прымачы і плэеры, а палітвязьням – не.

Вольга, дачка Аляксандра Казуліна, працытавала ліст ад свайго таты:

“Уся інфармацыя, якая раздрукаваная зь інтэрнэту, вымаецца. Яны афіцыйна складаюць акты аб тым, што, маўляў, ліст – калі ласка, а вось інтэрнэт-агляд забіраюць і не прапускаюць. Гэта абмежаваньне правоў, якія дае наша канстытуцыя”.

Тэрмін сьледзтва ў справе Клімава сканчаецца

Сваякі і паплечнікі Андрэя Клімава амаль месяц зь вялікім спазьненьнем атрымліваюць лісты ад палітвязьня са сьледчага ізалятара. Апошніх два тыдня зь ім наагул няма сувязі.

Хутка мусіць скончыцца тэрмін сьледзтва ў яго крымінальнай справе. Андрэя Клімава на падставе публікацыі артыкулу на інтэрнэт-сайце спачатку абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, але потым дадалі абвінавачаньне ў закліках да зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу.

З турмы на вуліцы Акрэсьціна ў панядзелак 30 ліпеня на суд прывязуць Франака Вячорку і Яраслава Грышчэню. Хлопцаў затрымалі 27 ліпеня на падыходах да плошчы Незалежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG